Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбарамі ўсё можа ня вырашыцца». У штабе Бабарыкі расказалі, як зьмяніць уладу


21 ліпеня прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава ў відэазвароце расказала, якім чынам можна дамагчыся мірнага зьмяненьня ўлады ў Беларусі.

На думку Марыі Калесьнікавай, цяпер улада трымаецца на дзяржаўных службоўцах. Але калі яны пачнуць выказваць нязгоду, гэта прывядзе да пераменаў.

«Трэба выкарыстоўваць кожную магчымасьць, каб паказаць, што нас болей.

У абʼяднанага штабу няма ілюзій наконт таго, што выбары фальсыфікуюцца. Патрэбны ўлік ад назіральнікаў і альтэрнатыўны падлік галасоў. Сябры камісій задумаюцца, ці варта далей махляваць», — лічыць Марыя Калесьнікава.

Марыя Калесьнікава прызнае, што «выбарамі ўсё можа ня вырашыцца».

«Выказваць нязгоду давядзецца доўга ў такім выпадку. Рэжым можа справіцца з Плошчай, але ня зможа з рэгулярным і разнастайным пратэстам большасьці. Тут будзе два шляхі: допуск людзей да кіраваньня і рэформы, або — стаць адкрыта паліцэйскай дзяржавай.

На рэформы трэба сьмеласьць, а на паліцэйскую дзяржаву грошы, але ні таго, ні другога ў рэжыму няма», — падсумавала Калесьнікава.

Цяпер штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы абʼядналіся вакол зарэгістраванай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG