Суседзі сям’і кандыдаткі ў прэзыдэнты расказалі Свабодзе, якой Ціханоўская была ў дзяцінстве і што яны думаюць пра яе магчымае прэзыдэнцтва.
Дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня ўтойвае свайго вясковага паходжаньня. Часта наведвае родную Александрыю і нават ператварыў яе ў адно з самых добраўпарадкаваных паселішчаў краіны.
Імаверная пераемніца Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская публічна пра сваю малую радзіму пакуль не выказвалася. Вядома, што яна жыла і вучылася ў Мазыры. Там жа пазнаёмілася зь Сяргеем Ціханоўскім і выйшла за яго замуж, пасьля пераехала ў Менск, дзе гадуе дзяцей і жыве цяпер. А нарадзілася і скончыла школу Сьвятлана Ціханоўская на мяжы Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей у Мікашэвічах. Свабода наведалася туды і знайшла суседзяў сям’і Сьвятланы, якія памятаюць яе яшчэ маленькай дзяўчынкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская апублікавала перадвыбарную праграму. Сярод задач — новыя выбары і вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году
Маці кухарам, бацька кіроўцам
Дом, у якім вырасла Сьвятлана Піліпчук (дзявочае прозьвішча Ціханоўскай. — РС) знаходзіцца на вуліцы Маладзёжнай, амаль на самым ускрайку Мікашэвічаў. Звычайны шэры пяціпавярховік з жалезабэтонных плітаў. Нават дамафоны не ва ўсіх пад’ездах. Праз дарогу ўжо прыватны сэктар, за ім лес. Зусім побач школа № 2, якую скончыла Сьвятлана.
«Тут яны жывуць, вось у гэтым пад’езьдзе, здаецца, — расказвае першая ж сустрэтая намі ля дома жанчына. — Юра і Валя Піліпчук, простая сям’я. Яна кухар, а ён кіроўца. Сьвету я памятаю дзяўчынкай яшчэ. Што вам сказаць? Я буду менавіта за Сьвету галасаваць. Што яна стала кандыдаткай, я не зьдзівілася. Сяргей такі ў яе... За Сьвету буду, толькі не за яго (за дзейнага кіраўніка краіны. — РС). Чаму? Ну а што. Мой муж за Лукашэнку хоча. Але як я скажу, так і будзе. Добрая сям’я гэтыя Піліпчукі. Нічога дрэннага не магу сказаць пра іх».
Ева Арэшкевіч усё жыцьцё жыве ў адным пад’езьдзе зь сям’ёй Сьвятланы Ціханоўскай. Яна на першым пад’езьдзе, яны на трэцім. Расказвае, што цяпер на пэнсіі, але даводзіцца падпрацоўваць, бо грошай не хапае. Раней працавала ў школе № 1 настаўніцай, выкладала працоўнае выхаваньне і чарчэньне.
«Я за Святлану, усе мы тут за Святлану, — гаворыць Ева Іванаўна. — Піліпчукі — гэта яе сям’я. Бацька Сьветы Юра, маці Валя Піліпчучка. Бацька Георгі правільна, яна Георгіеўна. Але мы Юра яго называем. Яны на дачы цяпер. Журналісты ўжо былі, Юра сказаў, што ня будзе гутарыць зь імі (Свабода зьвярталася з просьбай аб размове з бацькамі да Сьвятланы Ціханоўскай, аднак яна не захацела публічнасьці для родных. — РС). У іх яшчэ ёсьць малодшая дачка, Алеся. Яна з маім сынам вучылася.
Сьвета замуж выйшла за Ціханоўскага — і пайшло-паехала. Я яе яшчэ маленькай памятаю. Добрая дзяўчынка была. Усё ў яе нармальна было. Каб піла ці паліла, то гэтага не было відаць. Нармальнае выхаваньне. Бацькі добрыя людзі, вясковыя. Яны тут з раёну абое, зь Сянкевічаў, вёска такая».
«Сьвета характарам у бацьку пайшла»
Маці Сьвятланы Валянціна дагэтуль працуе ў сталоўцы «Пралеска». Бацька таксама ня выйшаў на пэнсію, ён робіць кіроўцам на заводзе жалезабэтонных вырабаў. Гэта адно з двух мікашэвіцкіх прадпрыемстваў, дзе, паводле мясцовых людзей, яшчэ можна што-небудзь зарабіць.
Акрамя заводу, ёсьць яшчэ вядомае ва ўсёй краіне прадпрыемства «Граніт». Але жыхары Мікашэвічаў расказваюць, што нядаўна туды завезьлі два бесьпілётныя «БелАЗы», і цяпер у горадзе турбуюцца, што неўзабаве для людзей працы на «Граніце» не застанецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Гомлі: «Улады не ўлічылі, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына»«Юру я ведаю, мы працавалі разам на заводзе жалезабэтонных вырабаў, — расказвае яшчэ адзін сусед Піліпчукоў, Уладзімер Крывулец. — Ён і цяпер там кіроўцам. Езьдзіць на „МАЗе“ зь вялікім прычэпам, перавозіць пліты, трубы розныя.
У савецкія часы па ўсім Саюзе езьдзіў, цяпер тут больш. Нармальны мужчына, ня п’е. Яны проста заўсёды жылі. Ня бедна, але і ня вельмі багата. Юра ў рэйс як ехаў, браў сала з сабой у дарогу, каб менш грошай на ежу траціць. Толькі добрае пра Юру магу сказаць. Я сам цяпер грузчыкам у краме працую, звольніўся з заводу. Але жыву тут, мы суседзі. Вітаемся, калі бачымся».
Уладзімер кажа, што галасаваць таксама пойдзе за Ціханоўскую. Але прызнаецца, што выбар рабіў больш паводле тэрытарыяльнай прыкметы. «Яна ж наша, свая, — прызнаецца ён. — За каго яшчэ». Суседзі Піліпчукоў кажуць, што Сьвятлана характарам пайшла ў бацьку.
«Алеся такая больш ціхая зь іх, а Сьвета ў бацьку пайшла, — расказвае Ева Іванаўна. — Сьвета такая з характарам, шустрэйшая. Яна добра вучылася, потым ва ўнівэрсытэт паступіла. Па танцах яна ня надта хадзіла, вучылася больш. Гулякай не была, па хлопцах ня бегала. Адзін быў у яе, праўда, аднаклясьнік. Але потым разышліся, і ўжо Сяргей зьявіўся.
Сяргей падобны да таго хлопца камплекцыяй, ёй, відаць, такія мужчыны больш падабаюцца. Сама Сьвета высокая, прыгожая заўсёды. У Ірляндыю езьдзіла па валянтэрскай праграме, вазіла дзяцей на аздараўленьне з Чарнобылю. Алеся таксама ўнівэрсытэт скончыла, як і Сьвета. Але яна ў Берасьці жыве».
Пакуль размаўляем, вакол нас пэрыядычна праходзяць іншыя жыхары дома на вуліцы Маладзёжнай. Цікавяцца калі, «іхную Сьвету» можна будзе пабачыць у тэлевізары. Суседка Піліпчукоў Ева Арэшкевіч праводзіць інфармацыйны «лікбез» і вучыць суседзяў «глядзець усё па кампутары». Папракае іх пэрыядычна ў нежаданьні ведаць апошнія навіны палітычнага жыцьця краіны.
«Мы Сьвету глядзім у кампутары, яна добра выступае, — гаворыць нам Ева Іванаўна. — Маладзец. Яна пайшла за мужа, у яе выбару не было. Мы ўсё глядзім, мы ў палітыцы. І пра Ганчара ведаем, і пра Завадзкага. Нам трэба даўно мяняць усё. Хоць я ў 1994 годзе за Лукашэнку галасавала. Але потым ужо не хадзіла. Сьвета ўжо так выступае, ужо хораша гаворыць, разгаварылася. І на беларускай мове выступае, вельмі прыемна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Успрымайце мяне, як сьцяг таго, што ў нас будуць новыя выбары». У Віцебску прайшоў мітынг Сьвятланы ЦіханоўскайСамі жыхары дома на вуліцы Маладзёжнай гавораць з характэрным палескім акцэнтам і інтанацыяй, перамяжоўваючы размову раскацістым сьмехам. Яшчэ адна суседка Піліпчукоў, Тацьцяна Самусевіч, прызнаецца, што ўчынак Сьвятланы стаў для яе бацькоў нечаканасьцю.
«Я ня думала, што так будзе, — гаворыць Тацьцяна, якая нейкі час працавала разам з маці будучай кандыдаткі. — Зьдзівілася, калі даведалася пра гэта. Бацькі за Сьвету перажываюць. Мы ж тут бачым іх. Кажуць, Сьвета дзяцей вывезла за мяжу, цяжка гэта бацькам. Ніхто такога не чакаў тут. Зяця спачатку пасадзілі, цяпер Сьвета ідзе на выбары. Раней яна часта прыяжджала зь дзецьмі, цяпер радзей».
«Мы, бабы, лепш спраўляемся, чым мужыкі»
Суседзі сям’і Сьвятланы Ціханоўскай расказваюць, што некалькі месяцаў таму ў Мікашэвічы са стрымам прыяжджаў муж будучай кандыдаткі. Ева Іванаўна кажа, што на стрым да Сяргея Ціханоўскага хадзіла, але выступіць перад камэрай тады пасаромелася.
Жыхары з вуліцы Маладзёжнай гавораць, што расказаць на стрыме было б пра што. Пэнсіі ў людзей па 340-400 рублёў. Заробкі таксама нячаста перавышаюць 400. Больш-менш можна зарабіць толькі на «Граніце» альбо згаданым ужо заводзе ЖБВ — там плацяць каля 1000. Паўсюль усё «па блату». Незадаволенасьці дзеяньнямі ўладаў дадаў каранавірус. Асабліва калі «памерла маладая жанчына ва ўзросьце 30 гадоў».
«У Мікашэвічах тут хто як. Хто за Сьвятлану, хто не, — кажуць суседзі сям’і кандыдаткі. — Кажуць, што яна не палітык. Але яна ж абяцала, што ня будзе сама заставацца, што правядзе новыя выбары. Баба — зразумела, што баба. Хаця мы, бабы, лепш спраўляемся, чым мужыкі. І дома, і на працы, і ўсюды. А ў Сьветы там будуць памочнікі. І Бабарыка, і іншыя. Але людзі пойдуць за ёй, таму што надакучыла гэта ўсё. Яна правільна гаворыць. Колькі ўжо можна?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі гэтая ўлада адыдзе, мы здабудзем свабоду». Другі выступ Ціханоўскай на БТЕва Іванаўна расказвае, што агітуе ў Мікашэвічах за Ціханоўскую. Размаўляе са знаёмымі, усіх пераконвае. Гаворыць, што адсутнасьць эканамічнай адукацыі і досьведу кіраваньня не праблема.
«Хай ідзе Сьвета, — кажа суседка сям’і кандыдаткі. — Яна ўжо цяпер стала такая больш сур’ёзная, ужо салідная. З падтрымкай дзяўчат. Цапкала Вераніка мне падабаецца. Яна так правільна гаворыць, усю праўду. Я пайду галасаваць. Сьмешна — ня сьмешна, а трэба рабіць перамены. Я глядзела ўчора, як яна на пытаньні адказвала. У Сьветы спыталі, што яна будзе рабіць, калі ёй прапануюць зьняцца ўзамен на вызваленьне Сяргея. Мне спадабалася, што яна сказала, што ня здымецца ўжо. Што пойдзе да канца».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.