Пра што сьведчаць шматлюдныя пікеты Ціханоўскай па ўсёй краіне? Чаму на іх удзельнікаў ня ціснуць? На што гатовыя прыхільнікі Ціханоўскай? Ці мае значэньне сапраўдны электаральны расклад?
Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць заснавальнік і ўласьнік інтэрнэт-выданьня «Моцныя навіны» Пётра Кузьняцоў і паліттэхноляг і публіцыст Аляксандар Фядута.
Сьцісла:
Кузьняцоў
- Людзі не выбіраюць прэзыдэнта, а выказваюць жаданьне, каб Лукашэнка сышоў
- Улады недаацанілі, што пасьля аб’яднаньня штабоў людзі будуць успрымаць Ціханоўскую не як асабістую альтэрнатыву Лукашэнку, а як магчымасьць зьмяніць гэтую ўладу
- Удзельнікі пікетаў Ціханоўскай маюць крыху інфантыльную надзею, што можна проста прыйсьці, прагаласаваць — і ўсё зьменіцца
- Мы ўчора ехалі 10 кілямэтраў ад ускраіны Гомля да цэнтру. І мы ўвесь час стаялі ў заторы. А паласа насустрач была цалкам пустая. Людзі ехалі на пікет Ціханоўскай
Фядута
- Тыя, хто пайшоў за Ціханоўскімі, — гэта пратэставы электарат у чыстым выглядзе.
- Лукашэнка разумее, што калі ён пачне ваяваць з жанчынай, ён прадэманструе, што ён яе баіцца
- Як казаў адзін незарэгістраваны кандыдат, 3,5 мільёна галасоў ня скрадзеш
- Зараз магчымы першы выпадак пасьля 2006 году, калі зноў будуць рэальна падлічваць галасы. І не для таго, каб сказаць людзям праўду, а каб ведаць самім
- Упершыню з «антыдармаедзкіх» пратэстаў улада апынулася ў становішчы, калі Майдан можа быць у любым горадзе
Дракахруст: Мінулы тыдзень Беларусь назірала трыюмфальны марш пікетаў Сьвятланы Ціханоўскай па дзясятку гарадоў краіны. Навідавоку рост адноснай колькасьці іх удзельнікаў: калі ў Менску на сустрэчу з кандыдаткай прыйшло каля 8 тысяч чалавек, то на мінулым тыдні тысячы прыходзілі і ў адносна невялікіх гарадах. Як патлумачыць гэты фэномэн? Андрэй Дзьмітрыеў у мінулую нядзелю правёў мітынг у Менску, прыйшло некалькі сотняў людзей. А гаварылася, што, маўляў, людзям «хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Чаму ж да Ціханоўскай ішлі тысячы, а да Дзьмітрыева — дзясяткі, у лепшым выпадку сотні? Ня хто заўгодна, атрымліваецца.
Кузьняцоў: Я схільны лічыць, што ўсё ж хто заўгодна. Але ёсьць нюансы. Грамадзтва бачыць, што найбольш сурʼёзныя сілы абʼядналіся, на гэтае абʼяднаньне глядзяць як на сілу, якая ў стане нешта зьмяніць. Твар гэтага абʼяднаньня — Ціханоўская, якая кажа, што будзе смажыць катлеты. Тым ня менш людзі яе падтрымліваюць.
Яны не выбіраюць прэзыдэнта, а выказваюць жаданьне, каб Лукашэнка сышоў. Дзьмітрыеў і Канапацкая маюць кепскую рэпутацыю ў апазыцыйных колах, у СМІ і сярод лідэраў сацыяльных мэдыя. Іхныя дзеяньні ўспрымаюцца як спойлерства. Грамадзтва не ўспрымае іх як рэальныя альтэрнатывы Лукашэнку.
Фядута: Я не зусім згодны з пазыцыяй спадара Кузьняцова. Кандыдата ў прэзыдэнты са Сьвятланы Ціханоўскай зьляпіць было можна. А, скажам, з Марыі Калесьнікавай — не. Ціханоўская як выканаўца абавязкаў свайго мужа ўзяла на сябе адказнасьць перад малымі беларускімі мястэчкамі, райцэнтрамі кшталту Чэрвеня, Глыбокага, Рагачова. І для іх яна — свая. Бо яна — жонка свайго мужа, які год грукаўся да іх праз свой ютуб-канал.
Тыя, хто пайшоў за Ціханоўскімі, — гэта пратэставы электарат у чыстым выглядзе.
Дракахруст: Так выглядае, што дзякуючы абʼяднаньню на Ціханоўскую падаюць водблескі і Бабарыкі, і Цапкалы.
Фядута: За гэта дзякуй тым, хто прыдумаў абʼяднаньне. Думаю, што рашэньне абʼяднацца вакол таго, хто будзе зарэгістраваны, было прынятае да рэгістрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры дзень, родны Гомель Сяргея Ціханоўскага!» — тысячы людзей прыйшлі на мітынг. ФОТА, ВІДЭАДракахруст: Пікеты Ціханоўскай на мінулым тыдні не сустракалі ніякага істотнага супрацьдзеяньня з боку ўладаў. Ад затрыманьня Ціханоўскага да 14 ліпеня ўключна ўлады дзейнічалі надзвычай брутальна. Чаму гэта ня мела працягу адносна агітацыйнай кампаніі Ціханоўскай?
Фядута: «Пацан дзяўчыну не пакрыўдзіць». Зарэгістравалі б мужыка, было б іншае. Лукашэнка разумее, што калі ён пачне ваяваць з жанчынай, ён прадэманструе, што ён яе баіцца.
Тое, што мы назіралі на мінулым тыдні, зусім не адмяняе мэсыдж, які быў пасланы напамінам пра Андыжан.
Ён паўтарыў гэты мэсыдж падчас наведваньня брыгады спэцназу ў Марʼінай Горцы. Гэтага дастаткова.
У рэгіёнах пайшла кампанія дыскрэдытацыі ідэі барацьбы за свае галасы і ідэі Плошчы. Унутраныя войскі і спэцназ трэніруюцца і чакаюць каманды.
Дракахруст: Ці могуць улады, паглядзеўшы на шматлікасьць пікетаў Ціханоўскай, проста зьняць яе з кампаніі?
Кузьняцоў: Гэта тое, чаго варта было б перасьцерагацца. Улады цяпер крыху разгубіліся ці ўзялі паўзу, каб паглядзець, што будзе адбывацца. Тое, што яна ў гонцы, азначае, што ўлады так хацелі. І быў напісаны пад гэта сцэнар.
Улады ў пэўным сэнсе ўзялі на ўзбраеньне сцэнар Бабарыкі. Ён казаў, што трэба ісьці на выбары як мага большай колькасьцю. Улады прыбралі ўсіх, пакінуўшы хатнюю гаспадыню. Але яны памыліліся, што людзі будуць выбіраць паміж Ціханоўскай і Лукашэнкам. Яны недаацанілі, што пасьля абʼяднаньня штабоў людзі будуць успрымаць Ціханоўскую не як асабістую альтэрнатыву Лукашэнку, а як магчымасьць зьмяніць гэтую ўладу. З боку ўлады зараз могуць быць правакацыі. Я ня веру, што нашая ўлада — «пацан», што там ёсьць гонар. І там не паглядзяць, хто жанчына, а хто — не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прывід Майдану: адны намякаюць, другія палохаюцьДракахруст: Пётра, вы былі на пікетах Ціханоўскай у Жлобіне, Рэчыцы і ў Гомлі. Які настрой у людзей? Наколькі яны злыя, наколькі гатовыя «парваць»?
Кузьняцоў: Маё ўражаньне такое, што настрой у людзей пазытыўна-аптымістычны. Людзі, якія назапашвалі незадаволенасьць сыстэмай, раптам убачылі, што іх шмат. У іх ёсьць крыху інфантыльная надзея, што можна проста прыйсьці, прагаласаваць — і ўсё зьменіцца.
Людзі кажуць, што ў іх коле няма нікога, хто за Лукашэнку. Яны не разумеюць, як можа быць, што ўсе прагаласуюць супраць Лукашэнкі, а ён застанецца. Гэта не ўкладаецца ў галовах, таму і няма злосьці, агрэсіі, што мы зараз усіх «парвем». Масавай гатоўнасьці да жорсткіх сцэнараў пакуль што няма.
Дракахруст: Зараз адбыўся зьліў нібыта дадзеных агульнанацыянальнага тэлефоннага апытаньня, якое было праведзенае ў Беларусі ў ліпені. Паводле яго, за Лукашэнку — 35%, за Ціханоўскую — 25%, у выпадку другога туру яны ў апытаньні набіраюць пароўну.
А можа і сапраўды расклад не такі, што ўвесь народ «за» ці «супраць» Лукашэнкі, а — напалову? І наагул — ці мае значэньне сапраўдны электаральны расклад? Магчыма, ня мае, бо выбараў няма, таму і не галасы будуць вырашаць.
Фядута: Як казаў адзін незарэгістраваны кандыдат, 3,5 мільёна галасоў ня скрадзеш. Хаця ёсьць пытаньне, ці будуць у Ціханоўскай гэтыя 3,5 мільёна галасоў.
У апытаньні, пра якое вы кажаце, трэба браць пад увагу фактар страху, многія людзі баяцца адказваць шчыра. Думаю, што той расклад, які фігуруе ў гэтым апытаньні адносна гіпатэтычнага другога туру Ціханоўская-Лукашэнка, ёсьць ужо цяпер, перад першым турам.
Цікавае пытаньне — ці спрацуе плян абʼяднанага штабу наконт альтэрнатыўнага падліку галасоў праз плятформу «Голас». Яны прапанавалі пэўную схему таго, як можна адсачыць колькасьць людзей, якія прагаласуюць за альтэрнатыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі налічылі 6 844 932 выбарнікі. На плятформу «Голас» падпісаліся 6,5% зь іхДракахруст: Аляксандар, вы як паліттэхноляг разумееце асаблівасьці чалавечай матывацыі. Калі за Ціханоўскую прагаласуе 3,5 мільёна, то пашле на «Голас» сканы бюлетэня і пашпарта максымум мільён. Такая псыхалёгія людзей. Чалавек можа пайсьці прагаласаваць. А нешта фатаграфаваць, дасылаць — многія гэтага рабіць ня будуць. Калі Ціханоўская набярэ 30%, а траціна зь іх дашле свае зьвесткі на «Голас», то гэта можа абвергнуць дадзеныя ЦВК, што яна набрала ўсяго 2%. Але гэта не дакажа перамогу.
Фядута: Зараз магчымы першы выпадак пасьля 2006 году, калі зноў будуць рэальна падлічваць галасы. І не для таго, каб сказаць людзям праўду, а каб ведаць самім. Калі падлік будуць весьці, то адна ўстанова будзе ведаць сапраўдныя вынікі. І гэта зусім не ЦВК.
Паглядзіце, хто ў нас цяпер кіраўнік адміністрацыі, кіраўнік камітэту дзяржкантролю. Тыя, каго параіў [старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі] спадар Вакульчык. І спадар Галоўчанка, новы прэмʼер, не чужы гэтаму ведамству.
Калі гэтыя людзі ведаюць, што «цар несапраўдны», яны могуць прыняць любыя рашэньні. Фактычна цар робіцца іх закладнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вас ужываюць супраць людзей не паліцэйскую, а ваенную тактыку». Паліцэйскі псыхоляг пра разгоны мітынгаў у Беларусі і ЭўропеДракахруст: Як можна вынікі мінулага тыдня пікетаў Ціханоўскай экстрапаляваць на 9 жніўня? Такое адчуваньне, што ціхай Плошчы ўжо ня будзе, 2015 год не паўторыцца. Калі столькі людзей прыходзіць на пікеты, то гэта, напэўна, адабʼецца на паводзінах людзей і 9 жніўня.
Фядута: Ня толькі ня будзе ціхай Плошчы, ня будзе і адзінай Плошчы ў сталіцы. Упершыню з «антыдармаедзкіх» пратэстаў улада апынулася ў становішчы, калі Майдан можа быць у любым горадзе. Досьвед Армэніі паказвае, што невядома, дзе палыхне. Можа сабраць увесь АМАП у Менску, а што будзе тады ў Гомлі?
Гэта тое пытаньне, на якое ўлада спрабуе знайсьці адказ. Але і ў абʼяднанага штабу няма адказу.
Кузьняцоў: Выглядае, што сапраўды будзе вельмі вялікая Плошча ў Менску. І ў кожным горадзе людзі будуць выходзіць. Гэта можна прагназаваць амаль дакладна. Учора ў Жлобіне і Рэчыцы да Ціханоўскай прыйшлі па 5% насельніцтва гэтых гарадоў. А за 2 тыдні гэтая мабілізацыя можа і пашырыцца. Я думаю, што будзе нейкая правакацыя, каб даць уладзе магчымасьць максымальна задзейнічаць сілу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленныя людзі» і «Права выбару» заклікалі запісвацца ў назіральнікі, нягледзячы на абмежаваньні ЦВКДракахруст: Людзі — статкавыя жывёлы. Людзі адчуваюць подых, супольную думку свайго статку. Наколькі гэта будзе важна ў гэтай сытуацыі? Ці ёсьць адчуваньне, што ён ужо не прэзыдэнт? Ці гэтае адчуваньне ёсьць толькі ў сваіх «бурбалках», асабліва ў ФБ, некаторыя так лічаць, а, скажам, на МТЗ ці на «Гомсельмашы» думаюць інакш — ды нармальны Лукашэнка, файны мужык?
Кузьняцоў: Пра якія «бурбалкі» вы кажаце? Мы можам ацэньваць жыцьцё ў офлайне. Мы можам яго ацэньваць у онлайне, але па-за нашымі «бурбалкамі». Сёстры Грузьдзевы запісваюць відэа, хэйцяць Пракопʼева і выступаюць за дзейную ўладу. У іх лайкаў — 1% ад тых, хто прагледзеў тое відэа. А глядзець яго мусім ня мы. Яго павінны глядзець людзі, якія ні ў маёй і ні ў вашай «бурбалцы». Лукашэнка прыяжджае ў Гомель — ён ня можа сабраць людзей, яны не ідуць. Іх прывозяць аўтобусамі. Але да Ціханоўскай добраахвотна прыйшло ў некалькі разоў больш людзей.
Дзе суполкі прыхільнікаў улады ў сацыяльных сетках? У Гомлі ў самай вялікай праўладнай суполцы ў сацсетках тысяча чалавек. Чаму мы ня чуем іх у крамах ці ў піўных? Мая «бурбалка» ня можа ж распаўсюджвацца на ўсіх людзей, зь якімі я стаю ў чарзе ў краме, ці на тых людзей, якія глядзяць відэа Грузьдзевых. Мы ўчора ехалі 10 кілямэтраў ад ускраіны Гомля да цэнтру. І мы ўвесь час стаялі ў заторы. Увечары, у нядзелю, са спальнага раёну. А паласа насустрач была цалкам пустая. Людзі ехалі на пікет Ціханоўскай. Калі 10% жыхароў гораду прыйшлі на мітынг кандыдата, гэта значыць, што прагаласуюць за яго ня менш як 50%.