18 ліпеня ў Хабараўску ды іншых гарадах Расеі праходзяць масавыя акцыі супраць арышту губэрнатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала. Яго затрымалі 9 ліпеня і адвезьлі ў Маскву.
11 ліпеня прайшла першая акцыя пратэсту ў Хабараўску, якая сабрала некалькі дзясяткаў тысяч удзельнікаў.
У Хабараўску 18 ліпеня зноў сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Яны пратэстуюць супраць арышту губэрнатара краю Сяргея Фургала, якога вінавацяць у арганізацыі забойстваў прадпрымальнікаў 15 гадоў таму, паведамляе «Сибирь. Реалии».
Гэта ўжо восьмая акцыя пратэсту з арышту губэрнатара. Першая прайшла 11 ліпеня і сабрала ад 10 да 30 тысяч удзельнікаў і стала самай масавай за гісторыю Хабараўску. У акцыі па ацэнцы журналістаў прымаюць удзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
На знак падтрымкі акцыі праходзіць таксама ва Ўладзівастоку, дзе сабраліся некалькі сотняў чалавек і ў Камсамольску на Амуры.
У Хабараўску паліцыя суправаджае калёну мітынгоўцаў, але не перашкаджае акцыі. Людзі скандуюць «Свабоду Фургалу» і «Справядлівы суд».
За дзень да акцыі ФСБ Расеі абвясьціла аб тым, што ўдалося прадухіліць тэракт у Хабараўску і затрымаць чалавека, які зьбіраўся яго зьдзейсьніць.
Губэрнатара краю Сяргея Фургала затрымалі на два месяцы, усе абвінавачваньні ён адкідае.
Мясцовыя жыхары кажуць пра палітычныя матывы арышту Фургала. На выбарах у 2018 годзе Сяргей Фургал перамог кандыдата ад «Адзінай Расеі» Вячаслава Шпорта. Пры гэтым Сяргей Фургал усё яшчэ застаецца губэрнатарам.