Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ выступіла з заявай у сувязі з затрыманьнем 29 ліпеня ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў з ПВК «Вагнэр» і паведамленьнямі ўладаў, што праз адкрытую мяжу з Расеяй у краіну праніклі яшчэ 200 баевікоў.
«У сувязі з гэтым адзначаем, што Расея засьведчыла сябе як непрыяцельская дзяржава ў дачыненьні да Беларусі. Пранікненьне расейскіх баевікоў на тэрыторыю нашай краіны ёсьць грубым парушэньнем сувэрэнітэту Беларусі і вымагае неадкладнага рэагаваньня. Вынікам такіх варожых дзеяньняў з боку расейскай вайсковай групоўкі мусіць стаць тэрміновае закрыцьцё мяжы Беларусі з Расеяй з увядзеньнем шчыльнага памежнага і пашпартнага кантролю», — гаворыцца ў заяве.
Таксама КХП-БНФ адзначае, што Беларусь мусіла б выйсьці з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, «бо Расея як сябра гэтай арганізацыі груба парушае бясьпеку і сувэрэнітэт Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»Заяву падпісалі старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Юры Беленькі і намесьнікі старшыні Сяргей Папкоў і Ўладзімер Раманцоў.
29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне «33 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Згодна з паведамленьнем, яны прыбылі ў Беларусь у ноч з 24 на 25 ліпеня «для дэстабілізацыі сытуацыі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў усё гэта «надзвычайным здарэньнем», сабраў Савет бясьпекі, абвінаваціў Расею ў «брудных намерах».
Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў 30 ліпеня паведаміў, што цяпер на тэрыторыі краіны працягваецца пошук яшчэ каля 200 баевікоў.