Абвінавачаны Станіслаў Паўлінковіч віну прызнае, але адзначае, што «абразьліва выказаўся не пра саму судзьдзю, а пра ўсю праваахоўную сыстэму».
Супраць актывіста з Магілёва Станіслава Паўлінковіча завялі крымінальную справу за абразу судзьдзі. Пра гэта актывісту 27 ліпеня паведамілі на першым допыце ў Міжраённым аддзеле Сьледчага камітэту. Яго вінавацяць у парушэньні 391 артыкула Крымінальнага кодэксу. Магчымае пакараньне па гэтым артыкуле — штраф, папраўчыя працы ці абмежаваньне волі да 3 гадоў.
Як вынікае з пастановы, Паўлінковіч 21 траўня падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе Ленінскага раёну Магілёва пры сьведках абразьліва выказаўся пра судзьдзю Аксану Ратнікаву, тым самым зьняважыў яе гонар і годнасьць. Справу завялі 22 ліпеня, правялі шэраг экспэртызаў. 29 ліпеня актывіста павязуць на судова-псыхіятрычную экспэртызу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улазіць у праблемы, якія адбіваюцца на ўсіх». Апазыцыйнага актывіста звальняюць з заводу ў МагілёвеПаўлінковіч кажа, што віну прызнае, але адзначае, што «абразьліва выказаўся не пра саму судзьдзю (перад якой гатовы выбачыцца), а пра ўсю праваахоўную сыстэму».
Актывіст настойвае, што не стрымаў эмоцыяў, бо за апошні час яго рэгулярна затрымліваюць за ўдзел у акцыях пратэсту і караюць штрафамі і адміністрацыйным арыштам.
21 траўня Станіслава Паўлінковіча на суд прывезьлі з ізалятара, дзе ён адбываў 15-суткавае пакараньне за «кармленьне галубоў». Падчас затрыманьня ён не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыянтаў, якія прыехалі яго забіраць з працы, і абразіў іх. Гэта стала нагодай для чарговай адміністрацыйнай справы. Пачуўшы вырак — 15 сутак арышту і 1215 рублёў штрафу — актывіст не стрымаў эмоцыяў.
У чэрвені Станіслаў Паўлінковіч апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook зварот з просьбай дапамагчы яму сплаціць штрафы. На той момант іх сума складала 3000 рублёў. За месяц яму назьбіралі 1200.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік акцыяў пратэсту папрасіў у сеціве дапамагчы яму сплаціць штрафыУ 2017 годзе супраць яго заводзілі крымінальную справу за нібыта распаўсюд відэароліка парнаграфічнага зьместу. Яе спынілі праз «адсутнасьць доказаў, якія сьведчаць аб датычнасьці Паўлінковіча да зьдзейсьненага злачынства».