Часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Хабараўскага краю Расеі Міхаіл Дзегцяроў напярэдадні акцыі пратэсту, якую плянуюць правесьці ў Хабараўску ў суботу, заявіў, што зьедзе на выходныя з гораду, і заклікаў гараджан заняцца чым-небудзь «карысным».
«У мяне ўсяго два дня, калі я магу праехаць па краі» — сказаў Дзегцяроў, не патлумачыўшы, чаму ў яго настолькі абмежаваны час на паездкі.
Прызначаны ў панядзелак прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным часовым выканаўцам абавязкаў губэрнатара таксама паведаміў, што сочыць за тым, што адбываецца на плошчы ў цэнтры Хабараўска праз вэб-камэры. Ён заклікаў удзельнікаў акцый пратэсту трымаць сацыяльную дыстанцыю, каб не заразіцца каранавірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Хабараўску праходзіць ужо восьмая акцыя пратэсту супраць арышту мясцовага губэрнатараРаней Міхаіл Дзегцяроў заявіў, што акцыі пратэсту ў краі «падаграваюцца» замежнымі грамадзянамі. У адказ на пытаньне карэспандэнта Бі-бі-сі, як яны маглі трапіць у край, калі межы зачыненыя, Дзегцяроў заявіў, што ў Расеі засталіся замежнікі. «Зьявілася магчымасьць разгайдаць сытуацыю ў Хабараўскім краі — яны сюды прыляцелі», — сказаў Дзегцяроў.
Акцыі пратэсту ў Хабараўску і іншых гарадах краю праходзяць ужо два тыдні. Яны не ўзгадняюцца з уладамі, але паліцыя ня ўмешваецца ў тое, што адбываецца. Акцыі праходзяць мірна. Пачаліся яны пасьля затрыманьня губэрнатара Сяргея Фургала, які быў абраны ў 2018 годзе. Нягледзячы на пратэсты, прэзыдэнт Пуцін адхіліў Фургала ад пасады і прызначыў Дзегцярова. Той, як і Фургал, прадстаўляе ЛДПР, аднак ня меў раней ніякага дачыненьня да Хабараўскім краі.