«На 99% упэўнены, што гэта няпраўда», — дэпутаты Дзярждумы Расеі пра затрыманьне ў Беларусі байцоў «ПВК Вагнера»

Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам

Намесьнік старшыні камітэту па абароне Дзяржаўнай думы Расеі, дэпутат Юрый Швыткін пракамэнтаваў «Інтэрфаксу» паведамленьні беларускіх дзяржаўных СМІ пра затрыманьне ў Беларусі 33 грамадзянаў Расеі, баевікоў «ПВК Вагнера».

«Я перакананы ў тым, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці, — заявіў Юрый Швыткін, дадаўшы, што інфармацыя вымагае праверкі ва ўзаемадзеяньні з расейскімі праваахоўнікамі. — Я думаю, што Лукашэнка ўсяго-наўсяго ўпершыню сутыкнуўся з рэальнай канкурэнцыяй з боку іншых прэтэндэнтаў [на пасаду прэзыдэнта].

Мяркую, што сапраўды да яго ёсьць пытаньні з боку насельніцтва рэспублікі, але мы заўсёды падкрэсьлівалі, што гэта ўнутраныя справы Беларусі, справа беларускага народа. Мы гатовыя працаваць з любым прэзыдэнтам, якога выбера беларускі народ».

Старшыня камітэту Дзяржаўнай думы Расеі па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязі з суайчыньнікамі Леанід Калашнікаў заявіў, што інфармацыя пра «ПВК Вагнера» «не заслугоўвае даверу».

«Я б ня стаў давяраць гэтым паведамленьням. Я ўпэўнены на 99%, што гэта няпраўда», — сказаў ён, дадаўшы, што мог бы зразумець, што «Захад нешта там разагравае, але каб Расея пачала такімі рэчамі займацца, гэта не ўкладаецца ў галаве».

У Савеце Фэдэрацыі Расеі назвалі затрыманьне «баевікоў Вагнэра» непаразуменьнем

Расеі няма сэнсу наймаць прыватную вайсковую кампанію для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, бо гэтая краіна ёсьць стратэгічным хаўрусьнікам, зь якім у Расеі склаліся «братэрскія стасункі». Пра гэта РБК заявіў першы намесьнік старшыні камітэту Савету Фэдэрацыі Расеі ў міжнародных справах Уладзімір Джабараў.

«Я ўпэўнены, што гэта нейкае непаразуменьне. Для чаго нам неабходна дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі? Навошта? Гэта абсалютна не патрэбна», — сказаў ён. На думку сэнатара, Расея, наадварот, «за стабільнасьць Беларусі».

Джабараў зазначыў, што цяпер цяжка казаць, каго затрымалі ў Беларусі і зь якой мэтай яны там былі. «У нас жа Саюзная дзяржава, межы ў нас адкрытыя», — патлумачыў ён.

Ён выказаў упэўненасьць, што Расея і Беларусь супольна разьбяруцца ў сытуацыі. «Калі хтосьці наймае прыватную кампанію для якіхсьці супрацьпраўных дзеяньняў у Беларусі, яны адкажуць за гэта», — падсумаваў сэнатар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»