Штаб Ціханоўскай апублікаваў плян паездак на перадвыбарчыя мітынгі на 23-24 ліпеня

Першы агітацыйны пікет Ціханоўскай у Менску, 19 ліпеня

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зладзіць мітынгі ў Барысаве 23 ліпеня, у Глыбокім, Наваполацку і Віцебску 24 ліпеня. Такі расклад апублікавалі штабы Ціханоўскай, а таксама Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якія падтрымалі яе кампанію.

У мітынгах возьме ўдзел асабіста кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская, а таксама прадстаўніцы штабоў, якія яе падтрымалі: Марыя Калесьнікава са штабу Бабарыкі і жонка Валера Цапкалы Вераніка Цапкала.

23 ліпеня заплянаваны мітынг Ціханоўскай у Барысаве, пачатак у 19:00 на пляцоўцы каля ўнівэрмагу «Веста-Барысаў» на вул. Гагарына, 105а.

24 ліпеня заплянаваныя адразу тры мітынгі Ціханоўскай:

  • У Глыбокім — пачатак у 13:30 на пляцоўцы каля крамы «Белмаркет» на вул. Леніна, 107Б
  • У Наваполацку — пачатак у 16:30 на ўваходзе ў гарадзкі парк, каля вул. Паркавай, 1.
  • У Віцебску — пачатак у 19.00 каля цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

Мітынгі падчас выбарчай кампаніі легальныя, калі праводзяцца ў месцах, вызначаных уладамі. На менскім мітынгу 19 ліпеня затрыманьняў не было.

Паводле ЦВК, усяго Ціханоўская заплянавала 160 масавых мерапрыемстваў перад выбарамі, Аляксандар Лукашэнка — 884, Ганна Канапацкая — 214, Сяргей Чэрачань — 138.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭА