«Прачнуліся ад ляскату». Як затрымлівалі баевікоў у санаторыі «Беларусачка»

Санаторый «Беларусачка». Тут уначы 29 ліпеня меркавана затрымалі расейскіх баевікоў ПВК «Вагнэр»

Санаторый «Беларусачка» — за 4 кілямэтры ад менскай кальцавой аўтадарогі, побач з пасёлкам Ждановічы. Меркавана тут у ноч на 29 ліпеня затрымалі 32 баевікі ПВК «Вагнэр».


Уладзімер штодня езьдзіць сюды на ровары, бо ў санаторыі лечыцца ягоны сын з інваліднасьцю. Расказвае, што недзе а 5-й раніцы спэцназ штурмаваў корпус, дзе жылі тыя людзі, якіх сёньня па БТ назвалі «баевікамі-вагнэраўцамі».

Мінак Уладзімер

«Ад дзяўчат з нашага паверха ведаю, што гэта спэцназаўцы выкарыстоўвалі шумавыя гранаты. Быў сапраўдны штурм, адна група ў спэцвопратцы ішла праз калідор, другая прыставіла лескі — і праз вокны.

Як выводзілі затрыманых, ня бачыў, але кажуць, што, як злачынцаў, заламаўшы рукі, уніз тварам. Усіх зьмясьцілі ў аўтазак. Спэцыяльных машын быў поўны дворык, у тым ліку аўтобусы з зацемненым шклом», — кажа Ўладзімер.

Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў ПВК «Вагнэр» пад Менскам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»

Ці бачыў Уладзімер «баевікоў» да затрыманьня, ці былі яны падобныя да вайскоўцаў у цывільным?

«Узросту былі самага рознага, і целаскладу рознага, таму нельга сказаць, што гэта былі неяк адмыслова падабраныя людзі. Паводзілі сябе сапраўды неяк незвычайна для санаторыю. Паядуць у сталоўцы дружна, нідзе ня ходзяць.

Корпус, дзе на 2 і 3 паверхах жылі затрыманыя.

Калі б былі якія рабацягі, дык за два дні, што тут жылі, ужо б хто схадзіў у краму, можа, выпіў бы, а гэтыя — не. Але і нейкага галоўнага сярод іх каб вызначыць, дык такога не было. Невялікімі групамі хадзілі, але ўсе аднолькавыя», — сказаў Уладзімер.

Санаторый «Беларусачка»

Суразмоўца сам пажадаў выказацца пра тое, ці верыць ён у вэрсію пра баевікоў-вагнэраўцаў.

«Не. Калі б іх мэтай была нейкая дэстабілізацыя выбараў, хіба ж яны б пасяліліся ў гэтым санаторыі, дзе ўсё навідавоку, вакол камэры, бацькі зь дзецьмі прагульваюцца, шмат лекараў? Схаваліся б дзе ў глушы да часу. І вонкава яны да вайскоўцаў ня вельмі падобныя. Паўтаруся, сярод іх былі людзі розныя, а вайскоўцы — яны ж як на падбор аднолькавыя. Мне даводзілася насіць пагоны, ведаю, што кажу», — сказаў Уладзімер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац»

«У іх знайшлі квіткі ў Турэччыну і Сырыю»

Натальля, Алена і Вольга пражываюць зь дзецьмі ў корпусе санаторыю «Беларусачка», што якраз насупраць 4-га корпусу, дзе два дні жылі меркаваныя «вагнэраўцы». Паводле жанчын, штурм 4-га корпусу пачаўся а 4-й раніцы зь ляскату шумавых гранат.

«Былі гранаты, ад іх ляскат, дым і бляск. Сьвяцілі пражэктары, на нашым корпусе бачылі снайпэра. Мы як прачнуліся, дык кінуліся на гаўбцы — „Вайна?“ — а тут скамандавалі, каб мы не выходзілі, схаваліся. Было шмат міліцыі ў спэцыяльнай вопратцы, нават з МНС чалавек 15. Усё ачапілі.

Як гэтых людзей выводзілі, дык усім на галаву нешта надзелі, ці то майкі, ці мяхі. Усіх уніз галавой. Нам пасьля нічога не патлумачылі. Але сярод пэрсаналу санаторыю былі тыя, каго запрасілі на вобшукі як панятых. Дык казалі дакладна, што ў гэтых людзей знайшлі квіткі на самалёт. Дзень адлёту — заўтра. Яны спачатку меліся ляцець у Турэччыну, а адтуль у Сырыю. Гэтак казалі», — расказала Вольга.

«Ніхто не замаўляў сьвініны»

Алена расказала, як паводзілі цябе цягам двух дзён «вагнэраўцы».

«Размаўлялі ўсе па-расейску, але некалькі чалавек былі яўна мусульманскай зьнешнасьці, насілі ўвесь час нейкія шапкі. Яшчэ ў сталоўцы заўважалі, што за два дні ніхто не замовіў сьвініны, казалі, што ім вера забараняе. І ў краме ніхто не набыў сьпіртнога.

Таксама ніхто не спрабаваў з жанчынамі пазнаёміцца, загаварыць. Адна жанчына, з Расеі, спытала ў іх, адкуль яны, дык адказалі, што з Расеі, займаліся здабычай газу. Яна якраз з такіх, дык пачала распытваць, адкуль дакладна, але адхілілі размову.

Быў момант, як на пляжы я пачула, што яны паміж сабой размаўлялі пра электронныя грошы, але падрабязнасьцяў не пачула. Трымаліся ад нас аддалена, але аднойчы дзяўчынка захрасла на дзіцячай пляцоўцы, дык адзін падышоў і дапамог. Але больш на кантакт не ішлі».

Натальля мяркуе, што пад выглядам адпачывальнікаў у 4-м корпусе «Беларусачкі» жылі нейкія вайскоўцы, або частка зь іх былі датычныя да войска.

«Сярод іх быў адзін, якога слухаліся ўсе, без разваг. Сівы, гадоў 40, спартыўны. Увогуле было сярод іх шмат спартовага выгляду людзей, яны шмат займаліся на турніках, бегалі, плавалі ў возеры. Адзін, можаце ўявіць, 15 хвілін займаўся на турніку, падцягваўся безь перапынку. Другі доўга ў возеры плаваў. Сапраўды было ўражаньне, што яны неяк сваю фізычную форму падтрымліваюць. Але некаторыя былі іншага складу. Мы ў іх пыталіся, чым займаюцца, дык адказвалі, што газам, маўляў, здабытчыкі газу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «ПВК Вагнэра», баевікоў якой нібыта затрымалі ў Беларусі

Алена зьвярнула ўвагу на тое, як шмат вагнэраўцы накуплялі прадуктаў у мясцовай краме.

«Прадавачка радавалася, што ўсе прадукты падчысьцілі. Але без алькаголю. Знарок пыталіся ў іх, чаму не купляюць гарэлкі, сказалі — нельга».

Ці праўда, што «вагнэраўцы» ў санаторыі хадзілі ў вопратцы ў стылі «мілітары»?

«Ды не, гэта лухта. Як звычайныя людзі. Хто ў чым. І ў трэніках, і ў шортах-майках, нехта ў камуфляжы, але хто цяпер так ня ходзіць. Некаторыя былі ня вельмі чыста апранутыя, іншыя — добра», — згадала Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра затрыманага «баевіка» з Калінкавічаў: «Які „Вагнэр“? Гэта трызьненьне сівой кабылы!»

Паводле Вольгі «вагнэраўцы» засяляліся, як звычайныя наведнікі: прыйшлі сваім ходам у санаторый з дарогі, несьлі з сабой хто торбы, хто заплечнікі. Калі іх затрымалі, дык тую паклажу вывозілі некалькімі бусікамі, згадала жанчына.

Пра вэрсію наконт «дэстабілізацыі выбараў» Вольга кажа гэтак:

«Што іх захоп ня быў інсцэніроўкай, дык ручаемся, але што яны сюды прыехалі з прычыны нашых выбараў — ня верыцца. Намі яны зусім не цікавіліся, жылі навідавоку, але як манахі. Мелі квіткі ў Турэччыну. Можа, яны і „вагнэраўцы“, але яўна не зьбіраліся тут нечага рабіць, а проста чакалі самалёта. Ды не дачакаліся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раскажуць пра сувязі з штабам Ціханоўскай? Навошта ўладзе спатрэбіліся «расейскія баевікі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка дае сыгнал Захаду, што Расея хоча яго скінуць». Расейскія экспэрты пра затрыманьне «расейскіх баевікоў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка склікаў тэрміновую нараду з Саветам бясьпекі пасьля затрыманьня расейскіх баевікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка пасьлядоўна ажыцьцяўляў стратэгію Расеі». У Кіеве расказалі пра расейскі сцэнар на беларускіх выбарах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На 99% упэўнены, што гэта няпраўда», — дэпутаты Дзярждумы Расеі пра затрыманьне ў Беларусі байцоў «ПВК Вагнера»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што посьцяць беларусы пра затрыманьне расейскіх баевікоў