Вольга, сястра затрыманага ў Калінкавічах 29 ліпеня Андрэя Бакуновіча, якога зьвязваюць з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр», сьцьвярджае, што ён не зьвязаны ані зь якімі баевікамі.
«Які „Вагнэр“? Гэта трызьненьне сівой кабылы ў маладзік. Яго забралі сёньня з дому з Калінкавічаў, дзе ён цяпер — я ня ведаю. Прыляцелі, схапілі, і ўсё.
Я ня ведаю, што ад яго хочуць. Ёсьць кампэтэнтныя органы, яны разьбяруцца, я думаю. Хай разьбіраюцца сумленна. У мяне дзень нэрвы не на месцы», — сказала Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»Паводле сястры, Андрэй — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. У Калінкавічах у яго жывуць бацькі і сваякі.
«Ён тут наездамі. Цяпер быў больш за месяц. У нас пляменьнік — ягонае дзіця, хварэе. Ён тут дапамагаў. Папраўдзе, я ў жыцьцё брата ня лезу і ня лезла. Я жыву асобна, у прыватным сэктары, ён — у кватэры», — сказала жыхарка Калінкавічаў.
Яна прасіла «напрамілы Бог» не чапаць бацькоў Андрэя, бо яны ўжо пажылыя. У маці хворае сэрца, тата таксама хварэе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На 99% упэўнены, што гэта няпраўда», — дэпутаты Дзярждумы Расеі пра затрыманьне ў Беларусі байцоў «ПВК Вагнера»Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.
У дзённых навінах на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі апэратыўныя кадры, на якіх бачна, як вялікая група мужчын трапляе на камэры відэаназіраньня санаторыю пад Менскам. Пасьля гэтага — працэс затрыманьня «баевікоў» у нумарах і пагрузка ў аўтазакі.
У кадры трапілі грошы, зброя, расейскія пашпарты, прэзэрватывы, інструкцыі кіраваньня «робатамі-падрыўнікамі», аркушы з тэкстам на арабскай мове, шаўроны з надпісам: «Наш бизнес смерть, и бизнес идет хорошо».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі, баевікі, прарыў мяжы. Як улады рэагавалі на выбары і масавыя пратэсты ў БеларусіБелТА са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы сьцьвярджае, што «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцьці на нашую тэрыторыю больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».
Па прыбыцьці ў Беларусь група людзей (200 ці 32, не ўдакладняецца) «засялілася ў адзін з гатэляў Менску і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёну». Адміністрацыя санаторыю зьвярнула ўвагу на «нехарактэрныя для расейскіх турыстаў паводзіны» людзей і на «аднастайнае адзеньне ў стылі мілітары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац»Як высьветлілася, 20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 чалавек, знойдзеных у базе «Міратворца», названыя чальцамі групы «ЧВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «ПВК Вагнэра», баевікоў якой нібыта затрымалі ў Беларусі