У Менску адбыўся шматтысячны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА

У сталічным парку Дружбы народаў увечары 30 ліпеня прайшоў мітынг у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Ён стаў самай масавай палітычнай падзеяй у Беларусі за 10 гадоў — з пасьлявыбарчых пратэстаў у сьнежні 2010-га. З 17:30 да 20:30, паводле падлікаў назіральнікаў «Вясны», на мітынг прыйшлі ня менш за 63 000 чалавек!

  • Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай сабраў рэкордную колькасьць людзей – 63 тысячы чалавек, паводле падлікаў праваабаронцаў
  • Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася са сцэны да прадстаўнікоў сілавых органаў
  • Найбольш эмацыйны выступ на мітынгу быў у Веранікі Цапкалы, якая прыгадала, як затрымлівалі і трымалі ў кайданках яе хворую на рак маці. Вераніка Цапкала не змагла стрымаць сьлёз
  • На мітынгу таксама выступілі сваякі людзей, якіх у Беларусі прызналі палітвязьнямі
  • Музычную частку прадстаўлялі гурты Loudscage і PyLai, :B:N: і Litesound, Лера Яскевіч, Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas.
  • Мітынг-канцэрт доўжыўся больш за тры гадзіны, пра затрыманьні і правакацыі не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 год

Свабода вяла жывы рэпартаж з акцыі

Ціханоўская сабрала дзясяткі тысяч чалавек у Менску. ШМАТ ФОТА


21:50 Мітынг скончыўся, усе разыходзяцца. На заканчэньне мітынгу людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах і прасьпявалі «Разбуры турмы муры».

21:15 Як паведамляе карэспандэнт Свабоды зь месца падзей, стала блага хлопцу, які стаяў перад сцэнай. Гэта яму клікалі хуткую. Яго вынесьлі за сцэну да машыны хуткай дапамогі валянтэры. Пасьля дапамогі мэдыкаў хлопцу стала лепш.

20:50 Вераніка Цапкала са сьлязьмі на вачах расказала гісторыю, што супраць яе маці сфальсыфікавалі справу і ўзялі пад варту яе проста ў шпіталі, дзе яна лячылася ад раку 3-й ступені. Калі Вераніка Цапкала трапіла да маці ў шпіталь, то пабачыла, што маці ляжыць на падлозе, прыкутая да батарэі той рукой, на якой ёй рабілі хіміятэрапію. «20 гадоў я бачу перад сабой гэтую карціну, як мая маці ляжыць на падлозе, прыкутая да батарэі хворай рукой».

Вераніка Цапкала сказала, што ўлады пачалі зьбіраць у школе інфармацыю пра дзяцей і пра яе як маці. Самае балючае, сказала яна, што больш за ўсё інфармацыі сталі зьбіраць пра дзіця, якое моцна прывязанае да яе эмацыйна. Таму яна вымушана была вывезьці дзяцей зь Беларусі.

«Шаноўны прэзыдэнт, мы далі вам 26 гадоў, каб наш народ стаў жыць лепей, але вы гэтаму не далі рады. А цяпер мы хочам перамен», — сказала Вераніка Цапкала.

20:35 Так выглядае парк Дружбы народаў з вышыні.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», да 20:30 праз кантрольныя пункты прайшлі 34 тысячы чалавек.


20:30 Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, паабяцала правесьці рэфэрэндум па вяртаньні Канстытуцыі 1994 году, калі стане прэзыдэнтам.

На кожнай акцыі яна пасьлядоўна абяцае правесьці прэзыдэнцкія выбары цягам паўгода і выпусьціць палітычных і эканамічных вязьняў.

20:10 Выступае Сьвятлана Ціханоўская.

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 30 ліпеня выступіла на мітынгу-канцэрце ў сваю падтрымку ў менскім парку Дружбы народаў.

Сілавікам: «Паглядзіце нам у вочы: мы такія ж, як вы»

«Мяне зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Але ў той вечар, замест таго каб падзякаваць людзям за давер, мне давялося рабіць відэазварот да сілавых структур, бо ў той дзень не зарэгістравалі двух моцных кандыдатаў: Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Беларусы выйшлі на вуліцу выказаць сваю нязгоду з рашэньнем ЦВК. І мірных людзей білі, мірных людзей забіралі ў аўтазакі, мірных людзей звозілі ў невядомым кірунку. Я глядзела на міліцыю і АМАП і думала: што вы робіце?!» — сказала Ціханоўская.

Гэтыя словы кандыдаткі людзі сустрэлі воклічамі «Ганьба».

«На вуліцы выходзяць вашы маці, дзеці, браты, сёстры — нельга іх біць. Людзі ідуць зь мірам. Яны проста хочуць выказаць сваю думку», — сказала кандыдатка.

Пасьля яна зьвярнулася да вайскоўцаў і міліцыі: «Паглядзіце нам у вочы: мы такія ж, як вы».

«Бабуля, якая прадае ў пераходзе кроп, не злачынца. Людзі, якія хочуць годнага жыцьця, не злачынцы. Беларусы, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, не злачынцы. Гэта наш народ! Народ, які хоча мірнага зьмяненьня ўлады. Калі ласка, не ідзіце супраць свайго сумленьня, не ідзіце супраць свайго народу», — сказала Ціханоўская са сцэны.

Пра расейскіх баевікоў: «Яны гэтую групоўку прывязалі да Ціханоўскага»

«Мой муж Сяргей Ціханоўскі — не злачынца», — пачала Сьвятлана Ціханоўская гісторыю пра тое, як ейнаму мужу Сяргею перакваліфікавалі артыкул на падрыхтоўку і ўдзел у масавых беспарадках і прывязалі да ягонай справы затрыманых 29 ліпеня расейскіх баевікоў.

Яна сказала, што калі пачула гэтую гісторыю пра баевікоў, у яе камандзе пачалі думаць, да каго прывяжуць гэтых баевікоў. Адна з вэрсіяў была, што ў краіне абвесьцяць надзвычайнае становішча і забароняць праводзіць пікеты, каб яна не магла сустракацца з выбарнікамі. Другая вэрсія — што правядуць нейкую правакацыю на адным зь пікетаў, і гэтую правакацыю прыпішуць Сьвятлане Ціханоўскай і аб’яднанаму штабу, і гэта стане падставай, каб пазбавіць яе статусу кандыдата.

«Але бяда прыйшла, адкуль не чакалі, хоць гэта і было чакана. Яны гэтую групоўку прывязалі да Ціханоўскага», — сказала кандыдатка.

Пасьля гэтых словаў Ціханоўскай людзі пачалі сьвісьцець і крычаць «Ганьба».

Сьвятлана Ціханоўская сказала, што сёньня раніцай высокапастаўленыя чыноўнікі, гледзячы ёй у вочы, сказалі, што самая галоўная каштоўнасьць — гэта чалавек, яго жыцьцё і лёс, і яна «на сэкунду ў гэта паверыла». Але ў абед даведалася, што на Сяргея Ціханоўскага завялі новую справу за падрыхтоўку і актыўны ўдзел у масавых беспарадках і прывязалі да справы баевікоў «ПВК Вагнэра».

«Вы казалі, што лёс чалавека для вас важны, а праз пару гадзін вы ламаеце лёс чалавека, не аднаго — лёс усіх палітвязьняў, іх семʼяў, лёс усіх беларусаў», — сказала Ціханоўская.

Яна заявіла, што «толькі ў страшным сьне можа ўявіць, куды яны могуць яшчэ прывязаць гэтых баевікоў». Наконт інфармацыі ў СМІ пра тое, што расейскія баевікі бывалі ў Беларусі раней і выкарыстоўвалі яе як «перавалачны пункт», Ціханоўская сказала, што ў яе ёсьць пытаньне да спэцслужбаў: куды яны глядзелі раней і чаму паднялі гэтую тэму проста перад выбарамі.

«Божа мой, якая рэвалюцыя?»

«Яны кажуць пра нейкую рэвалюцыю. Божа мой, якая рэвалюцыя? Мы хочам сумленных выбараў. Пры чым тут рэвалюцыя? Навошта вы правакуеце свой народ? Нам баевікі абсалютна не патрэбныя. Мы мірныя людзі і хочам мірных перамен у нашай краіне», — сказала Ціханоўская.

Яна зноў падкрэсьліла, што апынулася ў палітыцы ня дзеля ўлады, а дзеля справядлівасьці, і аб’ядналася з камандамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы дзеля агульнай мэты — будаваць новую Беларусь.

«Я хачу, каб мае дзеці расьлі ў свабоднай і шчасьлівай краіне, а не баяліся за сваіх бацькоў, якія патрабуюць павагі і праўды. Хіба я шмат хачу?» — сказала кандыдатка.

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Ціханоўская выклікала Лукашэнку на дэбаты перад народам

Ціханоўская заклікала ўсіх галасаваць за яе і толькі ў асноўны дзень выбараў. Яна зноў паабяцала, што калі пераможа на выбарах, найперш зробіць 3 рэчы. Вось пункты гэтай праграмы:

  • вызваліць палітвязьняў і эканамічных зьняволеных,
  • правесьці рэфэрэндум і вярнуць Канстытуцыю 1994 году, дзе ёсьць абмежаваньне паўнамоцтваў і тэрмінаў кіраваньня прэзыдэнта,
  • на працягу паўгода правесьці новыя сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ідуць зь мірам. Нельга іх біць!». Ціханоўская зьвярнулася да сілавікоў і ўладаў на мітынгу ў Менску

19:45 У той час, як у Менску праходзіць мітынг-канцэрт у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у Салігорску яе давераныя асобы таксама сабралі мітынг у яе падтрымку.
На мітынг прыйшлі сотні людзей. Грае музыка, некаторыя людзі трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сьцягі, нехта прыйшоў зь дзяржаўным сьцягам. Выступоўцы заклікаюць кожнага рабіць нешта «для нашай агульнай перамогі». Людзі скандуюць: «Хопіць!», «Перамен!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Салігорску сабраўся шматлюдны мітынг у падтрымку Ціханоўскай. Відэа

19:30 Выступае жонка Паўла Севярынца Вольга.

«Мой муж і ўсе, хто прайшоў турмы і зьняволеньне, — героі. Бог бачыць усе нашы перажываньні, клопаты, змаганьне. Напішыце лісты палітвязьням. Ім вельмі патрэбная падтрымка».

«Мы не павінны баяцца. Быць сьмелым — гэта азначае пераадолець страх», — сказала Вольга Севярынец.

Таксама выступілі жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і юрыст Бабарыкі Максім Знак.

19:25 Людзі стаяць таксама за агароджай, але не праходзяць цераз прапускныя пункты. З боку вуліцы Карастаянавай выстраіліся чэргі даўжынёй каля 100 мэтраў.

19:20 Сьвятлана Ціханоўская на пытаньне Свабоды, ці верыць яна, што Лукашэнка пагодзіцца на ейнае запрашэньне правесьці зь ёю дэбаты, адказала: «Гэта ж яго права вырашаць, пагаджацца ці не. Я запрасіла яго амаль што як на белы танец».

У размове са Свабодай Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала ранішнюю сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Андрэем Раўковым, які паведаміў пра падвышаныя захады бясьпекі на выбарчых мерапрыемствах у сувязі з затрыманьнем меркаваных расейскіх баевікоў.

«Дзякуй супрацоўнікам МУС, якія будуць ахоўваць гасьцей на нашых пікетах. У нас узмацнілася арганізацыя. Думаю, усё будзе лепей і мы будзем адчуваць сябе больш абароненымі», — сказала Ціханоўская.

19:18 «Я вельмі хвалююся, як і перад кожным выступам, — расказала Сьвятлана Ціханоўская ў стрыме па дарозе на мітынг. — Я разумею, што там вельмі шмат людзей. Хвалююся, каб нічога кепскага ня здарылася сёньня ў сувязі з гэтымі затрыманьнямі, баевікамі». Яна паведаміла, што заўтра яны аднаўляюць паездкі па Беларусі, у пляне яшчэ 9 гарадоў.

19:17 Паводле праваабаронцаў #controlby, якія займаюцца падлікам колькасьці прысутных на акцыях пратэсту, на 19:00 на мітынгу прысутнічала ня менш за 25 тысяч чалавек.


19:10 Наступнай са сцэны выступіла дзяўчына Эдуарда Бабарыкі Аляксандра Зьверава. Прысутныя цёпла яе сустрэлі.

«Нас усіх аб’ядноўвае адно пачуцьце — любоў. Я правяла разам з Эдуардам 7 гадоў. Ён ніколі ня быў ідэальным, але заўсёды марыў зрабіць лепш. Віктар Дзьмітрыевіч заўсёды хацеў для беларусаў чагосьці большага. Ён заснаваў дабрачынны фонд „Шанец“. Ён вярнуў на радзіму карціны беларускіх мастакоў, падтрымаў фэстываль „Тэарт“», — сказала Аляксандра Зьверава.

Людзі актыўна разьбіраюць белыя стужкі і ўлёткі, якія раздаюць на мітынгу. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў прадстаўнік ініцыятывы «Честные люди» Юрась. Толькі ў яго аднаго разабралі больш за 300 стужак і ўлётак.

19:05 Выступае бацька палітвязьня Зьмітра Фурманава з Горадні Аляксандар, былы вайсковец. Ён расказаў, як затрымалі яго сына, сям'я трымае галадоўку. Людзі сустрэлі яго гучнымі воплескамі, скандавалі «Ганьба!», калі ён расказваў пра затрыманьне сына.

Ён сказаў, што напісаў ліст Лукашэнку — адказу няма. Паводле яго, сьледчыя ў справе сына мяняюцца, адвакат ня можа азнаёміцца са справай. Маці і дзяўчына Зьмітра галадаюць пятыя суткі — ніякай рэакцыі з боку ўладаў. Затое іх падтрымліваюць простыя людзі, сказаў Аляксандар Фурманаў.

19:00 На мітынгу шмат бел-чырвона-белых сьцягоў і некалькі дзяржаўных чырвона-зялёных.

Паводле падлікаў журналістаў Свабоды, якія знаходзяцца на месцы падзей, у парку Дружбы народаў ужо больш за 10 тысяч чалавек. У раёне вуліцы Багдановіча на прапускных пунктах утварыліся чэргі ў 100–200 чалавек. Пры гэтым міліцыянты на пунктах пропуску правяраюць хутка. Паводле карэспандэнта Свабоды, міліцыя паводзіць сябе ветліва і не перашкаджае прысутным. Уся бэтонная пляцоўка ў парку запоўненая людзьмі, людзі ўжо стаяць і на зялёнай зоне.

18:50 Як паведамляюць нашы наведнікі, тралейбусны рух у раёне плошчы Бангалор спынены. Шмат людзей ідуць у кірунку парку Дружбы народаў пешкі. ​

18:45 Вельмі эмацыйна са сцэны выступіў драматург Андрэй Курэйчык. Яго сустрэлі цёпла, гучнымі воплескамі. Ён сказаў, што калі думае пра Ціханоўскага, узгадвае казку Шварца «Забіць дракона».

«Калі я думаю пра Сяргея, я ўзгадваю казку Шварца «Забіць дракона», Сяргей — наш Лансэлот. І другі рыцар — Сьвятлана Ціханоўская, якая кінула выклік дракону. Але кожны павінен забіць у сабе дракона, забіць страх», — сказаў Курэйчык.

Таксама Курэйчык сказаў, што калі яму было 14 гадоў, Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Цяпер яму сорак. Яго сыну 14 будзе праз год, і ён верыць, што калі ягонаму сыну споўніцца 14 гадоў, краіна будзе зь іншым прэзыдэнтам.

Курэйчык расказаў, што калі пісаў сцэнар да фільму «Ёлкі», прыдумаў «тэорыю шасьці поціскаў рукі»: і калі цяпер кожны зь беларусаў скажа шасьці сваім знаёмым далучыцца да плятформы «Голас», прагаласаваць за Сьвятлану Ціханоўскую — разам беларусы змогуць перамагчы.

18:43 Журналіст «Настоящего времени» паведамляе, што шматлюдныя патокі ідуць па прылеглых вуліцах на плошчу Бангалор, хоць мітынг ужо распачаўся.

18:40 Паводле ацэнак прысутных, людзей на мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай болей, чым на папярэднім. 19 ліпеня, паводле розных ацэнак, у парку Дружбы народаў было болей за 7 тысяч чалавек.

18:30 Людзі працягваюць зьбірацца. Паведамляюць пра заторы і перабоі з грамадзкім транспартам на вуліцах, прылеглых да парку Дружбы народаў.

18:00 Па прылеглых вуліцах да месца збору людзі ідуць вялікімі групамі, у тым ліку са сьцягамі. Рамак на ўваходзе няма, але ўсіх на ўваходзе надглядаюць, правяраюць торбы.​

17:55 У парку Дружбы народаў перабоі з сувязьзю. Людзі працягваюць зьбірацца. Міліцыя абгарадзіла парк па пэрымэтры. Прайсьці можна толькі праз кантрольна-прапускныя пункты з надглядам і відэафіксацыяй.

Расклад

  • 18.00 — пачатак.
  • 18:30 — гурт Loudscage.
  • 18:40 — гурт PyLai.
  • 19:00 — выступы Вольгі Севярынец, Аляксандры Зьверавай і сваякоў затрыманых.
  • 19:10 — сьпявачка Лера Яскевіч.
  • 19:30 — сьпявак і юрыст штабу Бабарыкі Максім Знак.
  • 19:50 — гурт :B:N:
  • 20:10 — выступы Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай.
  • 21:00 — выступ ініцыятывы «Честные люди».
  • 21:10 — сьпевакі Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas з удзелам Ціханоўскай, Цапкалы і Калесьнікавай.
  • 21:20 — гурт Lites​ound.

Нядаўнія падзеі

  • Сьвятлана Ціханоўская пайшла кандыдаткай у прэзыдэнты замест мужа, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни», якому адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пакуль ён быў за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазьней Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, распачалі супраць яго крымінальныя справы. За апошнія два месяцы затрымалі два дзясяткі паплечнікаў Ціханоўскай, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей — таму іх вывезьлі ў Эўразьвяз разам з бабуляй.
  • Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалу адмовіліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бабарыка цяпер за кратамі, супраць яго распачалі крымінальныя справы. Цапкала зьехаў у Расею разам зь дзецьмі. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналі сілы са штабам Ціханоўскай.
  • Вераніку Цапкалу 30 ліпеня выклікалі на допыт у справе мужа, але адклалі допыт на наступны дзень. Яе сястру выкралі «людзі ў цывільным» — пазьней выявілася, каб уручыць позву: хочуць узяць у яе паказаньні «ў справе Цапкалы».
  • Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў на 27 ліпеня, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш як 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.
  • 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з «ПВК Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
  • 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
  • За гадзіну да пачатку мітынгу-канцэрту пачаліся тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Замест Аляксандра Лукашэнкі на іх выступіў Алег Гайдукевіч — давераная асоба Лукашэнкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кандыдатка Ганна Канапацкая адмовілася ад дэбатаў, спаслаўшыся на «слабасьць» іншых кандыдатаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.