Колішні міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін прапануе ўладам Беларусі перадаць Кіеву затрыманых пад Менскам расейскіх баевікоў. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter.
Паўло Клімкін піша, што варта тэрмінова праверыць, ці не ваявалі затрыманыя баевікі «ПВК Вагнэра» на Данбасе. Калі так, на ягоную думку, варта патрабаваць іх неадкладнай экстрадыцыі ва Ўкраіну, каб судзіць іх або, па магчымасьці, выкарыстаць для абмену на ўкраінскіх палонных, якія адбываюць пакараньне ў расейскіх калёніях і лічацца ва Ўкраіне палітвязьнямі.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.
БелТА апублікавала сьпіс затрыманых — 33 асобы ў веку ад 24 да 55 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»У дзённых навінах на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі апэратыўныя кадры, на якіх бачна, як вялікая група мужчын трапляе на камэры відэаназіраньня санаторыю пад Менскам. Пасьля гэтага — працэс затрыманьня «баевікоў» у нумарах і пагрузка ў аўтазакі.
У кадры трапілі грошы, зброя, расейскія пашпарты, прэзэрватывы, інструкцыі кіраваньня «робатамі-падрыўнікамі», аркушы з тэкстам на арабскай мове, шаўроны з надпісам: «Наш бизнес смерть, и бизнес идет хорошо».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі, баевікі, прарыў мяжы. Як улады рэагавалі на выбары і масавыя пратэсты ў БеларусіБелТА са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы сьцьвярджае, што «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцьці на нашую тэрыторыю больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».
Па прыбыцьці ў Беларусь група людзей (200 ці 32, не ўдакладняецца) «засялілася ў адзін з гатэляў Менску і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёну». Адміністрацыя санаторыю зьвярнула ўвагу на «нехарактэрныя для расейскіх турыстаў паводзіны» людзей і на «аднастайнае адзеньне ў стылі мілітары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац»20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 чалавек, знойдзеных у базе «Міратворца», названыя чальцамі групы «ПВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.