Раніцай 31 ліпеня рабочыя пачалі дэмантаж сцэны ў парку 30-годзьдзя ВЛКСМ, дзе на 2 жніўня заплянаваны мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, піша Intex-press.by.
У аддзеле культуры Баранавіцкага гарвыканкаму заявілі, што гэта справа прадпрыемства «Баранавічыпрамбуд», бо «парк адносіцца да яго». Зьвязацца з кіраўніком выканкаму Свабодзе не ўдалося: «ён выйшаў», сказалі ў прыёмнай, а калі вернецца, невядома.
Дырэктар «Баранавічыпрамбуд» Віктар Сычэўскі пацьвердзіў Свабодзе, што сцэну разьбіраюць супрацоўнікі прадпрыемства: «прычына — кепскі стан сцэны», бо «самае галоўнае — бясьпека людзей», адпаведна заўвагам да стану сцэны склалі адпаведныя дакумэнты. Паводле яго, сцэну не выкарыстоўвалі ўжо год, ды на фота мясцовых СМІ відаць, што сцэну выкарыстоўвалі ў тым ліку сёлета вясной, на Масьленіцу.
Новая стацыянарная сцэна ўжо падрыхтаваная да ўстаноўкі, але ставіць яе да 2 жніўня не плянуюць, сказаў Сычэўскі.
Іншых месцаў у горадзе для перадвыбарчых пікетаў не прапанавалі: парк 30-годзьдзя ВЛКСМ — адзінае пазначанае ў рашэньні гарвыканкаму ад 29 ліпеня.
Тым часам у Лідзе перад мітынгам Ціханоўскай сталі перакладваць плітку ў парку, ды, як пішуць у чаце «Ліда 97%», будаўнічыя работы ўжо завершылі, мітынгу нішто не перашкаджае.
У пачатку выбарчай кампаніі камунальнікі разабралі стацыянарную сцэну і ў Менску, у парку Дружбы народаў, дзе прайшлі ўжо два мітынгі Ціханоўскай. Штаб кандыдаткі возіць па мітынгах сваю разборную сцэну і экран.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.