Пасол РФ у Менску Дзьмітры Мезенцаў пракамэнтаваў сытуацыю з затрыманымі ў Беларусі расейскімі грамадзянамі, паведамляе агенцтва ТАСС.
Паводле Мезенцава, затрыманыя ў Беларусі расейцы накіроўваліся ў трэцюю краіну і не плянавалі заставацца ў Беларусі даўжэйшы час. Ён назваў беспадстаўнымі цьверджаньні аб спробе ўмяшаньня затрыманых ва ўнутраныя справы Беларусі.
Мезенцаў дадаў, што затрыманыя расейцы меркавана могуць быць супрацоўнікамі прыватнага ахоўнага прадпрыемства і ў іх была заключаная працоўная дамова з зарэгістраванай у Беларусі кампаніяй.
«Расейцы, якія прыбылі ў санаторый «Беларусачка» пад Менскам, былі вымушаныя гэта зрабіць у сувязі з тым, што спазьніліся на рэйс з Нацыянальнага аэрапорту сталіцы рэспублікі, накіроўваючыся транзытам у трэцюю краіну», — сказаў дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія затрыманыя ў Беларусі найміты. Расьсьледаваньне «Новой газеты»Расея чакае ад кампэтэнтных органаў Беларусі доказаў па абвінавачаньнях, выстаўленых затрыманым расейскім грамадзянам, заявіў Мезенцаў. Ён заклікаў СМІ не пашыраць неправераную інфармацыю, якая наносіць шкоду саюзьніцкім дачыненьням Расеі і Беларусі.
Пасол запатрабаваў доступу консулаў да затрыманых расейцаў і накіраваў ноту ў МЗС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы спатрэбіліся для абмежаваньня агітацыйнай кампаніі, — КарбалевічУ ноч на 29 ліпеня, як сьцьвярджаюць беларускія дзяржаўныя СМІ, супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на Гомельшчыне. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.
Паводле інфармацыі ўкраінскага цэнтру «Миротворець», траціна зь іх — ураджэнцы Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія, апроч расейскіх, маюць і ўкраінскія пашпарты. Прозьвішчы 24 затрыманых былі раней уключаныя ў базу вайсковых злачынцаў, яшчэ 9 дадалі туды пасьля іхнага затрыманьня ў Беларусі.