Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падвозілі пітную ваду з праносным». Былы міліцыянт расказаў, як разганялі Плошчу-2006


Міліцэйскі спэцназ на Кастрычніцкай плошчы пасьля ліквідацыі пратэстнага лягеру, 24 сакавіка 2006
Міліцэйскі спэцназ на Кастрычніцкай плошчы пасьля ліквідацыі пратэстнага лягеру, 24 сакавіка 2006

Былы супрацоўнік МУС Кірыл Н. на ўмовах ананімнасьці падзяліўся са Свабодай сваімі ўспамінамі пра Плошчу-2006.

Тысячы чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску ўвечары 19 сакавіка 2006 году. У гэты дзень у краіне адбываліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх ізноў абвясьцілі перамогу Аляксандра Лукашэнкі. Да ночы большасьць людзей разышліся, але частка актывістаў і моладзі паставілі на плошчы намёты і засталіся ў іх на знак пратэсту.

20 сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
20 сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Паводле назіральнікаў, за гэтыя дні ў лягеры пабывала больш за 200 чалавек. Пратэстоўцы дамагаліся адмены вынікаў выбараў і правядзеньня новай электаральнай кампаніі, але ўжо без Лукашэнкі. Па начах лягер бралі ў аблогу амапаўцы, аднак удзень яны адступалі, і тады да намётаў маглі прайсьці сваякі і сябры пратэстоўцаў, а то і незнаёмыя ім людзі, якія прыносілі ваду і прадукты. У ноч на пятніцу 24 сакавіка лягер разагналі, а частку актывістаў затрымалі.

Цяпер з дапамогай зьвестак ад былога міліцыянта Кірыла Н. можна часткова ўявіць, што адбывалася на другім баку процістаяньня.

Паводле суразмоўцы, у будынку Міністэрства ўнутраных спраў на вуліцы Гарадзкі вал адмыслова разгарнулі штаб, які каардынаваў дзейнасьць усіх міліцэйскіх структур на Кастрычніцкай плошчы і вакол яе. А туды сьцягнулі ня толькі АМАП, але і супрацоўнікаў раённых упраў міліцыі, якіх адмыслова адарвалі ад звычайнай службы, ды іншыя падразьдзяленьні.

Аўтазакі вязуць затрыманых пратэстоўцаў, 24 сакавіка 2006 году
Аўтазакі вязуць затрыманых пратэстоўцаў, 24 сакавіка 2006 году

Больш пра дзейнасьць штабу, які скарочана зваўся САШ (сытуатыўна-апэратыўны штаб. — РС), Кірылу расказаў сябар, які непасрэдна там працаваў. Паводле міліцыянта, усім у штабе кіраваў тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, але адкуль ён атрымліваў каманды, ім не было вядома.

Уладзімер Навумаў
Уладзімер Навумаў

«У штабе ўсталявалі вялікі экран, на які выводзіліся карцінкі з камэр на праспэкце Незалежнасьці і вакол плошчы.

Прыкладам, на маніторы каля цырку ў бок плошчы ідзе група людзей, і паступае каманда АМАПу агледзець ды затрымаць гэтую групу. А такіх камэр шмат, праглядаюцца ўсе падыходы, і таму па розных групах ідуць каманды. Гэтак людзей бяруць, бяруць...» — кажа Кірыл.

«Міністар Навумаў увесь час пытаўся пра „Эўраньюз“»

«На плошчу паглядзець на намёты прыходзіла шмат людзей, у тым ліку замежнікі, назіральнікі за выбарамі. Прыходзілі і журналісты з каналу „Эўраньюз“, які ў штабе маніторылі бесьперапынна. Міністар Навумаў увесь час пытаўся пра „Эўраньюз“, відаць, не хацелася трапіць у навіны. Таму тых людзей, якія часова выходзілі зь лягера, нам было забаронена затрымліваць на плошчы, іх трэба было „забіраць“ у дварах, на прылеглай тэрыторыі. Але як іх туды выбавіць?»

Пратэстоўцы на Кастрычніцкай плошчы, 21 сакавіка 2006
Пратэстоўцы на Кастрычніцкай плошчы, 21 сакавіка 2006

Паводле зьвестак былога міліцыянта, ягоныя калегі прыдумалі заварыць знутры люкі каналізацыі, якія выходзяць на плошчу, каб людзі не маглі туды хадзіць па натуральнай патрэбе, а мусілі шукаць месца далей, у прылеглых дварах. «Часам гэта спрацоўвала: чалавек выйшаў зь лягера, крыху адышоў, а яго там ужо чакаюць», — згадаў Кірыл.

Паводле ягоных зьвестак, даходзіла і да больш падступных захадаў.

«Людзям трэба піць, трэба шмат вады, а зь ёй праблема, у лягер нікога не пускаем, проста разварочваем людзей з прадуктамі і вадой. І раптам ідзе каманда прапусьціць на плошчу „Жыгуль“, які прывёз абаронцам лягера пакункі зь пітной вадой. Каманда: „Гэтых не чапаць“. Дык вось тое быў падрыхтаваны аўтамабіль, з вадой, у якую падмяшалі праноснае. Мэта — каб больш людзей ня вытрымалі і пабеглі па патрэбе зь лягера ў двары, дзе іх затрымаюць. Хто гэта прыдумаў, які там быў прэпарат, — ня ведаю, але такія захады дакладна рабіліся», — кажа Кірыл, спасылаючыся на свайго сябра са штабу.

21 сакавіка 2006 году на Плошчы
21 сакавіка 2006 году на Плошчы

«Шпрыцы і бутэлькі адразу зьнялі на відэа і паказалі па тэлевізіі»

Былы міліцыянт мяркуе, што згаданыя захады прывялі да патрэбнага выніку — колькасьць абаронцаў лягера да 24 сакавіка істотна скарацілася. «Заставаліся ўжо ня сотні, а дзясяткі», і ліквідацыя лягера ў ноч на пятніцу адбылася «хутка і лёгка».

Затрыманьне ўдзельнікаў намётавага лягеру, 24 сакавіка 2006
Затрыманьне ўдзельнікаў намётавага лягеру, 24 сакавіка 2006

Пасьля ў рэпартажах па БТ паказалі, што ў лягеры знайшлі шпрыцы і бутэлькі з-пад алькаголю. Кірыл мяркуе, што іх падкінулі, але хто гэта зрабіў, зь якой дакладна ўстановы, — ня ведае.

«Намёты ж раней аглядалі, але нічога не знаходзілі. А вось як разагналі лягер, дык чамусьці шпрыцы і бутэлькі сярод рэчаў знайшліся, іх адразу зьнялі і паказалі па тэлевізіі. Але потым жа нікога за гэта не судзілі. Патрэбная была экспэртыза на ўжываньне наркотыкаў, сьляды на руках, калі ёсьць шпрыцы. Адкуль іх было браць? Нічога гэтага не было. Таму для мяне тут усё адназначна — падкінулі», — лічыць Кірыл.

Як міліцыянты ў штабе ставіліся да таго, што ім загадалі змагаліся з пратэстоўцамі на плошчы? Ці выказваў хто незадаволенасьць ці, наадварот, радасьць ад дасягнутай перамогі?

«Сябра казаў, што ў іх у штабе падтрымкі гэтаму не было, дакладна. У нас — таксама, ня памятаю, каб мы радаваліся, што плошчу разагналі», — кажа Кірыл.

Намётавы лягер пасьля зачысткі
Намётавы лягер пасьля зачысткі

Сам ён, кажа, асабіста адчуваў злосьць ад цяжкасьцяў службы, начных дзяжурстваў, нэрвовай абстаноўкі.

«Але мы пра гэта асабліва не гаварылі: проста рабілі сваю справу і нічога не абмяркоўвалі. Нават калі ўсё скончылася, то не было нейкіх разбораў, падсумаваньняў: як спрацавалі, хто лепш вызначыўся? Можа, таму, што ня наш узровень — ня ведаю. Але ня чуў і пра тое, што некага па выніку ўзнагародзілі ці прэміі далі. Мне і сябру то дакладна нічога ня далі», — кажа Кірыл.

«Яшчэ могуць вылічыць і пакараць»

Чаму былы міліцыянт загаварыў толькі цяпер і чаму дагэтуль хавае сваё імя? Кірыл кажа, што пасьля плошчы 2006 году ён яшчэ некалькі гадоў спраўна служыў у міліцыі, па службовых абавязках быў і на плошчы Леніна ў 2010 годзе, калі ўжо там разагналі дэманстрантаў.

«Яшчэ могуць вылічыць і пакараць. У іх спосабаў хопіць», — кажа былы міліцыянт.

Пра Плошчу-2010 Кірыл згадаў, што тады зноў ужывалі правакацыі.

Плошча-2010
Плошча-2010

«Арматуру падкідалі, вокны білі. Калі і цяпер такое рыхтуюць, я сабе не дарую, што не папярэдзіў. Усё ж настаў час пераменаў, і я хачу, каб людзі, якія вырашаць адстойваць свой выбар, ведалі, як гэта ўсё робіцца, якімі мэтадамі дзейнічае ўлада», — сказаў Кірыл. Сам ён, кажа, паставіў подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай.

Зьміцер Дашкевіч: «Шпрыцы і бутэлькі падкінулі, каб зрабіць сюжэт на БТ»

Адным з кіраўнікоў намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе быў тагачасны лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Свабода зьвярнулася да Зьмітра Дашкевіча па камэнтар адносна таго, што расказаў былы міліцыянт Кірыл пра захады міліцыянтаў супраць абаронцаў лягера.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Што люкі была спроба заварыць, гэта памятаю. Прыходзілі людзі, „касілі“ пад камунальнікаў, сапраўды заварвалі нешта. Але наўрад ці гэта было пасьпяхова, бо з дапамогай простай манціроўкі любы люк можна было ўсё роўна адкрыць. Памятаю, як і сам карыстаўся такім люкам, схаваным пад намётам.

Што нам нейкую ваду адмысловую прывозілі, такога пацьвердзіць не магу. Можа і было, але хутчэй прыдумляюць, бо ня памятаю, каб у нас хто з мокрымі штанамі бегаў. А што ў рэчах пасьля зьнішчэньня лягера знайшлі шпрыцы, бутэлькі, яшчэ нешта — пра гэта быў сюжэт на БТ. Але, мяркую, яны самі гэта і зрабілі, каб паказаць такі сюжэт, а непасрэдна нікому з абаронцаў гэтага нават не закідалі», — згадвае Зьміцер Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG