Паводле праваабаронцаў, у Беларусі цяпер 25 палітвязьняў. Зьняволеньне большасьці зь іх зьвязанае з удзелам у выбарчай кампаніі: гэта прэтэндэнты ў кандыдаты, кіраўнікі і сябры ініцыятыўных групаў, блогеры. Беларускія ўлады дэманструюць «беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў сёлетняга выбарчага працэсу», заявілі аўтары кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Гэта шостыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Ці былі палітвязьні падчас ранейшых прэзыдэнцкіх выбарчых кампаній у Беларусі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 700 затрыманых, 25 палітвязьняў, 63% забракаваных подпісаў. 10 гучных лічбаў сёлетняй выбарчай кампаніі
Прэзыдэнцкія выбары 1994 году
Палітычных зьняволеных у Беларусі не было. Аляксандар Лукашэнка перамог у другім туры. Выбары былі прызнаныя справядлівымі.
Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011 (PDF)
Прэзыдэнцкія выбары 2001 году
Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 75,65% галасоў. АБСЭ заявіла, што працэс «не адпавядаў міжнародным стандартам». На момант прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было тры прызнаныя міжнароднай супольнасьцю палітвязьні.
- Андрэй Клімаў, прадпрымальнік, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (11.02.1998 — 25.03.2002). Абвінавачаны ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах, асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
- Валеры Шчукін, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (12.06.2001 — 12.09.2001). Пасьля спробы трапіць на прэсавую канфэрэнцыю тагачаснага кіраўніка МУС Навумава адседзеў тры месяцы за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку МУС.
- Юры Бандажэўскі, стваральнік і першы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту (13.07.1999 — 8.08.2005). Вывучаў узьдзеяньне на здароўе малых дозаў радыяцыі. Арыштаваны паводле падазрэньня ў хабарніцтве, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Прэзыдэнцкія выбары 2006 году
Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83% галасоў. Міжнародная супольнасьць не прызнала выбары свабоднымі і справядлівымі. На дзень правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было 12 прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітвязьняў. Па выніках пратэстаў пасьля выбараў іх стала 13 — дадаўся Аляксандар Казулін.
- Мікола Астрэйка, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 17.11.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на два гады пазбаўленьня волі.
- Эніра Браніцкая, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 21.08.2006). Абвінавачаная ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаная на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
- Цімафей Дранчук, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 26.12.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на год пазбаўленьня волі.
- Аляксандар Шалайка, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 21.08.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
- Міхаіл Марыніч, дэпутат, міністар, амбасадар (26.04.2004 — 14.04.2006). Асуджаны на пяць гадоў турмы за завалоданьне аргтэхнікай, бязвыплатна перададзенай амбасадай ЗША арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва».
- Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прадпрымальнік (15.05.2005 — 15.11.2006). Зьвінавачаны ў выманьваньні крэдыту, асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі.
- Андрэй Клімаў, прадпрымальнік, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (22.09.2005 — 22.12.2006). Асуджаны на год і шэсьць месяцаў за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.
- Валеры Леванеўскі, кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў (1.05.2004 — 15.05.2006). Арыштаваны на мітынгу ў Горадні, удзельнікі якога патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Асуджаны на два гады зьняволеньня.
- Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік (15.10.2005 — 18.01.2008). Зьняволены за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі на тры з паловай гады зьняволеньня.
- Павал Севярынец, палітык (15.08.2005 — 22.05.2007). За арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў 2004 году асуджаны на тры гады абмежаваньня волі.
- Мікола Статкевіч, палітык (29.07.2005 — 22.05.2007). За арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў 2004 году асуджаны на тры гады абмежаваньня волі.
- Артур Фінькевіч, палітык (8.12.2005 — 5.02.2008). Асуджаны на два гады зьняволеньня за графіці палітычнага зьместу.
- Пасьля выбараў у часе пратэстаў быў арыштаваны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін (25.03.2006 — 16.08.2008). Асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў.
Адзін дзень палітвязьня. — 2009. (PDF)
Прэзыдэнцкія выбары 2010 году
Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83% галасоў. ЗША і ЭЗ не прызналі вынікаў выбараў. Пасьля галасаваньня акцыя пратэсту ў Менску была жорстка разагнаная міліцыяй і ўнутранымі войскамі. Сотні людзей былі арыштаваныя, у тым ліку кандыдаты на прэзыдэнта. Палітвязьнямі ў выніку гэтых прэзыдэнцкіх выбараў былі прызнаныя 42 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Аліневіча да Яроменка. Колькі палітвязьняў было ў Беларусі за 10 гадоў- Аляксандар Атрошчанкаў (20.12.2010 — 14.09.2011)
- Зьміцер Бандарэнка (20.12.2010 — 15.04.2012)
- Зьміцер Буланаў (19.12.2010 — 14.09.2011)
- Сяргей Вазьняк (20.12.2010 — 29.01.2011)
- Ільля Васілевіч (19.12.2020 — 13.08.2011)
- Павал Вінаградаў (5.01.2011 — 14.09.2011)
- Дзьмітрый Вус (26.05.2011 — 1.10.2011)
- Алег Гнедчык (6.01.2011 — 1.09.2011)
- Арцём Грыбкоў (19.12.2010 — 13.08.2011)
- Дзьмітры Даронін (19.12.2010 — 1.09.2011)
- Зьміцер Дашкевіч (18.12.2010 — 28.08.2013)
- Андрэй Дзьмітрыеў (19.12.2010 — 3.01.2011)
- Зьміцер Дрозд (19.12.2010 — 13.08.2011)
- Сяргей Казакоў (27.01.2011 — 13.08.2011)
- Аляксандар Квяткевіч (19.12.2010 — 13.08.2011)
- Алесь Кіркевіч (28.01.2011 — 1.09.2011)
- Аляксандар Класкоўскі (21.12.2010 — 14.09.2011)
- Мікіта Ліхавід (19.12.2010 — 14.09.2011)
- Уладзімер Лобан (19.12.2010 — 14.09.2011)
- Эдуард Лобаў (18.12.2010 — 18.12.2014)
- Анатоль Лябедзька (20.12.2010 — 6.04.2011)
- Аляксандар Малчанаў (6.01.2011 — 14.09.2011)
- Сяргей Марцалеў (23.12.2010 — 16.05.2011)
- Віталь Мацукевіч (21.03.2011 — 13.08.2011)
- Фёдар Мірзаянаў 19.12.2010 — 14.09.2011)
- Алесь Міхалевіч (20.12.2010 — 19.02.2011)
- Зьміцер Новік (23.12.2010 — 14.09.2011)
- Уладзімер Някляеў (19.12.2010 — 20.05.2011)
- Андрэй Пазьняк (19.12.2010 — 26.05.2011)
- Наста Палажанка (20.12.2010 — 17.02.2011)
- Васіль Парфянкоў (4.01.2010 — 13.08.2011)
- Андрэй Пратасеня (9.02.2011 — 1.09.2011)
- Натальля Радзіна (20.12.2010 — 28.01.2011)
- Віталь Рымашэўскі (19.12.2010 — 1.01.2011)
- Яўген Сакрэт (19.12.2010 — 13.08.2011)
- Андрэй Саньнікаў (19.12.2010 — 14.04.2012)
- Павал Севярынец (20.12.2010 — 19.10.2013)
- Мікола Статкевіч (19.12.2010 — 22.08.2015)
- Алег Федаркевіч (19.12.2010 — 14.04.2012)
- Аляксандар Фядута (20.12.2010 — 8.04.2011)
- Ірына Халіп (19.12.2010 — 16.05.2011)
- Уладзімер Яроменак (19.12.2010 — 13.08.2011)
Заставаўся ў зьняволеньні:
- Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік (8.02.2009 — 8.04.2014). Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавоз пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы.
Прэзыдэнцкія выбары 2015 году
Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83,5% галасоў. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікаў выбараў. На дзень правядзеньня выбараў 11 кастрычніка за кратамі знаходзіўся прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязень, праваабаронца Міхаіл Жамчужны. Ён быў увязьнены ў жніўні 2014 году і дагэтуль знаходзіцца ў зьняволеньні.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.