Адметнасьць сёлетняй выбарчай кампаніі — актыўны ўдзел у ёй людзей, раней у апазыцыйную дзейнасьць не ангажаваных. Мы пагутарылі з жыхарамі Віцебску, хто сёлета ўпершыню паўдзельнічаў у «палітыцы» і сутыкнуўся з судовай сыстэмай. Ці мяняе такі досьвед іх погляды і жыцьцё?
«Калі людзям не даюць пячы булачкі, ім даводзіцца выходзіць на плошчу і зносіць гэтую ўладу»
Віцябляніну Алегу Баразьне — 42. Апошніх шаснаццаць гадоў ён займаўся бізнэсам. Спачатку як індывідуальны прадпрымальнік, пасьля зарэгістраваў у Віцебску фірму «Эпіцэнтар смаку» зь сеткавым продажам булачак па горадзе. У лепшыя гады яна мела больш за трыццаць працаўнікоў.
З красавіка мінулага году Алег больш не займаецца выпечкай. Зь ягоных слоў, улада зрабіла ўсё магчымае, каб выжыць прыватны бізнэс з рынку. Ад бізнэсу засталіся даўгі па камунальных плацяжах, гандлёвыя палаткі і сталы.
«Палаткі, дзе мы зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, раней выкарыстоўваліся для гандлю булачкамі, — кажа Алег Баразна. — Гэта важны момант. Калі людзям не даюць пячы і прадаваць булачкі, ім даводзіцца выходзіць на плошчу. Нас падштурхнулі. Усё, што цяпер адбываецца, — заслуга Аляксандра Рыгоравіча і тых, хто зь ім, а ня нашая».
«Яны пераацэньваюць нашыя фінансавыя магчымасьці»
Алег Баразна — даўні прыхільнік Сяргея Ціханоўскага. Ён суправаджаў блогера ў кожны віцебскі прыезд. Пасьля стаў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі Алега судзілі ўжо чатыры разы. За інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму, за «кармленьне галубоў», за несанкцыянаванае пікетаваньне ў месцы збору подпісаў з плякатам «Свабоду Ціханоўскаму» і за «ланцуг салідарнасьці» 19 чэрвеня. Агулам Алега аштрафавалі на 3645 рублёў.
«Яны відавочна пераацэньваюць нашы фінансавыя магчымасьці», — упэўнены Алег.
Адзін штраф сплаціў з дапамогай краўдфандынгу, яшчэ два — толькі часткова. Чацьвёрты, у 1215 рублёў, Алег зьбіраецца абскардзіць.
«У мяне чатыры суды. І яны ўсе — фактычна самаўладзьдзе. Аспрэчваць законнасьць акцый сэнсу няма, але даказаць, што я ў іх удзельнічаў, неабходна. Апошні раз, калі быў ланцуг, яны не маглі даказаць маю прысутнасьць у ім. Ні на фота, ні на відэа няма такога, каб я стаяў у чарзе. Бачна, што я разьбіраю палатку, нясу крэслы, сталы. У мяне юрыдычная адукацыя. Калісьці ўяўляў сябе пракурорам, хацеў сачыць за законнасьцю. Цяперашняя сытуацыя кажа пра слабасьць улады».
«Многія кажуць, што цяпер са мной небясьпечна сустракацца»
Алег Баразна ўпэўнены, што штрафы яму даюць з прычыны сацыяльнага статусу. Іначай ён даўно быў бы за кратамі. У жніўні мінулага году Алег аўдавеў і цяпер жыве ўдваіх з 16-гадовай дачкой. Зь ягоных словаў, яна яшчэ маладая, каб падтрымліваць бацькаву пазыцыю. Але для мужчыны важна, што дачка не асуджае ягоных дзеяньняў.
Да ўдзелу Алега ў выбарчай кампаніі знаёмыя ставяцца па-рознаму.
«Многія людзі кажуць, што цяпер са мной небясьпечна сустракацца. Частка знаёмых пазьбягае камунікацыі. Я ўпэўнены, што мае тэлефоны праслухоўваюць, за мной прыглядаюць. Нейкая напружанасьць існуе».
Сам Алег страху не адчувае.
«Баяцца ўжо недарэчна. Па-першае, таму, што мы нічога супрацьзаконнага ня робім. У дадзенай сытуацыі зладзеі — гэта яны. Маё сумленьне чыстае».
Разам з тым ён адзначае важнасьць падтрымкі, бо «эмацыйна складана, калі ты нічога ня можаш зрабіць з судамі».
«Я лічу, улада ўжо перайшла чырвоную рысу. Я б папярэдзіў праваахоўнікаў, каб яны сьцішылі свой імпэт. Іначай можа так стацца, што страшна будзе ім».
Алег Баразна верыць у перамены, бо «цяперашняя ўлада сябе дыскрэдытавала».
«Я адчуваў, што гэтай уладзе даўно прыйшоў час ставіць кропку. Але не было з кім, — кажа ён. — У 2010-м я не паехаў у Менск, бо не падтрымліваў тую апазыцыю, якая выводзіла людзей на плошчу. У 2015-м актыўнасьці ніякай не было. Цяпер сытуацыя абсалютна іншая. Мы не апазыцыя. Мы — народ, які прачнуўся. Мы ўжо ня зможам заснуць, і нас нельга будзе разагнаць. Рабі што мусіш, і будзь што будзе».
«У нас папяровая краіна, бюракратычная»
Аляксей Саламаненка зь Віцебску тлумачыць свой удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі цікавасьцю да асобы Сяргея Ціханоўскага.
Аляксею 32 гады. Ён працуе на дзяржпрадпрыемстве ў галіне харчовай прамысловасьці. За праяву грамадзянскай пазыцыі сёлета атрымаў чатыры штрафы на суму 3375 рублёў. Аляксей двойчы адседзеў суткі перад судом у адзіночнай камэры.
«Я не разумею, навошта людзей трымаюць у ізалятары да суду. Падвойнае пакараньне? У нас гэта вітаецца», — разважае суразмоўца.
Усе чатыры пратаколы на віцябляніна склалі паводле артыкула 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў). Яго штрафавалі за стрым зь Ціханоўскім, за «кармленьне галубоў», за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і «ланцугу салідарнасьці». Усе штрафы Аляксей абскарджваў. Ніводнага абскарджаньня не задаволілі.
«Штрафы мяне не пужаюць. У нас папяровая краіна, бюракратычная. Калі ім падабаецца працаваць з паперамі, няхай працуюць. Будзем абскарджваць, наколькі гэта магчыма», — кажа Аляксей.
Ён называе сябе валянтэрам Сьвятланы Ціханоўскай.
«Сяргей Ціханоўскі — адкрыты, добры чалавек. Калі б яго зарэгістравалі, магчымасьці для пераменаў былі б большыя, — упэўнены Аляксей. — Сьвятлана малайчына, што падтрымала мужа. А мы падтрымалі яе. Гэта салідарнасьць з чалавекам, думку якога ты паважаеш».
«Дзяржаве я нічога ня вінен. Акрамя апошніх штрафаў»
Аляксей адзначае, што за апошнія месяцы стаўленьне да яго на працы зьмянілася.
«Многія падыходзяць і кажуць: я б так ня змог. Павагі стала болей, — кажа ён. — Зь іншага боку, я шмат чую пытаньняў кшталту — што я пасьля буду рабіць? Як буду гадаваць дзяцей? Плаціць крэдыт на кватэру? Нават калі мяне звольняць, я добры спэцыяліст. Бяз працы не застануся. Дзяржаве я нічога ня вінен. Акрамя апошніх штрафаў».
Аляксей адчувае вялікую падтрымку ад новых знаёмых, якіх займеў падчас выбарчай кампаніі.
«Нават калі сядзіш суткі да суду, вельмі прыемна, калі цябе сустракаюць, — камэнтуе ён. — Я вярнуўся дадому і быў зьдзіўлены, колькі ўсяго мне перадалі».
Аляксей не адмаўляе, што за гэтыя месяцы жыцьцё яго стала менш бясьпечным.
«Імаверна, мой тэлефон праслухоўваюць. У нейкі момант я пачаў браць з сабой заплечнік, на выпадак затрыманьня, — працягвае суразмоўца. — За гэтыя два месяцы я пазнаёміўся з многімі людзьмі. У нас рознае мысьленьне, але мэта адна. Сярод іх ёсьць такія, што ідуць да канца насуперак штрафам і суткам. Значыць, ёсьць за што ісьці. Мяне гэта натхняе».
«Выбараў у нас няма, але выбар ёсьць заўсёды»
Аляксей працуе па зьменах. Калі ўдаецца, ходзіць на суды падтрымаць аднадумцаў.
«Я быў ува ўсіх віцебскіх судах — Кастрычніцкім, Чыгуначным, Першамайскім, — кажа суразмоўца. — Паўсюль аднолькава вядзецца працэс, як пад капірку. Усе рашэньні прымаюцца несправядліва. Я гэта бачыў і раней. Але ня думаў, што за ўдзел у выбарчай кампаніі могуць так судзіць. Ты выказаў сваю пазыцыю — на, атрымай. У Канстытуцыі напісана, што мы, беларусы, маем права на свабоду слова. Аказваецца, нашае слова павінна быць у межах закону і не парушаць грамадзкага парадку».
Аляксей прызнаецца, што пачаў вывучаць заканадаўства. І даведаўся, наколькі моцна ў Беларусі абмежаваныя правы простага чалавека.
«Усяму калісьці надыходзіць канец. Ня можа пастаянна гэтае бясчынства доўжыцца», — упэўнены ён.
Аляксей мяркуе, што калі пасьля выбараў усё застанецца па-ранейшаму, то ненадоўга. Альбо шмат людзей зьедзе.
«Хацелася б тут жыць і працаваць. Але сэнс заставацца, калі нічога ня можаш? Асабліва маючы альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Ёсьць выраз, што сытуацыя пачынае перарастаць у спружыну. Калі на яе моцна ціснуць, то будзе аддача. Людзі вельмі напружаныя».
Аляксей зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах як назіральнік.
«Выбараў у нас няма, але выбар ёсьць заўсёды. Цярпець гэта ўсё ці не», — кажа ён.
«Усе, хто цяпер атрымлівае штрафы і сядзіць, — героі»
Віцябляніну Паўлу Пруднікаву 27 гадоў. 26 зь іх ён жыве пры Аляксандру Лукашэнку.
«Я ня памятаю ніводнага добрага году. Жыцьцё ідзе міма», — кажа ён.
Павал сачыў за тым, што адбываецца ў краіне, аднак актывістам ніколі ня быў. Актыўнічаць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі яго падштурхнула сытуацыя з пандэміяй каранавірусу. Зь ягоных словаў, улада чарговы раз паказала, што ня дбае пра грамадзян сваёй краіны. Толькі пад пагрозай апынуўся не дабрабыт, а жыцьцё чалавека.
«Адбыўся адкрыты генацыд — адсутнасьцю дапамогі з боку дзяржавы», — упэўнены суразмоўца.
Павал запрашаў сяброў падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Але да месца збору подпісаў прыйшоў адзін. Падчас кампаніі Паўла аштрафавалі на 540 рублёў. Інкрымінавалі ўдзел у пікеце 7 чэрвеня з дэманстрацыяй плякатаў «Свабода Статкевічу!» і «Стоп таракан». Фактычных доказаў апошняга ў судзьдзі не было. Павал у руках нічога не трымаў.
«Першая частка артыкула 23.34 прадугледжвае пакараньне ад папярэджаньня да 30 базавых велічынь, — разважае малады чалавек. — Судзьдзі напужаныя, дзейнічаюць па альгарытме, які ім далі зьверху. Ніводнага з падсудных не адпусьцілі з папярэджаньнем. Большасьці даюць штраф ад 20 базавых велічынь і вышэй».
Павал абскарджваў свой штраф у абласным судзе. На трэцяй хвіліне выступу Паўла выдалілі з залі паседжаньняў за тое, што ён патрабаваў у судзьдзі пасьведчаньне. Скаргу разглядалі безь яго. Штраф не адмянілі.
На думку Паўла, такім чынам улада імкнецца прымусіць людзей маўчаць і бязьдзейнічаць.
«Нездарма ў нас малыя зарплаты і вялікія штрафы. Жаданьне нешта мяняць у многіх зьнікае. Усе, хто цяпер атрымлівае штрафы і сядзіць, — героі. Іх няшмат. Але з кожным днём іх становіцца больш. Людзі быццам адкрываюць вочы. Нібыта 26 гадоў яны правялі ў сьпячцы. Зазіраючы ў будучыню пры такім складзе ўлады, пэрспэктыў ніхто ня бачыць. Пэрспэктыва адна — стабільнае пагаршэньне жыцьця».
Павал прадпрымальнік. Мае будаўнічую адукацыю. Цяпер займаецца мастацкім каваньнем. Тое, што людзі сталі жыць горай, Павал адразу адчуў на сваёй працы.
«Я прывязаны да сярэдніх зарплат па краіне. Я хачу, каб людзі атрымлівалі больш. Ад гэтага залежыць і мой заробак. Цяпер людзі сталі менш набываць. Трымаюць грошы на самае неабходнае».
«Мы жывём нібыта ў матрыцы»
Павал Пруднікаў не адчувае сябе вінаватым. Як ня лічыць вінаватымі людзей, якіх пакаралі за адстойваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі і карыстаньне канстытуцыйнымі правамі.
«Мы жывём нібыта ў матрыцы, — параўноўвае ён. — Як толькі ты выйшаў зь яе, цябе пачынаюць цкаваць, караць штрафамі, суткамі, крымінальную справу могуць завесьці. Я на сабе паспытаў, як працуе „машына“. Усё робіцца так, каб падзеі ў краіне можна было б абмяркоўваць не далей за кухню ўласнай кватэры. Калі яна ўласная, вядома».
Павал прызнаецца, што хоча жыць добра і адчуваць сябе пад абаронай. Міліцыю ён не ўспрымае як праваахоўныя органы. Называе яе карнай структурай, разьлічанай на запужваньне людзей. Паўтара года Павал служыў у пагранічных войсках. Быў камандзірам аддзяленьня разьведчыкаў.
«Мы служылі па іншых прынцыпах. Мы абаранялі людзей. Я да гэтай пары верны прысязе. Мне прыкра глядзець, як цяпер зьбіваюць нават пэнсіянэраў. У міліцыянтаў таксама ёсьць сем’і. І хтосьці зь іх сямей будзе ў ланцугу».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якая рука Масквы? Што за трызьненьне?» — Халезін пра жаночы твар і пра «бесаў» выбарчай кампаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турыстаў няма, заробкі ня тыя». Як беларускія рамесьнікі выжываюць падчас пандэміі каранавірусу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўскі сьпяваў на Акрэсьціна „Муры“». Палітвязень Навумік расказаў пра ўмовы ў СІЗА і як там выжыць навічку
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.