Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 год

Націсьніце, каб паглядзець усю фотагалерэю

У сталічным парку Дружбы народаў увечары 30 ліпеня прайшоў мітынг у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Ён стаў самай масавай палітычнай падзеяй у Беларусі за 10 год, з пасьлявыбарчых пратэстаў у сьнежні 2010 года.

Сьцісла

  • Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай сабраў рэкордную колькасьць людзей – 63 тысячы чалавек, паводле падлікаў праваабаронцаў
  • Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася са сцэны да прадстаўнікоў сілавых органаў
  • Найбольш эмацыйны выступ на мітынгу быў у Веранікі Цапкалы, якая прыгадала, як затрымлівалі і трымалі ў кайданках яе хворую на рак маці. Вераніка Цапкала не змагла стрымаць сьлёз
  • На мітынгу таксама выступілі сваякі людзей, якіх у Беларусі прызналі палітвязьнямі
  • Музычную частку прадстаўлялі гурты Loudscage і PyLai, :B:N: і Litesound, Лера Яскевіч, Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas.
  • Мітынг-канцэрт доўжыўся больш за тры гадзіны, пра затрыманьні і правакацыі не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыўся шматтысячны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА

Мітынг-канцэрт распачаўся а 18 гадзіне.

Напярэдадні ўлады паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі «баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“ з Расеі». З гэтай прычыны мітынг праходзіў з павышанымі мерамі бясьпекі: на падыходах паставілі пункты пропуску, а прысутных абшуквала міліцыя.

Нягледзячы на папярэджаньні ўладаў пра магчымыя правакацыі, мітынг сабраў прынамсі 63 тысячы чалавек. Прынамсі столькі, па падліках валянтэрскай службы праваабарончага цэнтра «Вясна» прайшлі праз рамкі мэталашукальнікаў з 17.30 да 20.30.

Нягледзячы на хуткую працу міліцыі на пунктах надгляду, выстройваліся чэргі зь некалькіх соцень чалавек. На падыходах да месца мітынгу ўтвараліся заторы, быў запаволены рух транспарту (наведнікі паведамлялі пра спыненьне тралейбуснага руху), таму людзі мусілі дабірацца пешшу.

На месцы мітынгу адчуваліся праблемы з мабільнай сувязьзю.

На мітынгу, апроч Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы, выступілі сцэнарыст Андрэй Курэйчык, дзяўчына зьняволенага Эдуарда Бабарыкі Аляксандра Зьверава, жонка зьняволенага Паўла Севярынца Вольга, жонка зьняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Вераніка Цапкала (зьлева), Сьвятлана Ціханоўская (у цэнтры) і Марыя Калесьнікава

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да сілавікоў:

«Што вы робіце, на вуліцу ж выходзяць вашы дзеці, маці, сёстры. Ня трэба іх біць. Людзі проста выйшлі выказаць сваю думку. Паглядзіце нам у вочы. Мы гэткія самыя, як вы. Бабуля, якая прадае ў пераходзе кроп, не злачынца. Людзі, якія хочуць годнага жыцьця, не злачынцы. Беларусы, якія падтрымліваюць альтэрнатыўнага кандыдата — не злачынцы. Гэта наш народ. Народ, які хоча мірнага зьмяненьня ўлады. Калі ласка, не ідзіце супраць свайго сумленьня, не ідзіце супраць свайго народу», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 год

Вераніка Цапкала са сьлязьмі на вачах расказала, як супраць яе маці сфальсыфікавалі справу і ўзялі пад варту яе проста ў шпіталі, дзе яна лячылася ад раку 3-й ступені.

Калі Вераніка Цапкала трапіла да маці ў шпіталь, то пабачыла, што маці ляжыць на падлозе, прыкутая да батарэі той рукой, на якой ёй рабілі хіміятэрапію. «20 гадоў я бачу перад сабой гэтую карціну, як мая маці ляжыць на падлозе, прыкутая да батарэі хворай рукой».

Завяршыў канцэрт-мітынг выступ Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas, якія прасьпявалі песьню «Муры», якая ўжо стала сымбалем выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай.

На момант публікацыі зьвестак пра затрыманьні няма.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.