«Кіраўніцтва Беларусі не дапусьціць, каб штучна дэстабілізавалі сытуацыю», — кіраўнік МЗС Макей 

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей сустрэўся з кіраўніком МЗС Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам і пракамэнтаваў апошнія падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі.

У прыватнасьці, Уладзімер Макей падкрэсьліў, што выбарчая кампанія праходзіць у «строгай адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам», перадае БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША пацікавіўся ў Макея ходам прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі

«Уся структура дзяржаўнай улады ў Беларусі скіраваная на тое, каб падрыхтоўка і правядзеньне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ішлі ў поўнай адпаведнасьці з законам і з выкананьнем правоў чалавека. Але кіраўніцтва Беларусі не дапусціць, каб штучна была дэстабілізаваная сытуацыя ў грамадзтве ці каб гэта прывяло да страты сувэрэнітэту, незалежнасьці дзяржавы», — адзначыў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў «выдвараць з краіны» журналістаў, якія «заклікаюць да масавых беспарадкаў». ВІДЭА

Кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства робіць аднадзённы працоўны візыт у Латвію. Гэтую краіну ў красавіку павінен быў наведаць Аляксандар Лукашэнка. Аднак праз пандэмію каранавірусу візыт перанесьлі на пазьнейшы тэрмін.