Беларусь робіць крокі для падрыхтоўкі свайго касманаўта, паведаміў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Гусакоў.
«Абавязкова трэба пашыраць прысутнасьць краіны ў космасе. Можа здацца вельмі амбітным плян падрыхтоўкі і палёту ў космас першага касманаўта сувэрэннай Беларусі. Аднак першыя крокі ў гэтым пытаньні ўжо робяцца», — цытуе чыноўніка БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Роскосмос» будзе пасылаць турыстаў маршрутам ГагарынаКіраўнік Акадэміі навук Уладзімер Гусакоў і генэральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Роскосмос» Дзьмітрый Рагозін сёлета ў студзені дасягнулі дамоўленасьці пра наведваньне беларускімі спэцыялістамі Навукова-дасьледчага выпрабавальнага цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Гэта адбудзецца пасьля зьняцьця абмежаваньняў, зьвязаных з распаўсюдам каранавірусу.
«Гэтыя прадстаўнікі НАН пасьля могуць разглядацца як патэнцыйныя беларускія кандыдаты для праходжаньня падрыхтоўкі ў якасьці ўдзельнікаў касьмічных палётаў. Абмяркоўваецца магчымасьць іх абсьледаваньня на прадмет прыдатнасьці паводле мэдычных, фізычных і іншых патрабаваньняў да касманаўтаў-дасьледнікаў», — адзначыў Уладзімер Гусакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск прыгадаў «Роскосмосу» жарт пра батутУ сьпісе патэнцыйных кандыдатаў — прадстаўнікі акадэмічных падразьдзяленьняў: Цэнтральнага батанічнага саду, Інстытуту радыёбіялёгіі, НПЦ па біярэсурсах, Інстытуту фізіялёгіі.
Уладзімер Гусакоў нагадаў, што нараджэнцы Беларусі ўжо бывалі ў космасе. Пятро Клімук і Ўладзімер Кавалёнак ажыцьцяўлялі свае палёты за савецкім часам, Алег Навіцкі — ужо пасьля зьнікненьня СССР. Беларускія карані маюць і іншыя касманаўты — Валянціна Церашкова, Алег Арцем’еў, Антон Шкаплераў, Георгій Грэчка.