АБНОЎЛЕНА. Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Юры Ўласаў паведаміў Свабодзе 24 ліпеня, што ў Гомлі міліцыя затрымала актывіста і валянтэра Аляксея Раманава. Гэтая інфармацыя пазьней не пацьвердзілася.
З Раманавым не было сувязі, але пазьней стала вядома, што актывіст быў у аддзеле па грамадзянству і міграцыі, дзе яму прапанавалі пагутарыць з начальнікам Цэнтральнага РАУС Гомля.
«Быў у пашпартысткі, а яна кажа, што я ў пошуку. Прапанавала пагутарыць з начальнікам міліцыі. Я пытаю: „Я затрыманы?“ Яна адказала, што пакуль ня ведае, і мяне павялі да начальніка Цэнтральнага РАУС», — паведаміў Аляксей Раманаў.
Паводле ягоных словаў, начальнік міліцыі папярэдзіў яго аб недапушчальнасьці абразаў у бок прэзыдэнта.
«Імаверна, гаворка ідзе пра пікет у Буда-Кашалёва, дзе я крытычна выказваўся. Але чаму прэзыдэнту можна абражаць усіх нас, а нам і слова нельга сказаць?», — заўважыў Раманаў.
Пасьля гутаркі яго адпусьцілі з міліцыі.
На наступны дзень прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў заявіла ў Telegram, што Раманаў «напісаўшы заяву і падаўшы квітанцыю аб аплаце дзяржмыту, аформіў рэгістрацыю і ў 11:15 пакінуў будынак АГІМ РАУС». Пра папярэджаньні Раманаву МУС ня згадвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «несанкцыянаваны пікет» асудзілі гамельчука, які сфатаграфаваўся на фоне ўлёткі пра міліцыюАктывіст удзельнічаў у агітацыйным пікеце за Сьвятлану Ціханоўскую ў Буда-Кашалёве 22 ліпеня, і крытычна выказваўся там у бок дзейнай улады. Сёньня ён зьбіраўся дапамагаць давераным асобам правесьці мітынг у Добрушы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
Нядаўна Аляксей Раманаў перанёс складаную анкалягічную апэрацыю, ён мае групу інваліднасьці і часта трапляе ў шпіталі па стане здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынгі Ціханоўскай пройдуць 25 ліпеня ў Воршы, Магілёве і Бабруйску, 26-га ў Жлобіне і ГомліПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.