«Ад удзелу ў разгоне дэманстрацый можна адмовіцца». Гутарка з былым афіцэрам унутраных войскаў

Архіўнае фота. Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году

Як трэнуюцца разганяць мітынгі, якія спэцсродкі ёсьць на ўзбраеньні спэцназу і што будзе 9 жніўня — пра гэта ў матэрыяле Свабоды.

Былы афіцэр, які ў сярэдзіне 2010-х гадоў праходзіў службу ў адной з частак унутраных войскаў Беларусі, расказаў Свабодзе пра «ўнутраную кухню» разгонаў масавых акцый пратэсту.

Суразмоўца пажадаў застацца ананімным, ён падкрэсьлівае, што сам ня ўдзельнічаў у рэальным разгоне пратэстаў. У 2015 годзе ўлады актыўна рыхтаваліся да іх. Чакалася, што пратэсты адбудуцца ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў, аднак на вуліцы амаль ніхто тады не выйшаў.

Па словах былога спэцназаўца, пяць гадоў таму ў падрыхтоўцы актыўна ўлічваліся падзеі на кіеўскім Майдане 2014 году. Ён таксама гаворыць, што сёлетнія пратэсты моцна адрозьніваюцца ад тых, да якіх рыхтаваліся яны ў 2015 годзе. Адпаведна ўнутраныя войскі сёлета таксама павінны выкарыстоўваць іншую стратэгію.

Унутраныя войскі на праспэкце Незалежнасьці, 25 сакавіка 2017 году

Як разганяюць пратэсты

«Першае правіла разгону дэманстрацыі — падзяліць натоўп на часткі, — расказвае суразмоўца. — Гэта самае важнае. Вы бачылі, што было ў першы дзень (маецца на ўвазе 18 чэрвеня, дзень затрыманьня Віктара Бабарыкі. — РС)? Тады людзей ніхто не чапаў, ім далі сабрацца. А на другі дзень (19 чэрвеня — апошні дзень агітацыі, калі пачаліся масавыя затрыманьні) праспэкт падзялілі шэрагамі байцоў. Гэта былі ўнутраныя войскі, частка 3214, спэцназ».

Былы афіцэр гаворыць, што падзеленыя на часткі групы пратэстоўцаў прасьцей схапіць, яны ня здольныя актыўна супраціўляцца. Байцоў унутраных войскаў ён таксама бачыў на вуліцах Менску ў дзень, калі штаб Бабарыкі запрасіў сваіх прыхільнікаў стаць у чаргу ля ЦВК. Там былі там былі нават «крапавыя бэрэты» — эліта спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 200 украінцаў зь бітамі і гранатай і іншыя выкрыцьці спэцслужбаў перад акцыямі пратэстаў: 2006–2017

Па словах суразмоўцы, фізычна ўдзельнічаць у трэніроўках разгону акцый пратэсту вельмі складана. Шмат важыць амуніцыя, за дзьве гадзіны трэніровак баец моцна стамляецца, ягоную вопратку можна літаральна выкручваць. Падчас трэніровак адпрацоўваюцца розныя спосабы блякаваньня групаў і затрыманьня асобных пратэстоўцаў. Пры гэтым розныя часткі і падразьдзяленьні граюць ролю то дэманстрантаў, то разганяльнікаў.

«Асновай трэніровак служыла плошча Незалежнасьці, яе мадэлявалі на палігоне, нават з макетамі вонкавых частак гандлёвага цэнтру „Сталіца“, вельмі дакладна, — расказвае былы афіцэр. — Чаму цяпер не маглі адразу разагнаць людзей — яны выйшлі не на плошчу, а на вуліцы. Няміга была, праспэкт быў, нават на Дзяржынскага былі людзі, у Новай Баравой. У такім выпадку складана разагнаць. Калі б падключылі ўсе часткі, тады маглі б хутка, але гэтага не рабілі».

Разгон акцыі пратэсту 25 сакавіка 2017 году ў Менску

Па словах былога байца ўнутраных войскаў, на выезд з часткі па камандзе «Вулкан!» (каманда на разгон дэманстрацый. — РС) даецца 5 хвілін. Байцы могуць чакаць каманды ў казармах і некалькі гадзін, і нават суткі. Ёсьць некалькі палігонаў, дзе трэнуюцца ўнутраныя войскі. Суразмоўцу даводзілася бываць у тым ліку ў вучэбным цэнтры «Валоўшчына», вядомым з прызнаньняў Юрыя Гараўскага. Самыя рэалістычныя вучэньні, з падпаленымі шынамі і выкарыстаньнем газу, адбываліся там.

«Каманду „Газы!“ адпрацоўвалі, гэта зразумела, — працягвае расказваць ён. — Ёсьць яшчэ каманда „Камяні!“ — калі дэманстранты пачынаюць закідваць байцоў. Тады становяцца за шчытамі. Каманда „Чарапаха!“ ёсьць. Гэта калі ўжо ўсё навокал разгромлена і трэба адыходзіць. Яна вельмі рэдка выкарыстоўваецца. На відэа з Майдану ў Кіеве можна „чарапаху“ бачыць. Байцы групуюцца, закрываюцца шчытамі і сыходзяць. На Майдане практычна не было супрацьстаяньня са шчытамі, спэцназ закідвалі „кактэйлямі“ ў асноўным. А калі ідзе шэраг са шчытамі, супраць іх немагчыма змагацца. Першы шэраг як буфэр, за ім яшчэ адзін. Іх не працісьнеш».

Па словах былога афіцэра, АМАП амаль ніколі ня ходзіць у шэрагах, гэта справа байцоў унутраных войскаў. АМАП выкарыстоўваюць у якасьці сілы для затрыманьняў дэманстрантаў альбо для разгону невялікіх груп.

Падчас трэніровак разгону пратэстаў у байцоў пэрыядычна здараюцца траўмы. Гэта становіцца вялікай праблемай, пасьля кожнай траўмы адбываюцца працяглыя разборы сярод кіраўніцтва.

Затрыманьні ў Менску, ліпень 2020 году

«Вучэньні праходзяць вельмі сур’ёзна, не для галачкі, — кажа былы афіцэр. — Нам казалі: «Ваша жыцьцё залежыць ад таго, як вы падрыхтуецеся. Чалавеку, які выйшаў на пратэст, няма розьніцы, каго біць — амапаўца, які ў сябе дома жыве зь сям’ёй, альбо салдата ўнутраных войскаў. Для іх ты ўсё адно міліцыянт».

Па словах суразмоўцы, цяпер вельмі складана зразумець, як адбываецца падрыхтоўка і якія пляны маюць сілавікі. Ніхто не прадбачыў, што пратэсты ператворацца ў ланцугі на вуліцах у розных частках Менску і іншых гарадоў. Разгон такіх акцый пратэсту раней не адпрацоўваўся. Тым ня менш суразмоўца перакананы, што калі людзі выйдуць на вуліцы 9 жніўня ў дзень выбараў і будуць заставацца там у наступныя дні, пратэсты хутка задушаць.

«Думаю, цяпер спэцназ трэнуецца вельмі актыўна, — кажа былы афіцэр. — Яны выяжджаюць куды толькі можна. Я размаўляў з былымі саслужыўцамі, мы абмяркоўваем сытуацыю. Усе як адзін кажуць, што ніякага Майдану ў нас ня будзе».

Спэцтэхніка для разгону дэманстрацый

Якія часткі задзейнічаныя і ці ўдзельнічае ў разгонах звычайная міліцыя

«Самая баяздольная ў пляне разгону дэманстрацый частка — 3214-я, — кажа суразмоўца. — Яны спэцыялізуюцца на гэтым. 5448-я, як і 3310-я, спэцыялізуюцца не на разгоне, а на падтрыманьні грамадзкага парадку. Іншыя таксама ў прынцыпе маюць свае задачы асобныя. А 3214=я — гэта асаблівая частка. Пад’ём у 6-7 раніцы, добры паёк, фізычная падрыхтоўка. Яны бегаюць начныя марш-кідкі, маюць лепшае ўзбраеньне, вельмі добра ходзяць са шчытамі. Яны лічацца элітай».

Па словах былога афіцэра, частка 3214 разам з афіцэрамі налічвае прыкладна 1200 чалавек. 5448-я — прыкладна 1100. 3310-я — каля 700-800 чалавек. Агулам чалавечы рэсурс унутраных войскаў, гаворыць суразмоўца, абмежаваны. У Менску гэта прыкладна 3500 чалавек. Аднак ёсьць унутраныя войскі і ў іншых гарадах.

Затрыманьні ў Менску 15 ліпеня 2020 году

«У Гомлі моцная частка ўнутраных войскаў, — расказвае суразмоўца. — Іх таксама могуць далучыць да разгонаў. Цяпер яны ёсьць ва ўсіх абласных гарадах. Усе трэнуюцца са шчытамі, спэцыялізуюцца на разгоне. Мы трэнаваліся на аэрадроме „Ліпкі“. Там сабралі ўсе часткі, мы хадзілі са шчытамі там. За аснову бралі тады ўкраінскі Майдан».

Па словах былога афіцэра, падчас трэніровак байцы ўнутраных войскаў не праводзілі затрыманьняў і амаль не выкарыстоўвалі спэцсродкаў. Іх асноўная задача — выцясьняць пратэстоўцаў, дзяліць іх на групы. Як кажа суразмоўца, міліцыянты з РУУСаў увогуле не ўдзельнічаюць у разгонах пратэстаў. Паміж звычайнымі міліцыянтамі і байцамі ўнутраных войскаў існуе нават пэўная напружанасьць.

Байцы ўнутраных войскаў перакрылі вуліцу ля Дому ўраду, 15 ліпеня 2020 году

Спэцтэхніка і спэцсродкі

«Цунамі» — гэта вадамёт, — расказвае суразмоўца пра самую сур’ёзную тэхніку, якая ёсьць на «ўзбраеньні» ўнутраных войскаў. — Гэтая машына важыць прыкладна 15-25 тон. Сіняга колеру, з каўшом. Вы маглі іх бачыць у 2017 годзе на праспэкце, але іх тады толькі паказалі, не выкарыстоўвалі, вядома.

Гэта ня толькі вадамёт, яе выкарыстоўваюць таксама для бурэньня барыкадаў. Вельмі магутная тэхніка. «Цунамі» бессэнсоўна закідваць кактэйлямі Молатава, машына можа сама сябе патушыць. Па чутках, адна такая машына каштуе 400 тысяч даляраў, але дакладна я ня ведаю. У Менску іх восем, здаецца, чатыры ў адной частцы, яшчэ чатыры ў другой» .

Як расказвае былы афіцэр, вадамёт «Цунамі» б’е на 150 мэтраў, ён здольны зьбіць вадой чалавека з ног.

«Цунамі» на праспэкце Незалежнасьці 25 сакавіка 2017 году

«СОБР (спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня. — РС) мае сваю спэцтэхніку — Ford F350, — працягвае былы афіцэр. Дзе ня можа праехаць „Цунамі“, праяжджае гэты Ford. Гэта машына для маленькіх вуліц. Яна мае прыстасаваньне для пераходу цераз барыкады. Пад’яжджае, зьверху зь люка баец пачынае абстрэл з помпавага ружжа. Выбуховыя пакеты „Зара“, дымавыя шашкі задзейнічаюць. Мікрааўтобусы таксама ёсьць у частках. Там зьверху люк, адтуль могуць весьці абстрэл гумовымі кулямі».

Былы спэцназавец расказвае, што на ўзбраеньні для барацьбы з дэманстрантамі ёсьць гумавыя кулі, помпавыя ружжы, сьлезацечны газ. Аднак асноўны сродак — звычайны алюмініевы шчыт.

Міліцэйскія «бусы», ліпень 2020 году

«Асноўны спэцсродак — алюмініевы шчыт, — кажа суразмоўца. — У частках камандзіры жартуюць, што шчыты для таго, каб пратэстоўцы ня бачылі нашых худых целаў. Яно так і ёсьць, служаць жа маладыя хлопцы там. 18-22 гады ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуе амуніцыя амапаўца для разгону пратэсту. Падрабязны разбор рыштунку

Дубінкі двух тыпаў ёсьць — ПР76 і ПР94. ПР76 называюць бананам. Яна згінаецца пад форму цела, такімі разганялі людзей нядаўна ля цырка і на плошчы Перамогі. ПР94 унутры мае сталёвы стрыжань. Яе выкарыстоўваюць у рэдкіх выпадках, такія палкі даюць толькі самым спрактыкаваным байцам, імі можна зламаць косьці. У асноўным выкарыстоўваюцца ПР76, гэта асноўная палка. Газавы балёнчык таксама ў рыштунак уваходзіць, „брэсы“ — бранзалеты сталёвыя, кайданкі. Адгазьнікі таксама мае кожны».

Спэцназавец з помпавым ружжом, 25 сакавіка 2017 году

Былы афіцэр расказвае, што індывідуальныя спэцсродкі ва ўнутраных войсках выпрабоўваюць перад кожнымі вучэньнямі, усё павінна працаваць і выконваць свае функцыі. Адгазьнікі, напрыклад, правяраюць на саміх вайскоўцах з дапамогай намёта, куды загадзя напускаюць сьлезацечнага газу. Кожны баец павінен пабыць там некалькі хвілін у сваім адгазьніку, і калі ён няспраўны, спэцназавец пачынае задыхацца. Тады адгазьнік мяняюць і выпрабоўваюць такім жа чынам новы.

Былы спэцназавец кажа, што агнястрэльная зброя ва ўнутраных войсках ёсьць толькі ў афіцэраў, яе прымяненьне на палігонах не адпрацоўваюць. Па чутках, кажа ён, падчас масавых акцый пратэсту ўзброеныя спэцназаўцы знаходзяцца на ахове важных аб’ектаў — будынка Дому ўраду, сядзібы дзяржаўных каналаў і іншых. Аднак сам ён ніколі ў такіх мерапрыемствах ня ўдзельнічаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі і дымавыя шашкі Някляева. Як і з чаго ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі

Як псыхалягічна рыхтуюць спэцназаўцаў да сутычак

«Чаму ў Кіеве не разганялі Майдан? Там не было каманды, — перакананы былы афіцэр беларускіх унутраных войскаў. — Там былі забурэньні ўжо, не было мірнага пратэсту. Кактэйлі Молатава, усё такое. Але не было каманды на разгон. Калі б далі каманду разганяць Майдан, яго б разагналі. У нас каманда на разгон будзе ў любым выпадку».

Па словах былога афіцэра, байцы ўнутраных войскаў, з аднаго боку, звычайныя маладыя хлопцы тэрміновага прызыву. З другога, ужо празь некалькі месяцаў знаходжаньня ў сваіх частках яны трапляюць пад моцны ўплыў камандаваньня і цалкам яму падпарадкоўваюцца.

«Байцы 3214-й — гэта як зомбі, — кажа суразмоўца. — Уявіце: вас закрылі ў адным пакоі і год ці паўтара гавораць адно і тое ж. Вы паверыце? Я думаю, што паверыце. Нават месяц-два дастаткова. У іх вокліч — „Служым краіне і прэзыдэнту“. У іншых частках свае дэвізы. Ад афіцэраў вельмі шмат залежыць. Вось, напрыклад, Юры Караеў. Гэта сапраўдны афіцэр, проста ён цяпер трапіў у такую сытуацыю, калі на яго ціснуць з розных бакоў. Пра Караева я толькі добрае магу сказаць».

Байцам унутраных войскаў забаронена размаўляць з пратэстоўцамі

Былы афіцэр унутраных войскаў расказвае пра эпізод, зьвязаны з галасаваньнем на выбарах 2015 году. Тады неўзабаве пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня ў казарму зайшоў камандзір батальёна і сказаў, што трэба прагаласаваць, і ўсе спэцназаўцы павінны разумець, за каго. У выніку тры роты аднагалосна прагаласавалі супраць усіх, і гэта ня выклікала ніякай рэакцыі ў камандзіраў.

«Абстаноўка ва ўнутраных войсках, як у іншых частках, — салдаты павінны пастаянны нечым займацца, даходзіць да абсурду, — працягвае суразмоўца. — Сон — раскоша. Ежа моцна адрозьніваецца ў залежнасьці ад часткі. У адной нармальная, у другой увогуле немагчыма харчавацца. Псыхалягічна вельмі складана — байцоў увесь час зьневажаюць. Як толькі даў слабіну — цябе адразу зьелі. Пачынаеш тупіць, памыляцца, касячыць — усё. Ты г..но, цябе не паважаюць. Ставяцца як да чалавека, але ўсё адно відаць. Дзедаўшчыны ўвогуле няма, ня б’юць зусім. Але псыхалягічны ціск моцны».

Менск, ліпень 2020 году

Былы афіцэр кажа, што ў частках унутраных войскаў існуе таксама спэцыяльная падрыхтоўка. Байцоў вучаць не баяцца натоўпу, хутка дзейнічаць. Таксама вучаць маўчаць — з пратэстоўцамі спэцназаўцам размаўляць нельга. Гэта можна было заўважыць падчас чаргі ля ЦВК, калі байцы пасьля спробаў людзей задаваць ім пытаньні адварочвалі твары.

«Ці магчымая сытуацыя, калі нехта адмовіцца выконваць загад? Не, такога ня можа здарыцца, — перакананы былы афіцэр. — Існуе схема адмовы. Калі загад парушае закон, то неабходна ісьці да вышэйшага камандзіра і яму пра гэта дакладваць. Толькі ён можа такі незаконны загад тэарэтычна адмяніць. Загады аддаюцца вусна. Пісьмовыя — толькі калі падразьдзяленьне ідзе. Тады ў дакумэнтах запісваюць нумары аўтамабіляў, пазначаюць спэцсродкі, якія выдаюцца».

Па словах суразмоўцы, байцы спэцназу разумеюць, што падчас разгону дэманстрацый яны могуць сутыкнуцца ня толькі зь беспарадкамі, але і зь мірнымі дэманстрантамі. Аднак пра наступствы разгону такіх акцый ніхто ня думае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падвозілі пітную ваду з праносным». Былы міліцыянт расказаў, як разганялі Плошчу-2006

«Мы разумелі, што на вуліцах могуць быць мірныя людзі, — кажа былы афіцэр унутраных войскаў. — Але што нам, магчыма, прыйдзецца парушаць закон, пра гэта ня думалі. Большасьці з нас было па 18-19 гадоў. Што чалавек у такім узросьце думае? Во, біцца будзем! Ну значыць, будзем біцца, паглядзім, хто выйграе. Такі спартыўны інтарэс, хто каго. Больш там байцы ні пра што ня думаюць. Ты выйшаў — ты павінен перамагчы. Байцоў вучаць перамагаць. Ты павінен быць вышэй за ўсіх. Можна адмовіцца ад удзелу ў разгонах. Прыходзіш да камандзіра і кажаш: „Я не хачу“. Але тады цябе адразу перавядуць у іншую частку. Гэта будзе непавага».

Выпадкаў, калі б нехта адмовіўся ад удзелу ў разгоне пратэстаў, суразмоўца ня ведае. Ён пакінуў службу ва ўнутраных войсках некалькі гадоў таму. Кажа, што пасьля службы байцам прапаноўваюць кантракт, вельмі добрыя «пад’ёмныя» (сума даходзіць нават да 7000 даляраў у эквіваленце), магчымасьць атрымаць ільготны крэдыт на жыльлё. Аднак, нават нягледзячы на гэта, застаюцца нямногія.