Каля будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі днём 28 ліпеня затрымалі больш за 10 журналістаў і дзясяткі ахвотных падаць хадайніцтва за Віктара Бабарыку.
28 ліпеня а 16-й гадзіне прыхільнікі зьняволенага экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі прыйшлі ў КДБ, каб падацьхадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня з узяцьця пад варту на асабістае паручальніцтва. Узяць Бабарыку на парукі пагадзіліся сярод іншых ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і вядомы дызайнэр Уладзімер Цэсьлер.
Да 16:00 пачаліся затрыманьні. Паводле Tut.by, затрымалі карэспандэнтку парталу Алену Талкачову, карэспандэнтаў Галіну Абакунчык, Кацярыну Андрэеву і Антона Сяліцкага, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», і фотакарэспандэнтку расейскага інфармацыйнага агенцтва ТАСС Натальлю Фядосенку. Паводле ТАСС, затрымалі таксама карэспандэнтаў Reuters. Агулам, паводле «Вясны», затрымалі 11 журналістаў і дзясяткі людзей каля КДБ.
16:05 У будынак зайшла Марыя Калесьнікава з калегамі — прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі. У яе прынялі хадайніцтва, не затрымлівалі. У КДБ з тымі, хто падаў скаргу, абыходзіліся «ветліва і дабразычнліва», расказала Свабодзе Калесьнікава, хадайніцтвы прынялі хутка. Колькі такіх хадайніцтваў ужо падалі, у штабе пакуль ня ведаць.
16:35 Журналістаў, якіх даставілі ў Заводзкі РУУС Менску, выпусьцілі без складаньня пратаколаў, напісаў у фэйсбуку журналіст Ігар Ільяш.
16:40 З чаргі каля прыёмнай КДБ затрымалі 5 чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. Перад гэтым супрацоўнікі АМАП сказалі ўдзельнікам чаргі, што іх будуць лічыць удзельнікамі несанкцыяванай акцыі, калі яны ня будуць заходзіць усярэдзіну будынка КДБ.
17:00 Да прыёмнай КДБ падʼехалі два мікрааўтобусы і затрымалі ўсіх, хто хацеў падаць заяву, перадае карэспандэнт Свабоды. Затрымлівалі нават наведнікаў кавярні побач з будынкам КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тых, хто хацеў паручыцца за Бабарыку, з будынку КДБ забіралі ў пастарунак19:00 Стала вядома, што Кастусь Касьцян, які зайшоў у будынак КДБ а 14:20 і больш ня выйшаў, знаходзіцца на волі.
19:45 З Цэнтральнага РУУС вызвалілі без складаньня пратаколаў журналістаў Тацяну Капітонаву, Максіма Гарчанка, Насту Кахановіч.
Сьпіс затрыманых абнаўляюць праваабаронцы «Вясны». У ім дзясяткі чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч і Цэсьлер гатовыя ўзяць Бабарыку на парукі
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.