У Кіргізстане памёр праваабаронца Аскараў, які адбываў пажыцьцёвае пакараньне

Азімджан Аскараў у судзе, 10 студзеня 2017

Праваабаронца Азімджан Аскараў, асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў у Ошы ў чэрвені 2010 году, памёр у шпіталі папраўчай калёніі 47 у Бішкеку. Пра гэта ў суботу, 25 ліпеня, паведаміў яго адвакат Валяр’ян Вахітаў.

«Ён даўно і цяжка хварэў. У яго былі ўсе прыкметы пазашпітальнай пнэўманіі, — расказаў адвакат. — Калі апошні раз я зь ім бачыўся, ён кашляў, задыхаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажыцьцёвы прысуд 70-гадоваму праваабаронцу ў Кіргізстане пакінулі бязь зьменаў

СМІ: Дапамогі ў калёніі праваабаронца не дачакаўся

Як удакладняе інфармацыйны партал 24.kg, належную дапамогу ў калёніі мужчыну не аказалі. Юрысту ўдалося дамагчыся яго пераводу ў шпіталь толькі 24 ліпеня, аднак лекары ня здолелі выратаваць праваабаронцу.

Калегія Вярхоўнага суду Кіргізстану 13 траўня пакінула ў сіле пажыцьцёвы прысуд Азімджану Аскараву. У канцы 2010 году суд у Джалалабадзе палічыў яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, саўдзеле ў забойстве міліцыянта, закліках да зьвяржэньня ўлады і распальваньні нацыянальнай варожасьці падчас міжэтнічных сутыкненьняў паміж кіргізамі і ўзбэкамі 10-15 чэрвеня 2010 году ў Ошы, на поўдні Кіргізстану. Акрамя Аскарава, вінаватымі былі прызнаныя яшчэ сем чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За ўшанаваньне праваабаронцы Кіргізстан пагражае разарваць адносіны з ЗША

Ляўрэат прэміі Дзярждэпартамэнту ЗША

У 2015 годзе, ужо знаходзячыся за кратамі, Аскараў стаў ляўрэатам прэміі амэрыканскага Дзярждэпартаменту «Абаронца правоў чалавека». Гэта выклікала вельмі нэгатыўную рэакцыю афіцыйнага Бішкеку, які назваў дзеяньні Дзярждэпу «непрыязным крокам» і ў адказ дэнансаваў міжурадавае пагадненьне аб супрацоўніцтве, падпісанае Кіргізстанам і ЗША ў 1993 годзе.

Вясной 2016 году Камітэт ААН па правах чалавека рэкамэндаваў уладам краіны вызваліць праваабаронцу.