Кітай запусьціў сваю першую аўтаматычную міжплянэтную станцыю «Т’яньвэнь-1». Яна павінна дасягнуць Марса 11 лютага 2021 году. Пра гэта паведамляе кітайскае дзяржаўнае агенцтва Xinhua.
Цяжкая ракета-носьбіт «Чанчжэн-5» з касьмічным апаратам на борце стартавала 23 ліпеня з касмадрому Вэньчан у паўднёвай правінцыі Хайнань. Прыкладна праз 36 хвілін пасьля пачатку палёту зонд пасьпяхова выйшаў на зададзеную арбіту.
«Т’яньвэнь-1» складаецца з арбітальнага апарата і пасадачнай плятформы з марсаходам.
Мэта місіі— пошук сьлядоў жыцьця на Марсе, а таксама вывучэньне магчымасьці калянізацыі плянэты чалавекам. Калі місія будзе праходзіць пасьпяхова, навукоўцы змогуць вывучыць атмасфэру плянэты, рэльеф, магнітнае поле ды іншыя асаблівасьці.
Місію назвалі «Т’яньвэнь» у гонар паэмы «Пытаньні да неба» старажытнакітайскага паэта Цюй Юаня.
Запуск «Т’яньвэнь-1» стаў ужо другой марсіянскай місіяй на гэтым тыдні. 20 ліпеня свой касьмічны апарат для вывучэньня Марса запусьцілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая арабская краіна накіравала касьмічны апарат на Марс