Актывістку БХД, маці палітыка Паўла Севярынца Тацяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў. Такое рашэньне прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебску.
22 ліпеня судзьдзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў пакараць Тацяну Севярынец штрафам у 810 рублёў, бо яна «прымала актыўны ўдзел у недазволеных уладамі масавых мерапрыемствах 31 траўня і 7 чэрвеня», — паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Севярынца: «На Акрэсьціна пацьвердзілі, што яго сёньня вызваляюць». Прадстаўніца МУС: «Можа, яна недачула?»Паводле складзенага маёрам Склімянком пратаколу, Тацяна Севярынец «публічна выказвала свае асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы, скандавала лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!».
На пярэчаньні Тацяны Севярынец, што гэта быў пікет па зборы подпісаў, дазволены заканадаўствам, судзьдзя не адрэагаваў. Суд вынес рашэньне аб штрафе ў 30 базавых велічыняў (810 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З ізалятара выйшаў мацнейшым» — актывісту далі 10 сутак за велапрабег22 ліпеня Паўла Севярынца абяцалі выпусьціць з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на менскім завулку Акрэсьціна. Пра гэта паведамілі ягонай жонцы Вользе. Але на волю палітык так і ня выйшаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.