Ці паразумеюцца «нацыяналісты» і «бабарыкінцы»?

Ці магчымае і ці патрэбнае паразуменьне паміж нацыянальна-арыентаванымі і новымі людзьмі, чые памкненьні сфакурсаваліся на Бабарыку, Цапкалу ці Ціханоўскіх? У чым можа палягаць формула гэтага паразуменьня? Пад якім сьцягам адбудуцца перамены ў Беларусі?

Над гэтымі тэмамі разважаюць пісьменьнік Севярын Квяткоўскі і бізнэсовец Іван Шыла.

Сьцісла

Квяткоўскі

  • Я чуў, асабліва ў малых гарадах: «Мы за Ціханоўскага, мы за Бабарыку, мы за перамены, а вы са сваімі бчб сьцягамі адыходзьце, бо за гэтыя сьцягі б’юць»
  • Гаворка пра тактычныя рэчы, пра тое, што трэба выцягнуць з нораў дэнацыяналізаваную публіку
  • Паразуменьне павіннае пачацца з сэгмэнтаваньня аўдыторыі. Да матываванага, загартаванага ў баях сэгмэнту з бчб сьцягам таксама варта зьвяртацца
  • Асабіста для мяне разьвіцьцё беларускай мовы ёсьць сынонімам разьвіцьця дэмакратыі
  • З «бчб-боку» таксама трэба спакайней ставіцца да сытуацыі і не шукаць ворагаў пад кожным кустом

Шыла

  • Ня ведаю, ці ёсьць непаразуменьне паміж «нацыяналістамі» і «бабарыкінцамі», я бачу спрэчку паміж нэафітамі і людзьмі з палітычным досьведам
  • Цяпер да бчб сьцягу няма кепскага стаўленьня
  • У свой час Андрэй Дзьмітрыеў спрабаваў пазыцыянаваць сябе з двума сьцягамі — бчб і чырвона-зялёным. Але гэта не прыцягвала прыхільнікаў чырвона-зялёнага сьцягу і не прываблівала прыхільнікаў бчб сьцягу.
  • Я крыху стаміўся гаварыць па-беларуску. Я прызнаю сваю слабасьць. Але мне хацелася прыходзіць у бар і замаўляць піва, а не тлумачыць, чаму я выбраў беларускую мову

Дракахруст: «Перамены адбудуцца тады, калі „нацыяналісты“ і „бабарыкінцы“ паразумеюцца» — блог з такой назвай напісаў днямі Севярын Квяткоўскі. Іван, вы абʼядноўваеце ў сябе гэтыя групы: былі адным зь лідэраў «Маладога Фронту», ня раз сядзелі на «соднях», а зараз — у камандзе Бабарыкі. На ваш погляд, ці патрэбнае гэтае паразуменьне, пра якое напісаў Севярын?

Іван Шыла

Шыла: У мяне няма адназначнага адказу. Добра, калі мы можам абʼяднаць усіх — нават 97% і 3%. Але такога ніколі не бывае і ня будзе. Я ня ведаю, наколькі гэта плян — гаварыць так, як гавораць чальцы штабу Бабарыкі.

Ня ведаю, ці ёсьць непаразуменьне паміж «нацыяналістамі» і «бабарыкінцамі», я бачу спрэчку паміж неафітамі і людзьмі з палітычным досьведам. Але я б яе не перабольшваў. Мне самому крыху крыўдна на тое, што гавораць людзі ў кампаніі. Але гэта крыўда не на тое, што яны кажуць, а на тое, што мы калісьці зрабіць не змаглі.

Крытыку на іх адрас я бачу ў асноўным у ФБ, часта ад людзей, якія даўно зьехалі зь Беларусі.

Мне вельмі падабаецца пазыцыя Пракоп'ева, тое, як ён складна і коратка ўкладае ў свае відэа. Ён кажа, што Статкевіч і Севярынец — героі, але мы зараз павінныя зрабіць нешта іншае. І мне складана не пагадзіцца, казаць, што мы змагаліся, а ён — не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларушчына ці дэмакратыя — што важнейшае?

Квяткоўскі: Севярын, патлумачце ваш пасыл пра паразуменьне. Я хачу нагадаць дыскурс «нацыяналістаў». Ёсьць нацыянальны код — мова, сьцяг, «Пагоня», Дзень волі, прэч ад Расеі. І ёсьць Лукашэнка. А акрамя гэтага нічога ж пэўнага і няма, ёсьць адно дэнацыяналізаваная маса, якой трэба накінуць код. Прынамсі, так даволі доўга гаварылася.

Дык зь кім вы прапануеце паразуменьне? З дэнацыяналізаванай масай?

Квяткоўскі: Я кажу пра сёньняшнія рэаліі апошніх месяцаў. Мае развагі абсалютна тактычныя. Ёсьць людзі, якіх можна назваць «альтэрнатыўнымі», нэафітамі, «бабарыкінцамі», «ціханоўцамі». Яна збольшага не за пэрсоны, а за зьмены.

Яны зараз праходзяць шлях, які старыя нацыяналісты прайшлі 20 гадоў таму. Яны думаюць, што можна законным шляхам на выбарах зьмяніць уладу.

Меншасьць пад бчб сьцягам — гэта вельмі спрактыкаваныя, яны прайшлі агонь і ваду, яны і зараз гатовыя ўстаць у шыхт, пад дубінкі і арышты.

Хутчэй ха ўсё, гэтае яднаньне «старых» і «новых» будзе адбывацца ўжо пасьля 9 жніўня, калі «новыя» убачаць, што іх падманулі, што закону няма. Яны ўжо зараз знаёмяцца на нарах на Акрэсьціна.

Я згодны зь Іванам, што гэта падзел не такі ўжо глыбокі. Але я чуў, асабліва ў малых гарадах: «Мы за Ціханоўскага, мы за Бабарыку, мы за перамены, а вы са сваімі бчб сьцягамі адыходзьце, бо за гэтыя сьцягі бʼюць». Але мяркую, што і там будзе катарсіс, прасьвятленьне.

Дракахруст: Калі такое паразуменьне было б карысным, то якой магла б быць яго формула? Памятаю, на БНР-100 было мора бчб сьцягаў. На мітынгу Ціханоўскай прынамсі мора гэтых сьцягоў не было. Значыць, ладная частка тых, хто быў на БНР-100, да Ціханоўскай не прыйшлі.

Зь іншага боку, вось Севярын сказаў, што ў правінцыі людзі ня хочуць, каб быў гэты сьцяг. Можа справа ня толькі ў тым, што за яго бʼюць. Але і ў тым, што людзі, якія так гавораць, проста не асацыююць сябе з гэтым сьцягам, гэта ня іх сьцяг?

Шыла: Мне здаецца, што цяпер да бчб сьцягу няма кепскага стаўленьня.

Дракахруст: Кепскага стаўленьня няма. Але ў свой час Кастусёў, калі балятаваўся ў прэзыдэнты і выступаў на БТ, ён паставіў перад сабой бчб сьцяжок. Ціханоўская гэтага не зрабіла. Так, яна ня супраць. Але яна не асацыюе сябе з гэтым сьцягам.

Шыла: Я думаю, тут ёсьць пэўны разьлік — адхрысьціцца ад традыцыйнай апазыцыі. Апазыцыя асацыюецца з паразамі, няўдачамі і болем. Яна ж ніякі сьцяжок не паставіла — ні чырвона-зялёны, ні эўрапейскі, ні расейскі. Калі яны вырашылі абысьці гэты момант, гэта някепска.

У свой час Андрэй Дзьмітрыеў спрабаваў пазыцыянаваць сябе з двума сьцягамі — бчб і чырвона-зялёным. Але гэта не прыцягвала прыхільнікаў чырвона-зялёнага сьцягу і не прываблівала прыхільнікаў бчб сьцягу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шыла: "Страляў з аўтамата тры разы, але навучыўся прасаваць"

Дракахруст: Севярын, а на ваш погляд — як бы магла выглядаць формула паразуменьня, пра якое вы напісалі? Некаторыя ў ФБ пішуць, што добра было б, каб Ціханоўская падпісала нейкае пагадненьне пра паразуменьне з нацыянальна-арыентаванай часткай грамадзтва. А што магло б быць запісана ў гэтым пагадненьні? Ціханоўская такая, якая яна ёсьць. Так, яна можа і ня супраць бчб сьцягу. Але яна ня можа сказаць, што гэта яе сьцяг.

Севярын Квяткоўскі

Квяткоўскі: На мітынгу Ціханоўскай у Менску 19 ліпеня пад канец гэтыя сьцягі зьявіліся. Пад канец там як раз было мора сьцягоў.

Што да Ціханоўскай, то яна чалец каманды. Яна слухае, што ёй гавораць паліттэхнолягі. І тут гаворка пра тактычныя рэчы, пра тое, што трэба выцягнуць з нораў дэнацыяналізаваную публіку.

Паразуменьне павіннае пачацца з сэгмэнтаваньня аўдыторыі. Да матываванага, загартаванага ў баях сэгмэнту з бчб сьцягам таксама варта зьвяртацца. Я ў сябе ў ФБ напісаў, што трыюмвірату Ціханоўская-Калесьнікава-Цапкала не хапае чацьвёртага элемэнту, і ім бы магла быць сьпявачка Руся.

Дракахруст: У гэтым сэнсе карэктна зрабіла Канапацкая: спачатку сказала прамову па-беларуску, потым паўтарыла па-расейску. Думаю, што калі б Ціханоўская так зрабіла, вы былі б задаволены.

Квяткоўскі: Я і так задаволены, што людзі папрачыналіся хоць пра з 20 зь нечым гадоў. Але мне здаецца, што там хтосьці ў камандзе нехта «закрывае» нацыянальнае пытаньне, бо баіцца чагосьці.

Праца вядзецца пераважна празь інтэрнэт. А даўно даказана, што адсотак ужываньня беларускай у Інтэрнэце значна вышэй, чым на вуліцы.

Я бачыў 14 ліпеня, як людзі скандуюць «Жыве Беларусь». Нехта крычаў «Позор», іншыя — «Ганьба». «Жыве Беларусь» — гэта адзін з кодаў, пра якія вы, Юры, казалі. І ён прабіваецца.

І разборкі наконт гэтага моладзі неўласьцівыя. Наконт гэтага спрачаюцца людзі больш сталага веку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што сказалі і пра што прамаўчалі кандыдаты. Разважаюць рэжысэр Андрэй Курэйчык і аналітыкі Свабоды

Шыла: Ціханоўская ходзіць у футболцы з эмблемай «Краіна для жыцьця». Там два колеры — белы і чырвоны. Гэта не бчб сьцяг, але гэтыя колеры складана зь нечым пераблытаць.

Дракахруст: Іван, я не хачу пакрыўдзіць вас пытаньнем. Але, наколькі я разумею, калі вы былі намесьнікам старшыні «Маладога Фронту», вы размаўлялі пераважна па-беларуску. А зараз размаўляеце па-расейску. Чаму?

Шыла: Ня ведаю, так атрымалася. Я паехаў ва Ўкраіну, на стажыроўку на Радыё Свабода. Паколькі я ня ведаю ўкраінскую, мяне адправілі ў «Крым.Реалии», я там пісаў і размаўляў па-расейску. Я вярнуўся ў Менск і стаў расейскамоўным. Я крыху стаміўся гаварыць па-беларуску. Я прызнаю сваю слабасьць. Але мне хацелася прыходзіць у бар і замаўляць піва, а не тлумачыць, чаму я выбраў беларускую мову, чаму Лукашэнка кепскі і як я быў у апазыцыі. Я крыху стаміўся. Плюс гэта супала зь месяцам расейскамоўнай практыкі ў Кіеве.

Дракахруст: Севярын, пытаньне, якое вы ўзьнялі — доўгаіграючае. Я ў спрэчках наконт яго ўдзельнічаю ўжо гадоў 30. Вы таксама доўгі час у іх удзельнічаеце. Мяркую, што яны працягнуцца і пасьля 9 жніўня, прычым незалежна ад выніку выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч падтрымала Ціханоўскую: Калі нас будзе шмат, перамены будуць ісьці мірным шляхам

Днямі я браў інтэрвію ў Сьвятланы Алексіевіч, я прыгадаў ваш блог, які мы сёньня абмяркоўваем, і спытаў, якая яе пазыцыя. Яна прыгадала свае колішнія спрэчкі з Зянонам Пазьняком. Паводле яе — Спачатку дэмакратыя, потым мова. Я мяркую, што людзі кшталту Пазьняка і кшталту вас могуць з гэтай формулы зрабіць выснову — калі мова потым, то гэта значыць ніколі. І формула Алексіевіч — гэта фактычна прапанова вам капітуляваць. А ў чым усё ж можа быць кампраміс паміж Алексіевіч і вамі, напрыклад?

Квяткоўскі: Я ня згодны ні са спадаром Пазьняком, ні са спадарыняй Алексіевіч. Асабіста для мяне разьвіцьцё беларускай мовы ёсьць сынонімам разьвіцьця дэмакратыі. Калі толькі разьвіваць беларускую мову і думаць пра яе і пра дэрусіфікацыю, дык ёсьць прыклад Туркмэністану. Там усё гэта адбылося. Я гэтага не хачу. Я не хачу беларускамоўнай Беларусьсю без дэмакратыі — як Туркмэністан. І ёсьць прыклады дэмакратычных краінаў, дзе ўсё нацыянальнае фактычна зьнішчанае. Гэтага я таксама не хачу для Беларусі.

Чуў крыўды — чаму трыюмвірат апублікаваў сваю адозву па-расейску і толькі потым па-беларуску. Слухайце, вы свае крыўды пакладзіце куды-небудзь пад падушку і пачакайце хаця б пару месяцаў.

Мы ўсю нашую размову казалі пра той бок, дэнацыяналізаваны. А цяпер я скажу пра гіпэрнацыяналізаваны. Кажуць пра «руку Масквы». Колькі існуе маскоўская дзяржава, столькі яна пагражае Беларусі — яшчэ з часоў ВКЛ. Кажуць, што трыюмвірат супраць беларускай мовы. Ды ня супраць яны. У іх проста зараз няма гэтага ў галаве зараз. Для іх гэта культурнае, а не цывілізацыйнае пытаньне.

Таму з «бчб боку» таксама трэба спакайней ставіцца да сытуацыі і не шукаць ворагаў пад кожным кустом.