Расейскі «Газпром» фіксуе павелічэньне доўгу Беларусі за пастаўлены газ, паведамляе Tut.by, паводле крыніц якога ён ужо перавышае 250 мільёнаў даляраў.
У красавіку, калі цэны на газ на эўрапейскім рынку істотна зьнізіліся на фоне пандэміі і падзеньня нафтавых цэнаў, Менск стаў патрабаваць ад «Газпрома» перагляду сёлетняга кантракту. Цана на газ была захаваная на ўзроўні 2019 году — 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тады як на спотавым рынку яна апусьцілася ніжэй за 100 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэнавыя ўмовы канчаткова ўзгодненыя». «Газпром» адказаў на запыт Міністэрства энэргетыкі Беларусі29 траўня кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што гатовы пачаць перамовы зь Беларусьсю пасьля пагашэньня доўгу за пастаўлены газ у памеры 165 млн даляраў. У адказ Мінэнерга Беларусі заявіла, што ня мае запазычанасьці, проста ёсьць рознагалосьсі паміж суб’ектамі гаспадараньня ў вызначэньні цаны на газ з улікам яго калярыйнасьці.
Паводле экспэртаў, доўг мог утварыцца праз тое, што Беларусь ня плаціць надбаўку ААТ «Газпром Трансгаз Беларусь» («дачка» «Газпрома») за дастаўку газу спажыўцам. Па словах крыніцы парталу ў энэргетычным комплексе, спрэчка да гэтага часу ня вырашана, памер доўгу «перавысіў 250 млн даляраў». Паводле крыніц агентцва Інтэрфакс, гэты доўг склаў 273 млн даляраў.
У Мінэнэрга Беларусі адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра рост доўгу за газ.
«Такога роду інфармацыйныя ўкіды са спасылкай на крыніцы не ідуць на карысьць агульнаму ходу перамоваў дзьвюх краін у газавай сфэры. Наяўныя спрэчныя пытаньні ляжаць у плоскасьці суб'ектаў гаспадараньня»,— сказалі TUT.BY ў Міністэрстве энэргетыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск настойвае на зьніжэньні цаны расейскага газу, Масква не згаджаецца17 ліпеня міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што перамовы працягваюцца. Ён падкрэсьліў, што цана на газ «павінна быць канкурэнтаздольнай» у першую чаргу для беларускіх кампаній.
Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Менск неаднаразова прапаноўваў зьнізіць цану да ўзроўню Смаленскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі гатовыя абмяркоўваць цэны на газ і нафту для Беларусі толькі пасьля падпісаньня інтэграцыйных дакумэнтаўАднак прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін заявіў, што бакі могуць абмеркаваць адзіныя кошты на энэрганосьбіты толькі пасьля зацьвярджэньня дарожных мапаў і пачатку рэальнай «паглыбленай інтэграцыі».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»