У размове са Свабодай Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала ранішнюю сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Андрэем Раўковым, які паведаміў пра падвышаныя захады бясьпекі на выбарчых мерапрыемствах у сувязі з затрыманьнем меркаваных расейскіх баевікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыўся шматтысячны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА«Дзякуй супрацоўнікам МУС, якія будуць ахоўваць гасьцей на нашых пікетах. У нас узмацнілася арганізацыя. Думаю, усё будзе лепей і мы будзем адчуваць сябе больш абароненымі», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдатаў у прэзыдэнты выклікалі ў ЦВК. Раўкоў папярэдзіў пра «магчымыя правакацыі на масавых мерапрыемствах». ЗАЯВЫ, ВІДЭА- 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з ПВК «Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
- 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
«Я запрасіла яго амаль што як на белы танец»
За гадзіну да пачатку мітынгу-канцэрту пачаліся тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Замест Аляксандра Лукашэнкі на іх выступіў Алег Гайдукевіч — давераная асоба Лукашэнкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кандыдатка Ганна Канапацкая адмовілася ад дэбатаў, спаслаўшыся на «слабасьць» іншых кандыдатаў.
У адказ на пытаньне Свабоды, ці верыць яна, што Лукашэнка пагодзіцца на ейнае запрашэньне правесьці зь ёю дэбаты, Ціханоўская адказала: «Гэта ж яго права вырашаць, пагаджацца ці не. Я запрасіла яго амаль што як на белы танец».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.