У Баўгарыі працягнуліся вулічныя пратэсты нават пасьля зьменаў ва ўрадзе

Пратэст у Софіі 23 ліпеня

Некалькі сотняў чалавек пратэставалі ў Сафіі 25 ліпеня супраць ураду Баўгарыі, нягледзячы на зьмену некалькіх урадавых міністраў.

Пратэстоўцы крычалі «Адстаўка!» і «Мафія!». Некаторыя закідвалі будынак Савета Міністраў у цэнтры сталіцы памідорамі і рулёнамі туалетнай паперы.

Акцыі доўжацца 17 дзён запар. Яны не спыніліся нават пасьля таго, як прэм’ер-міністар Бойка Барысаў зьмяніў чатырох міністраў у сваім урадзе. 23 ліпеня ён звольніў міністраў фінансаў, унутраных справаў і эканомікі, абвінаваціўшы ў тым, што яны служылі інтарэсам уплывовага бізнэсоўца і мэдыямагната Дэлана Пееўскага, які зьвязаны з апазыцыйным Рухам за правы і свабоды (DPS). Пазьней стала вядома пра звальненьне міністра турызму.

Пратэсты пачаліся пасьля таго, як 9 ліпеня Генэральная пракуратура Баўгарыі абшукала штаб прэзыдэнта Румэна Радзева. Пратэстоўцы ацанілі ператрусы як напад ураду і генэральнага пракурора на прэзыдэнта.

Ператрус адбыўся пасьля таго, як прэзыдэнт заявіў, што Нацыянальная служба абароны, якая адказвае за абарону вышэйшых службовых асобаў краіны, павінная спыніць абараняць аднаго з самых уплывовых баўгарскіх людзей і ганаровага лідэра Руху за правы і свабоды Ахмэда Догана.

Акрамя таго, пратэстоўцы раззлаваліся на забарону Нацыянальнай службы абароны наведваць публічны пляж на ўзьбярэжжы Чорнага мора побач зь лецішчам Догана.

Паводле ўдзельнікаў акцыі, іх задаволіць толькі поўная адстаўка ўраду. Радзеў у сваю чаргу выказаўся ў іхнюю падтрымку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталіцы Баўгарыі амаль два тыдні адбываюцца масавыя пратэсты