«Выбары — гэта другаснае». Лукашэнка зноў згадаў пра запасы мукі на тры дні ў 1990-я

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі на палеткі Нясвіскага раёну загадаў якасна правесьці ўбарачную, не зважаючы на выбары.

«Выбары выбарамі, а есьці ўсе хочуць. Таму галоўнае павінна быць засяроджана тут. Выбары — гэта ўжо другаснае», — цытуе Лукашэнку БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што я ўспамінаю, калі чую, што ў Менску ў 1994 годзе «на трое сутак хапала мукі, каб сьпячы хлеб»

Лукашэнка сказаў, што «хто б ні быў на пасадзе прэзыдэнта або губэрнатара», хлеб будзе патрэбен заўсёды.

«І ня дай Бог паўтарыць 1990-я. Калі ў Менску было на тры дні мукі, каб хлеб сьпячы. Таму, чаго б нам ні каштавала, гэты хлеб трэба ўзяць і аднавіць рэзэрвы», — загадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо няма такога, каб уся вёска за „бацьку“». Што кажуць камбайнэры пра жніво і выбары

Паводле падлікаў Лукашэнкі, сёлета ёсьць магчымасьць сабраць адзін з самых высокіх ураджаяў — звыш 9,5 мільёна тон збожжавых разам з кукурузай. У ранейшыя гады ставілася задача давесьці аб’ём да 10 мільёнаў тон, але ніводнага разу псыхлягічны бар’ер так і ня быў пераадолены.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.