«Што ты, баба, зробіш?» Што думаюць пра выбары ў вёсках пад Горадняй

На полі пад Горадняй падчас уборкі ўраджаю

Што вяскоўцы думаюць пра выбары, каго з кандыдатаў падтрымліваюць і чаму пытаньне адзінага кандыдата там даўно вырашанае — у гэтым рэпартажы зь вёсак Горадзенскага раёну.

«Галасаваць будзем за добрае жыцьцё»

Мы праехалі каля 20 вёсак, каб адчуць перадвыбарныя настроі па-за горадам. Калі нехта тут і мае 97%, то толькі адзін кандыдат. Тэхналёгіі, якія тут працуюць, — тэлевізар і гутаркі паміж суседзямі, якія выносяць сьмецьце. Апазыцыя — тыя, хто за байкот, хоць гэтага слова тут не гучыць, кажуць проста: «Няма за каго галасаваць». Галоўны перадвыбарчы лёзунг тут паўтараецца дзесяцігодзьдзямі, — «абы не было вайны». Пра незадаволеных кажуць — самі вінаватыя.

Кандыдат тут для многіх ня толькі адзіны годны, а проста адзіны. Бо пра іншых ня чулі.

Многія адмаўляюцца гутарыць з рознымі тлумачэньнямі: хто сьпяшаецца; хто ня цяміць у палітыцы, але ўсё роўна пойдзе на ўчастак; хто не тутэйшы. Адзін вясковец сказаў, што «выбары — забароненая тэма».

Уборка ўраджаю ў Горадзенскім раёне

На палях за Горадняй гарачая пара. Камбайнэры ня надта сьпяшаюцца адкрывацца, побач начальства. Папярэджваюць, што фота выйдзе ня вельмі — рамантуюць тэхніку. Кажуць, што на выбары трэба ісьці, а галасаваць будуць «за добрае жыцьцё».

— Ці добрае цяпер жыцьцё?
— Жывём.

Расказваюць, што за лета камбайнэры могуць зарабіць тысячу даляраў і больш: «Хто хоча, той заробіць».

— Ці можа быць яшчэ лепей?
— Усё і так добра.

Камбайнэры рамантуюць тэхніку падчас гарачай пары

На полі доўга пагаварыць не ўдаецца. Жанчына ў сукенцы, панамцы і хустцы паверх яе пагрозьліва пытаецца, чаму на полі чужыя без дазволу. Прадстаўляецца інжынэрам аховы працы і выправаджвае з поля. Па дарозе пасьпявае расказаць, што на полі нельга курыць, хоць ніхто ня курыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо няма такога, каб уся вёска за „бацьку“». Што кажуць камбайнэры пра жніво і выбары

«Хіба адзін кандыдат, і больш няма ў нас, — Лукашэнка»

Адразу за горадам пачынаецца вёска Грыўкі. На прызьбе сядзіць Ірына. Ёй бяз году 80. Бядуе, што агарод «згарэў», пакуль яна была ў горадзе і не палівала грады. Фатаграфавацца адмаўляецца, бо кепска выглядае пасьля працы.

Пытаньне адзінага кандыдату на гэтым падворку даўно вырашанае. Зрэшты, іншых Ірына ня ведае. Была ўпэўненая, што іншых і няма. На выбарчыя мітынгі ў Горадню саромеецца хадзіць, бо «сьпіна скручаная».

«Хіба адзін кандыдат, і больш няма ў нас, — Лукашэнка. Больш я ня бачыла нікога, не ўяўляю», — кажа вяскоўка.

Ірына

Тлумачыць тым, што ўлетку мала глядзіць тэлевізар. А калі і глядзіць, то ня бачыць там альтэрнатывы. На выбары, лічыць, трэба ісьці, але за каго галасаваць, ня ведае.

«Мяне ўсё задавальняе. А моладзь, можа, і ня ўсё задавальняе. Працы няма, я бачу, у Горадні бадзяюцца... Цяпер ніхто нікому не патрэбен. Моладзі вельмі цяжка», — кажа жанчына.

Яна сама ня памятае лепшых часоў, хіба што ў дзяцінстве. Але адзначае, што цяпер розьніца паміж беднымі і багатымі адчуваецца больш.

Жанчына перанакіроўвае ў сярэдзіну вёскі, дзе жыве «калгасьніца», якая мае лепей расказаць пра выбары.

«Бабы ідуць у прэзыдэнты. Што ты, баба, зробіш?»

У другой вёсцы, бліжэйшай да найлепшага калгасу вобласьці імя В.І. Крамко, жанчына абірае бульбу на падворку. Побач забаўляюцца гарадзкія ўнукі. Пэнсіянэрку завуць Лілія. На ейную думку, трэба ісьці на выбары, але няма, за каго галасаваць. Яна, у адрозьненьні ад першай суразмоўцы, кандыдатаў бачыла, але ніхто яе ня ўразіў.

«А што Лукашэнка?.. Прыйдзе іншы — яшчэ горш будзе... Яшчэ за Бабарыку можна было, не дурны чалавек, як я пачытала. За Лукашэнку — нават у Горадню не паеду, бо нічога добрага ў нас няма», — эмацыйна кажа Лілія.

Лілія

Яна ўспамінае, што раней і сьвіней дазвалялі гадаваць, і каўбасу яна ела па тры дваццаць, і марозіва для ўнукаў набывала па 20 капеек.

«Што ён за свае гады нам лепшага даў? Я ў 57 гадоў пайшла на пэнсію. Я два гады рабіла за што? Што я, лепшую пэнсію атрымала? Няма чаго галасаваць, нічога добрага ня будзе, каб толькі вайны не было», — паўтарае знаёмую фразу пэнсіянэрка.

Яна дадае, што на вёсцы баяцца вайны, як і ў горадзе, бо ўсе гарадзкія выйшлі зь вёсак. Такія размовы суседзі вядуць, як сустракаюцца, выкідаючы сьмецьце. Яшчэ жанчыну цікавіць, чаму кіраўнік дзяржавы не паказвае жонку, а паўсюль езьдзіць толькі з малодшым сынам.

Пра аб’яднаны штаб пэнсіянэрка мае ня менш крытычную думку.

«Бабы ідуць у прэзыдэнты. Што ты, баба, зробіш? Табе палітыка патрэбна? Баба, нараджай дзяцей, гадуй дзяцей! Я супраць бабаў», — абураецца Лілія.

Малыя ўнукі таксама ведаюць пра выбары. Умешваюцца ў дарослую гутарку і расказваюць пра мэм «Саша тры працэнты». Бабуля як спраўны аналітык прадказвае, што сёлета выйграе дзейны кіраўнік.

«А вы за каго будзеце галасаваць, за Лукашэнку?», — на разьвітаньне цікавіцца жанчына.

Пазыцыя — вымушаны байкот

Далей па вуліцы стаяць «каламі», як самі кажуць, тры сяброўкі: малодшай пад 80, старэйшай — за 90. Леваніда Іванаўна, Уладыслава Іванаўна і Алена Канстанцінаўна.

Іх пазыцыю можна назваць «вымушаны байкот». Галасаваць хочуць, але самыя дайсьці да выбарчага ўчастку ўжо ня здолеюць: «Трэбо, каб да хат прывезьлі».

Алена Канстанцінаўна, Уладыслава Іванаўна і Леваніда Іванаўна

«Нам, каб пэнсія была, каб грошы ўсе былі. А ён добры, кватэры дае маладым. Хто лепшы будзе?», — кажуць яны пра кандыдата, не называючы ягонага імя.

Іншых кандыдатаў ня ведаюць.

«Будземо галасаваць. А за каго — мы там ведаем? Мы ведаем, што за Лукашэнку хочам», — адказваюць наперабой сяброўкі.

Кажуць, што цяпер ім добра жыць, але ўжо няма як: вочы ня бачаць, вушы ня чуюць, ногі баляць.

«Выхаваньне ў яго калгаснае было, а цяпер нармальнае»

Мужчына бяз майкі і ў кепцы ідзе па вёсцы. Мікалай на пэнсіі ўжо 5 гадоў. Ён вызначыўся са сваім кандыдатам звыш 20 гадоў таму. Спачатку той яму не падабаўся, а потым пачаў «падымаць Белую Русь» і стаў добрым.

Мікалай

«Паказваюць аднаго Лукашэнку, таму за Лукашэнку... Спачатку я ставіўся да яго ня вельмі. Выхаваньне ў яго калгаснае было, а цяпер нармальнае... Ён толькі і рабіў для народу, падабаецца мне, добры ён. Грошай хапае, дзякуй», — кажа суразмоўца.

Іншых кандыдатаў ён ня бачыць, бо іх не паказваюць па тэлевізары.

Жанчына на ўскрайку вёскі працуе ў калгасе вартаўніцай. Праз год яна магла б пайсьці на пэнсію, аднак цяпер ёй давядзецца працаваць яшчэ чатыры гады.

«На выбары я пайду. Вядома, я буду галасаваць за прэзыдэнта. Мы яго ведаем. Навошта іншы? Я іншага ня ведаю», — разважае яна.

Сабака Рэкс, які ахоўвае дом вартаўніка калгасу

Падабаецца ёй у дзейным кіраўніку дзяржавы тое, што ёсьць канцэрты, адпачынкі, забавы, своечасова плацяць заробак, «а самае галоўнае — чыстае неба над галавой». У суразмоўцы, лічыцца, вялікі заробак — 700 рублёў.

«У нас ня ходзяць танкі. На выходных я прачнулася — усё добра. Гэта самае галоўнае», — кажа жанчына.

На пікеты яна ня ходзіць, бо ня езьдзіць у горад. Але бачыла, як затрымліваюць, круцяць рукі. Ацэньвае гэта як «жах».

На ейную думку, уся вёска за Лукашэнку.

У наступнай вёсцы сярод хатаў стаіць катэдж, а ля катэджа — кошык з бульбай, відаць, на продаж. Гаспадары выходзяць да зацікаўленых мінакоў, аднак, пачуўшы пытаньне пра выбары, адмаўляюцца гаварыць.

«Без камэнтароў. Гэта забароненая тэма», — адказвае гаспадар.

Пэнсіянэрка Вера робіць дома рамонт, працуюць найманыя будаўнікі.

«Ах, я буду за Лукашэнку галасаваць. Ён някепскі быў... Каго лепей паставіць, як чалавек ужо ведае ўсё на сьвеце. А другога паставяць — і што будзе? Лепей будзе? Як на той Украіне. Хай лепш будзе так, як ёсьць», — кажа жанчына.

Жывецца вяскоўцы някепска, 505 рублёў пэнсіі, хапае. «Што грашыць — а як раней людзі жылі?»

«Ці то Ціхановіч, ці то Ціханоўская мяне ня ўразіла»

Апошняя вёска на шляху — Сухмяні.

Жанчына ў лёгкім капелюшы думае, што выбары — гэта марнаваньне часу і грошай. Усё адно Вера заўжды галасуе за таго самога кандыдата.

«Хаця ён затрымаўся там. Усе не задаволеныя, што ён затрымаўся на вялікі тэрмін. Але тым ня менш — у нас шмат дэбатаў паміж суседзямі, адзін за таго, другі за таго — у параўнаньні з Украінай, галоўнае, каб быў мір на зямлі. Што там некаму не хапае, грошай — гэдак заўжды было і будзе», — пераканана суразмоўца.

Вера

Яна слухала выступленьні і іншых кандыдатаў. «Ці то Ціхановіч, ці то Ціханоўская» яе ня ўразіла.

«Яны кажуць: „Я хачу, я хачу“. Я таксама хачу. І што я? Гэта трэба зрабіць для людзей і сказаць: „Вось, мы хочам у прэзыдэнты, мы тое зрабілі для краіны“, каб людзі паглядзелі, што сапраўды было зроблена», — кажа Вера.

Яна цэніць тое, што Лукашэнка «не пусьціў заводы пад прыватызацыю», што ўмее гладка прамаўляць, «як аратар».

«Можа, некаму нешта і не падабаецца. Мне таксама часам не падабаецца, што ён занадта рэзка, у такой форме выказваецца... Але ён як гаспадар талковы. А каго? Зьмена лідэра... У гэтым урадзе складана сказаць, на каго стаўкі ставіць», — разважае Вера.

На вуліцы вёскі пад Горадняй

Ейнай суседцы Станіславе пад 80, яна, хутчэй за ўсё, ня пойдзе на выбары, бо баіцца каранавірусу.

«Выбары ёсьць выбары. Каго выберуць, таго і прымем. Нам, старым, ужо ўсё роўна. І гэты быў і ёсьць някепскі. Хай быў бы яшчэ», — кажа суразмоўца.

Падабаецца ў першым кіраўніку дзяржавы, што спакойна і парадак. А тое, што працы ня ўсім хапае ды заробкі малыя, то куды падзенесься?

«Усё павінна мяняцца, асабліва 9 жніўня»

Апошні суразмоўца Юры працуе на будоўлі дома. Ён першы з усіх апытаных, хто ня супраць усіх і не за дзейнага лідэра. Думае, што «ўсё павінна мяняцца, асабліва 9 жніўня».

Юры

Расказвае, што жыве ў горадзе, хоць працуе ў вёсцы. Мае вышэйшую адукацыю, але даводзіцца працаваць будаўніком, бо трэба карміць дзяцей. На паўторных выбарах хоча галасаваць за Віктара Бабарыку.

«Людзі стаміліся. Нават мы, звычайныя рабацягі, чакаем гэтага моманту... Падтрымліваем на гэтым этапе Ціханоўскую, каб яна правяла выбары цягам паўгода. Я думаю, што большасьць, хто сябруе з інтэрнэтам, будуць такой жа думкі», — кажа Юры.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.