Штаб не зарэгістраванага кандыдатам у прэзыдэнты былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі, які далучыўся да каманды кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, заклікаў грамадзян прасіць дэпутатаў сваіх акругаў разабрацца ў фактах перашкод сумленным выбарам, піша БелаПАН.
«Мы не перастаём дзівіцца таму, як на кожным кроку ўлада чыніць перашкоды сумленным выбарам, — заявіла падчас стрыму 27 ліпеня сьпікер штабу Марыя Калесьнікава. — Участковыя камісіі, подпісы выбарнікаў, назіральнікі. Засталося забараніць прыходзіць галасаваць. Мы лічым, што гэта праблема кожнага выбарніка і кожнага дзяржаўнага органа. Але перш за ўсё — дэпутатаў парлямэнту, якія павінны абараняць інтарэсы выбарнікаў сваёй акругі. Вельмі дарэчы, што 3 жніўня дэпутаты будуць у парлямэнце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленныя людзі» і «Права выбару» заклікалі запісвацца ў назіральнікі, нягледзячы на абмежаваньні ЦВК«Мы прапануем вам зьвярнуцца да кожнага зь іх з просьбай разабрацца ў тым, што адбываецца, у сваёй акрузе. Чаму зьніклі подпісы? Як так супала, што розныя партыі вылучалі чальцоў аднаго працоўнага калектыву і ў выканкаме аднагалосна галасавалі толькі за іх? Як так здарылася, што судовай абароны правоў выбарнікаў няма, а назіральнікаў плянуюць не пусьціць на ўчасткі?» — сказала сьпікер штабу Бабарыкі.
Незалежныя кампаніі назіраньня адзначалі, што ўчастковыя камісіі на бягучых выбарах сфармаваныя паводле «вытворчага прынцыпу», калі ў адну камісію ўваходзяць пераважна супрацоўнікі адной установы ці арганізацыі, як правіла дзяржаўных. Прадстаўнікоў апазыцыйных партый, недзяржаўных арганізацый або грамадзян, якія мелі намер увайсьці ў камісіі шляхам збору подпісаў для таго, каб сачыць за сумленнасьцю правядзеньня выбараў, у выбаркамах практычна няма.
Тэрытарыяльныя выбаркамы забракавалі вялікую колькасьць подпісаў выбарнікаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты двух асноўных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Бабарыкі і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій, былога чыноўніка і дыплямата Валера Цапкалы. Для Цапкалы гэта стала прычынай адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам, бо колькасьць подпісаў за яго вылучэньне, прызнаная сапраўднымі, аказалася ніжэйшай за мінімальны парог у 100 тысяч. Ні самім прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта, ні грамадзянам, чые подпісы былі адбракаваныя, не ўдалося дабіцца таго, каб іх залічылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК паабяцала пускаць назіральнікаў на няпоўны дзень, каб больш ахвочых трапілі на ўчасткі22 ліпеня Цэнтрвыбаркам абмежаваў колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках: ня больш за тры ў дні датэрміновага галасаваньня і ня больш за пяць — у асноўны дзень. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла гэта інтарэсамі бясьпекі чальцоў выбаркамаў і эпідэмічным становішчам. Прадстаўнікі апазыцыі заявілі, што такое рашэньне не дазволіць прысутнічаць на ўчастках незалежным назіральнікам.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.