Генпракуратура заявіла, што яе прадстаўнікі не наведвалі школу, дзе вучацца дзеці Цапкалаў

Вераніка і Валер Цапкалы, архіўнае фота

Генэральная пракуратура Беларусі пракамэнтавала ў Telegram'е словы былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы пра тое, што ў школу да ягоных дзяцей прыходзілі работнікі пракуратуры, і апасеньні сям’і Цапкалаў, што іх могуць «пазбавіць бацькоўскіх правоў».

«Сёньня шэраг інтэрнэт-рэсурсаў апублікаваў інфармацыю, атрыманую ад экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Беларусі Валера Цапкалы і ягонай жонкі, аб працы, якую нібыта праводзіць пракуратура па пазбаўленьні Веранікі Цапкалы бацькоўскіх правоў.

«Гэтыя зьвесткі зьяўляюцца недакладнымі. Прадстаўнікі пракуратуры школу, дзе вучацца дзеці мужа і жонкі Цапкалаў, не наведвалі. Ніякіх дзеяньняў, накіраваных на пазбаўленьне Валера або Веранікі Цапкалы бацькоўскіх правоў, органы пракуратуры не рабілі з прычыны адсутнасьці нагодаў і падставаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала пра ад’езд мужа і дзяцей: «У нас не заставалася выбару, прынялі рашэньне за 5 хвілін»

Раніцай 24 ліпеня стала вядома, што Валер Цапкала разам зь дзецьмі зьехаў з краіны. Ён патлумачыў такое рашэньне тым, што яго сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі, што рыхтуецца яго арышт, а таксама тым, што ў школу, дзе вучацца ягоныя дзеці, прыйшлі прадстаўнікі пракуратуры і «пачалі ў настаўнікаў, завуча, дырэктара школы патрабаваць, каб тыя падпісвалі нейкія паперы ў дачыненьні да нашага дзіцяці».

Вераніка Цапкала выказала здагадку, што прадстаўнікі пракуратуры зрабілі гэта, каб потым «запусьціць працэс пазбаўленьня бацькоўскіх правоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Беларусьсю і дзецьмі яна абрала Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Цапкала: Калі ў Беларусі будзе горача, я прыеду раней за 9 жніўня

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.