Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая пачала сустрэчы з працоўнымі калектывамі.
Сёньня яна сустракаецца з калектывам птушкафабрыкі «Заходняя» ў Столінскім раёне. Яшчэ заплянавала два прадпрыемствы ў Пінску, якія пакуль у штабе не называюць. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода паведамілі ў штабе кандыдаткі.
На сустрэчу, якая праходзіла на тэрыторыі птушкафабрыкі, прыйшлі прыблізна 50 чалавек.
Давераная асоба Ганны Канапацкай Ігар Лялькоў сказаў Свабодзе, што сустрэча працягвалася гадзіны паўтары. Ганна Канапацкая прадставіла работнікам птушкафабрыкі тэзісы сваёй праграмы, найперш тыя, якія тычацца эканамічных зьменаў.
«Гэта прыватная птушкафабрыка, таму якраз тут можна бачыць, як можа разьвівацца прыватны бізнэс у Беларусі. У прадпрыемства ёсьць праблемы: няма роўнага доступу да гандлёвых сетак, існуе лабіраваньне інтарэсаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама ішла размова пра тыя рэформы, якія спадарыня Ганна прапануе ў сфэры сям’і, уздымалася пытаньне прыватнай уласнасьці на зямлю», — сказаў Ігар Лялькоў.
У штабе Канапацкай паведамілі, што разаслалі 52 заяўкі на сустрэчы з працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах. Аднак гэтыя сустрэчы не анансуюцца, на іх пакуль не запрашалі журналістаў, бо «дамоўленасьці вісяць на валаску».
«Некалькі прадпрыемстваў пагадзіліся арганізаваць нам сустрэчы. Яны пройдуць на тэрыторыі прадпрыемстваў, таму няма сэнсу заклікаць жыхароў прыходзіць туды. Піяр нам не патрэбен, анансаваць ня бачу сэнсу, — сказала прадстаўніца штабу Тацяна Палякова. — Бо, напрыклад, мы прыехалі на птушкафабрыку ў Столінскім раёне, і дырэктар нам кажа, што было негалоснае распараджэньне трымацца далей ад кандыдатаў, ад іх перадвыбарчых кампаній, і сустрэчы не арганізоўваць. У нас ёсьць яшчэ некалькі прадпрыемстваў на наступным тыдні. Калі мы праанансуем, я не ўпэўнена, што іх не адменяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганна выходзіць у другі тур, штаб Ціханоўскай дамагаецца яе зьняцьця з выбараў», — давераная асоба КанапацкайПаводле Тацяны Паляковай, для Ганны Канапацкай задача нумар адзін — сустрэчы з выбарнікамі. І яна плянуе да выбараў трапіць на ўсе прадпрыемствы, куды яе пусьцяць, нават калі гэтыя прадпрыемствы невялікія.
«У нас агітацыйная кампанія крыху „офісная“, з народам зносін няма, і гэта наша адзіная магчымасьць, якую мы хочам выкарыстаць. Калі ўдасца наведаць 7-8 прадпрыемстваў да выбараў, гэта будзе цудоўна, — сказала Тацяна Палякова. — Пікеты праводзіць няма сэнсу, мы гэта зразумелі пасьля ўчорашняй сустрэчы ў ЦВК, дзе нам заявілі, што ня могуць гарантаваць бясьпекі. Заклікаць людзей прыходзіць, як іншыя кандыдаты, мы ня можам. У Ганны Канапацкай няма аховы, яна вольна, адна перамяшчаецца па горадзе».
Пазьней 31 ліпеня Ганна Канапацкая паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра тое, што яна сустрэлася таксама зь кіраўніцтвам «Пінскгазу».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.