22 ліпеня на Youtube зьявіўся відэазварот Валера Цапкалы, у якім ён заявіў аб стварэньні Камітэту нацыянальнага адзінства і запрасіў туды палітыкаў, дзеячоў культуры і мастацтва, спартоўцаў.
Валер Цапкала нагадаў, што «ўлада выдаліла трох асноўных кандыдатаў, сукупная электаральная падтрымка якіх складала 97%». На думку палітыка, стваральніка Парку высокіх тэхналёгій, «гэтае рашэньне відавочнае, бо ва ўлады — 3%».
Цапкала заклікаў стварыць Камітэт народнага адзінства, каб вырашыць адну задачу — зьмену ўлады.
«Высілкамі трох штабоў мы хочам паказаць, што нават хатняя гаспадыня здольная яго перамагчы. Мы ствараем Камітэт народнага адзінства ў процівагу аднаасобнай уладзе ў нашай краіне. У нас склалася адзіная думка, што мы больш ня хочам ва ўладзе капрызнага кіраўніка», — заявіў Валер Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валер Цапкала неўзабаве зьявіцца на публіцы, ён у Беларусі». У штабе пракамэнтавалі заявы на дзяржаўных тэлеканалахЦапкала запрасіў у Камітэт народнага адзінства палітыкаў, дзеячоў культуры, спартоўцаў.
«Наша задача — прыбраць тых, хто разглядае беларускі народ як крыніцу для свайго дабрабыту, каб у яго былі грошы будаваць сабе рэзыдэнцыі, набываць сабе самалёты, Тэслы і Майбахі», — падсумоўвае Цапкала.
Па стане на 14:45 22 ліпеня відэа было выдаленае. Як паведамілі Свабодзе ў штабе Валера Цапкалы, «відэа хутка адновяць, яго тэхнічна рэдагуюць, каб павысіць якасьць».
Пасьля нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Валер Цапкала падтрымаў кандыдатуру Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай апублікаваў плян паездак на перадвыбарчыя мітынгі на 23-24 ліпеняПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.