Дзяржаўныя СМІ Беларусі 29 ліпеня паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «ПВК Вагнэра». Свабода расказвае, што гэта за групоўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»«ПВК (прыватная вайсковая кампанія) Вагнэра» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асоб РФ, але байцы якога, паводле журналісцкіх расьсьледаваньняў, прымалі ўдзел у баявых апэрацыях у Сырыі і на ўсходзе Ўкраіны.
Таксама «вагнэраўцы» ахоўваюць у афрыканскіх краінах урадавыя і прамысловыя аб’екты, інструктуюць і трэніруюць мясцовых вайскоўцаў. Турэччына афіцыйна абвінавачвала ПВК ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях у Лібіі.
Назва ПВК (прыватная вайсковая кампанія) «Вагнэр» упершыню прагучала ў 2014 годзе ў паведамленьнях, што найміты гэтай групоўкі ваявалі разам з падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.
У расейскіх СМІ арганізацыя пазыцыянуецца як прыватная вайсковая рота пад камандаваньнем падпалкоўніка ў адстаўцы Ўзброеных сіл Расеі Дзьмітрыя Уткіна па мянушцы «Вагнэр».
Пра тое, як узьнікла прыватная вайсковая кампанія Вагнэра, у 2015 годзе напісала пецярбурскае выданьне «Фонтанка.ру». Паводле ягоных дадзеных, у 2013 годзе расейскія мэнэджэры прыватнай вайсковай кампаніі Moran Security Group, якая спэцыялізавалася на абароне гандлёвых судоў ад піратаў, Вадзім Гусеў і Яўген Сідараў, зарэгістравалі ў Ганконгу ПВК «Славянскі корпус» і набралі па часовых працоўных дамовах 267 супрацоўнікаў для «аховы радовішчаў і нафтаправодаў» у Сырыі. Замест гэтага супрацоўнікі «Славянскага корпусу» ўзялі ўдзел у грамадзянскай вайне ў гэтай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адсеклі галаву і спалілі». Байцоў расейскіх наймітаў «Вагнэра» падазраюць у катаваньняхПасьля бою з атрадамі «Войска ісламу» «Славянскі корпус» вярнуўся ў Расею, дзе яго ўдзельнікаў, як і ўладальнікаў кампаніі, арыштавалі за найміцтва. Адным з нанятых у «Славянскі корпус» супрацоўнікаў быў Д.Уткін, які да 2013 году камандаваў 700-м асобным атрадам спэцыяльнага прызначэньня 2-й асобнай брыгады Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля звальненьня ў запас працаваў у Moran Security Group, удзельнічаў у сырыйскай экспэдыцыі «Славянскага корпусу» ў 2013 годзе. Пасьля гэтага — у 2014 годзе — інфармацыя пра Уткіна стала паступаць з так званай «Луганскай Народнай Рэспублікі».
У СМІ ня раз гучала меркаваньне, што ПВК «Вагнэр» — падразьдзяленьне сіл спэцыяльных апэрацый Расейскай Фэдэрацыі, якое толькі маскуецца пад прыватную кампанію, замест гэтага выконваючы заданьні як Генэральнага штабу Міністэрства абароны РФ, так і ФСБ Расейскай Фэдэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія найміты выходзяць зь ценюРуслан Левіеў, аналітык праекту Conflict Intelligence Team, перакананы, што наймітаў экіпіруе і падтрымлівае Міністэрства абароны РФ і Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне (ГРУ).
«З аднаго боку, іх трэніровачны палігон знаходзіцца побач з палігонам 10-й брыгады ГРУ [у Краснадарскім краі], — сказаў ён Свабодзе. — Калі б іх існаваньне не было ўхваленае ўрадам, то гэта было б немагчыма, яны ня мелі б права знаходзіцца побач з базай элітнага спэцназу ГРУ».
«Акрамя таго, ёсьць фатаграфіі забітых наймітаў, якія былі апублікаваныя групоўкай „Ісламская дзяржава“, на іх вы можаце ўбачыць зброю, якую маюць толькі элітныя падразьдзяленьні спэцназу ГРУ, — дадаў Левіеў. — Мы таксама можам бачыць на фатаздымках, якія посьцяць самі найміты, што яны перамяшчаюцца ў Сырыі на расейскіх вайсковых самалётах. Яны сфатаграфаваныя побач зь верталётамі і і самалётамі Міністэрства абароны Расеі. Цалкам відавочна, што яны атрымліваюць дапамогу, транспарт і зброю ад ураду Расеі, ад Міністэрства абароны».
Сайт militaryarms.ru паведамляе, што ў Вагнэра «вельмі высокі адсотак стратаў, што не характэрна для прыватных вайсковых кампаній». У дакладзе гаворыцца, што ў Данбасе і Сырыі найміты Вагнэра працуюць у самых небясьпечных сытуацыях, часта гінуць на пачатку атакі падчас штурму населеных пунктаў і пазыцый праціўніка.
Падразьдзяленьне, як сьцьвярджае РБК, абслугоўваюць структуры, зьвязаныя зь бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным, блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна. На афіцыйным узроўні існаваньне арганізацыі Расея не камэнтуе, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на штогадовай прэс-канфэрэнцыі ў 2018 годзе выказаўся пра яе так: «Калі яны не парушаюць расейскія законы, яны маюць права працаваць, прасоўваць свае бізнэс-інтарэсы ў любым пункце плянэты».
У 2018 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны паведамляла, што ў складзе ПВК «Вагнэра» ў Сырыі ваююць 11 беларусаў. Шасьцёра зь іх бралі ўдзел у наступе ў правінцыі Дэйр-ез-Зор, падчас якога шмат удзельнікаў былі забітыя, у тым ліку Руслан Бабінін, Канстанцін Гірс, Эдвард Давыдаў, Сяргей Сазанаў, Аляксандар Ступніцкі і Вадзім Юшкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод затрыманых у Беларусі баевікоў шмат выхадцаў з Украіны, — цэнтар «Міратворац»