Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб выдаленьні з будынка Капітолія ўсіх помнікаў людзям, якія служылі Канфэдэрацыйным Штатам Амэрыкі падчас Грамадзянскай вайны.
Законапраект быў ухвалены 305 галасамі «за» пры 113 «супраць». Ініцыятыву падтрымалі ўсе дэмакраты і 72 рэспубліканцы, а таксама адзін незалежны кангрэсмэн, Джастын Амаш зь Мічыгану.
Лідэр дэмакратычнай большасьці Стэні Гоер, які ўнёс законапраект, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што выдаленьне статуй стане праявай «прынцыповасьці і перакананасьці».
«Абаронцам і ідэолягам бунту, рабства, сэгрэгацыі і перавагі белай расы няма месца ў гэтым храме свабоды», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне спрабавалі зруйнаваць помнік паблізу Белага дому. Трамп пагражае за вандалізм турмойДэмакратка Карэн Бас, старшыня Аб’яднаньня чарнаскурых заканадаўцаў Кангрэсу, заявіла, што выдаленьне статуй будзе данінай памяці нябожчыку кангрэсмэну Джону Люісу, нароўні з ухваленьнем законапраекту аб выбарчых правах.
«Тое, за што ён змагаўся кожны дзень, — гэта прамая супрацьлегласьць гэтым сымбалям, — сказала яна. — Я, як чарнаскурая заканадаўца, лічу, што прысутнасьць гэтых статуй азначае прыняцьце ідэі белай перавагі і расізму».
Законапраект патрабуе ад штатаў выдаліць і замяніць статуі, устаноўленыя ў гонар чальцоў Канфэдэрацыі з Нацыянальнай скульптурнай залі ў Капітоліі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У барацьбе з расізмам ахвярамі становяцца помнікіЁн забараняе ўключаць у калекцыю залі помнікі «людзям, якія служылі ў якасьці афіцэраў або добраахвотнікаў Канфэдэрацыйным Штатам Амэрыкі, узброеным сілам або ўраду штату, калі гэты штат паўставаў супраць Злучаных Штатаў».
Кожны штат накіраваў у Нацыянальную скульптурную залю статуі двух гістарычных асоб. Законапраект асабліва адзначае неабходнасьць выдаленьня статуй Джона Кэлхуна, Чарльза Эйкака і Джона Кларка. У дакумэнце гаворыцца, што яны адыгралі важную ролю ў абароне рабства і сэгрэгацыі.
Законапраект заклікае да выдаленьня бюсту былога старшыні Вярхоўнага суду ЗША Роджэра Тэйні, які стаў аўтарам сумнавядомага рашэньня ў справе Дрэда Скота ў 1857 годзе, паводле якога рабы не зьяўляліся грамадзянамі і ня мелі права зьвяртацца ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША прыбяруць сымбаль Канфэдэрацыі са сьцягу адзінага штату, дзе ён быўБюст Тэйні, які знаходзіцца ў старой палаце Вярхоўнага суду ў Капітоліі, прапануецца замяніць бюстам Тэргуда Маршала — першага афраамэрыканскага судзьдзі Вярхоўнага суду.
Законапраект будзе накіраваны ў падкантрольны рэспубліканцам Сэнат, дзе некаторыя рэспубліканцы выказвалі сумневы ў неабходнасьці выдаленьня статуй.
«Мне здаецца, што гэта ўжо залішне — уся гэтая лухта, што нам трэба адрэтушаваць Капітолій і выкрасьліць усе фігуры мінулых гадоў, якія нейкім чынам зьвязаныя з рабствам», — заяўляў у чэрвені лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл.