На беларускіх палетках пачалася «бітва за ўраджай». Камбайнэры працуюць ад сьвітанку і да заходу сонца. Заробку пакуль яны не атрымалі. «Спадзяёмся на тысячу», — кажуць камбайнэры.
«Вось вы — журналісты, а маглі б прыехаць блогеры»
Пагутарыць з камбайнэрамі ў гарачы час уборкі ня так проста. Большасьць ня хоча марнаваць час нават на перакус, а на размовы з журналістамі, калі калосьсе просіцца «пад нож» — пагатоў. Не спрыяе задушэўным гутаркам і пільны кантроль з боку начальства.
Не пасьпелі журналісты прыехаць на поле ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, як у хуткім часе там жа апынуўся дырэктар гаспадаркі «Радуга-Агра». Праверыў пасьведчаньні, заклапочана расказаў, што цяпер трэба пільна за ўсім сачыць. Ня толькі за жнівом, але і за «ідэалягічным складнікам».
«Вось вы — журналісты, а маглі б прыехаць блогеры, і такое ў нас бывае», — патлумачыў дырэктар гаспадаркі.
Ён пераймаецца, што мы можам зьняць на полі «ня так». Першы клопат дырэктара — камбайнэры павінны працаваць у спэцыяльнай вопратцы. А раптам яны не выконваюць гэтую норму? «Дык цяпер жа лета, сьпёка! Чаму яны ня могуць працаваць у футболках?» — зьдзіўляемся мы. Дырэктар тлумачыць, што «павінны быць у спэцыяльнай вопратцы, бо безь яе — парушэньне».
Ня раіць дырэктар і здымаць стары камбайн. Лепш пачакаць, калі бліжэй да нас пад’едзе новы. Ня варта здымаць, як на поле прывезьлі вячэру. Бо ежу павінны прывозіць на адмысловым транспарце, які адпавядае ўсім нормам, а сёньня транспарт «не такі, як трэба».
Пытаемся, ці дазволяць нам здымаць буслоў.
Ніхто не сказаў наўпрост: «Я за Лукашэнку»
Плян размоваў з камбайнэрамі даводзіцца карэктаваць. Хутка перабіраемся ў іншую гаспадарку. Трэба пасьпець за некалькі хвілін пагутарыць з камбайнэрамі, пакуль не пад’едзе дырэктар.
Камбайнэры працуюць ад сёмай раніцы да цямна. Спадзяюцца атрымаць па тысячы рублёў. Грошы ім трэба, каб — «ды хоць на хлеб каб хапіла», «пазыкі раздаць», «дзяцей, а іх у мяне трое, сабраць у школу», «набыць матэрыялы, каб паставіць прыбудову да дому», «Адкласьці? Ды вы што! Хоць бы на ежу хапала».
Віктар працуе мэханізатарам ужо сорак гадоў. Ён радуецца сёлетнему добраму ўраджаю, спадзяецца на годны заробак. Пра адпачынак і ня марыць — у вёсцы летам ніхто не адпачывае, хіба зімой толькі. Ён задаволены і абедамі — «вельмі добрыя, наядаесься, з дому ня трэба ссабойку браць», і вячэрай. У абед камбайнэрам прывозяць ня толькі абеды, але і мінэралку.
«Адпачываць няма калі, схапілі што бягом — і далей працаваць, бо наш заробак наўпрост залежыць ад намалоту», — патлумачыў Віктар. Ягоны напарнік Сяргей пайшоў на жніво, каб зарабіць грошы і сабраць дзіця ў школу.
Пра выбары і ён, і ягоныя калегі гавораць неахвотна. «Ня ведаю пакуль, за каго буду галасаваць». «Я яшчэ пра гэта ня думаў». «Ня ведаю, яшчэ ня вызначыўся, трэба праграмы кандыдатаў пачытаць». «Няма часу пра гэта думаць», — такія адказы мы атрымалі ад камбайнэраў.
Ніхто не сказаў наўпрост: «Я за Лукашэнку».
«Я за сябе пакуль ня ведаю, за каго буду галасаваць. Але ў вёсцы нашай такога, як раней, няма, што «мы за „бацьку“», — зазначыў адзін з памочнікаў камбайнэра. Памочнік атрымлівае 80% ад заробку камбайнэра.
Праца памочніка — прыйсьці на працу а шостай раніцы, праверыць тэхніку, падмазаць, падкруціць, падціснуць, а на полі сачыць за бункерам. Калі што ў камбайне папсуецца — рамантаваць.
«Самае цяжкае на ўборцы — калі камбайн зломіцца і няма як адрамантаваць. Наш стары, дык ён часта барахліць. Час ідзе, зерне стаіць, а ты ўсё рамантуеш», — кажа адзін з памочнікаў камбайнэра Аляксандар. Праца ў полі яму надта падабаецца. Пра выбары ён ведае, але таксама, як і калегі — «пакуль ня вызначыўся, за каго галасаваць, можа, праграмы трэба пачытаць». Аляксандар працуе ў гаспадарцы «Іскра-Ветка».
«Досыць ужо. Хай сыходзіць»
З васьмі апытаных, якія робяць цяпер на жніве, толькі адзін — кіроўца аўтамабіля, што адвозіць зерне, вызначыўся з кандыдатам. Раней кіроўца быў прадпрымальнікам, ды «задушылі падаткамі». Мусіў пайсьці вазіць зерне.
«Досыць ужо. Хай сыходзіць. Я толькі баюся, што будуць фальсыфікацыі. Бо я пачытаў нядаўна, што на мінулых выбарах былі фальсыфікацыі. Гэта значыць, што нашы галасы не залічваліся. Замест нашых галасоў прывозілі і ўкідвалі іншыя бюлетэні. Калі гэта праўда, то гэта няправільна ўсё, гэта сваволя. Спадзяюся, што сёлетнія выбары будуць сумленныя. Калі ўсё застанецца як раней і кіраўніцтва ня зьменіцца, то нічога добрага нас не чакае, у першую чаргу — у эканамічным пляне», — кажа кіроўца.
Жыхар вёскі Пыхань Сяргей Помазаў дабудоўвае свой дом. Ён «упрыгожыў» будынак надпісамі «97%».
«А каго мне баяцца? Прыгожа! Людзі едуць паўз дом, спыняюцца, каб сфатаграфавацца. Ну, я скажу, што ня думаю, што вёска, як раней, будзе там „усе за аднаго“, за прэзыдэнта. Ну, можа, яшчэ якія пэнсіянэркі і прагаласуюць. Я ня буду, мая сям’я таксама ня будзе за яго галасаваць. Тата мой — а яму 80 гадоў — таксама ня будзе галасаваць за яго, ён і ніколі не галасаваў за яго», — кажа Сяргей.
Неяк да яго ў хату прыйшоў сярод ночы міліцыянт, патрабаваў дакумэнты. Сяргей гэта «задакумэнтаваў» і выклаў у інтэрнэт.
«Ну такі я блогер, у мяне 77 падпісчыкаў», — сьмяецца Сяргей.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.