Супрацоўнікі міністэрстваў абароны і энэргетыкі, а таксама прадстаўнікі Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША сустрэліся ў аўторак, 28 ліпеня, з расейскімі чыноўнікамі ў рамках дыялёгу аб стратэгічнай і касьмічнай бясьпецы. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту, піша «Голас Амэрыкі».
У ходзе больш як 13-гадзіннага абмеркаваньня высокапастаўленыя амэрыканскія цывільныя і вайсковыя экспэрты ў галіне касьмічнай бясьпекі ўзялі ўдзел у першым за апошнія сем гадоў падобным дыялёгу з Масквой.
На гэтай сустрэчы бакі абмяняліся думкамі аб існых і будучых касьмічных пагрозах, палітыцы, стратэгіях і дактрыне, а таксама абмеркавалі парадак дня, накіраваны на садзейнічаньне бясьпечнай, прафэсійнай і ўстойлівай дзейнасьці ў космасе.
Абедзьве дэлегацыі выказалі зацікаўленасьць у працягу такіх абмеркаваньняў і паляпшэньні дыялёгу — да прыкладу, наладжваньні апэратыўнай сувязі ў пытаньнях, зьвязаных з космасам.
Як гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту, гэта дапаможа зьменшыць рызыкі недастатковага разуменьня і прадухіліць узьнікненьне інцыдэнтаў, зьвязаных з космасам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: Расея правяла выпрабаваньне касьмічнай зброі