Аб’яднаныя Арабскія Эміраты запусьцілі навуковы і тэхналягічны зонд на Марс. Гэта першая падобная місія, ініцыяваная арабскай краінай.
Запуск беспілётнага касьмічнага карабля «Аль-Амаль» (у перакладзе з арабскай «Надзея»), адбыўся 20 ліпеня пры дапамозе ракеты-носьбіта H-IIA з тэрыторыі навуковагу цэнтру Танегашыма на поўдні Японіі.
Плянуецца, што апарат дасягне Марсу ў лютым 2021 году і будзе знаходзіцца на арбіце як мінімум два гады. Касьмічная місія ААЭ каштуе 200 мільёнаў даляраў, заявіла міністарка перадавых навук Сара Аміры.
Зонд прызначаны для стварэньня поўнага ўяўленьня аб марсіянскай атмасфэры і штодзённага вывучэньня сэзонных зьменаў.
«Гэта даволі моцны сыгнал для арабскай моладзі: калі ААЭ аказаліся здатныя дасягнуць „чырвонай плянэты“ менш чым за 50 гадоў сваёй гісторыі, наступныя пакаленьні змогуць зрабіць значна больш», — заявіў Амран Шараф, дырэктар праекту «Місія Эміратаў на Марс».
Такім чынам, «Аль-Амаль» далучыцца сама меней да васьмі актыўных місій, якія вывучаюць Марс. Некаторыя зь іх знаходзяцца на арбіце вакол плянэты, іншыя працуюць на паверхні.