Адкуль бяруцца высокія рэйтынгі Лукашэнкі, якія паказваюць па БТ? І што пра іх кажуць незалежныя сацыёлягі?
Аналітычны цэнтар ЭКООМ сьцьвярджае: узровень даверу Лукашэнку — 78%. 10 дзён таму палітаглядальнік БТ Андрэй Крывашэеў выклаў у фэйсбук дакумэнт, згодна зь якім рэйтынг Лукашэнкі складае 76%. Рэйтынг усіх астатніх альтэрнатыўных кандыдатаў прыкладна аднолькавы: 14,6% паводле ЭКООМ і 16% паводле дакумэнту ААЦ пад грыфам «сакрэтна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня афіцыйнага Саюзу журналістаў апублікаваў сакрэтную інфармацыю ААЦ: рэйтынг Лукашэнкі — 76%
ЭКООМ выдае свае дасьледаваньні раз на 5 гадоў і ня мае інтэрнэт-сайту
Аналітычны цэнтар ЭКООМ быў створаны ў 2003 годзе. Ён мае права праводзіць сацыялягічныя апытаньні, якія адносяцца да выбараў прэзыдэнта. Так што актыўнасьцю ЭКООМ адзначаецца адзін раз на 5 гадоў — у пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Публікаваў дасьледаваньні ў 2006 годзе, 2010 годзе (тады атрымаў нават права рабіць экзыт-полы). У 2015 годзе, калі таксама былі прэзыдэнцкія выбары, дасьледаваньняў ЭКООМ ці спасылак на іх Свабода не знайшла.
Яшчэ адна цікавая акалічнасьць: у ЭКООМ няма інтэрнэт-сайта.
ЭКООМ: Лукашэнку давяраюць 78%, прагаласаваць за яго гатовыя 69,4%
Сацыялягічнае дасьледаваньне, праведзенае аналітычным цэнтрам ЭКООМ напярэдадні сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, сьведчыць: больш за 87% насельніцтва Беларусі плянуюць узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. За Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 69,4%. Рэйтынгі астатніх прэтэндэнтаў у кандыдаты не перавышаюць сумарна 14,6%. Не захацелі раскрываць свае сымпатыі 12,5% рэспандэнтаў. Выбар «супраць усіх» маюць намер зрабіць 3,5% апытаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты дакумэнт сапраўдны», — палітычны аглядальнік БТ Крывашэеў пра 76%-ы рэйтынг ЛукашэнкіПры гэтым ЭКООМ адзначае высокі ўзровень даверу дзейнаму кіраўніку дзяржавы — 78,3%.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру ЭКООМ Сяргей Мусіенка патлумачыў, чаму ўзровень даверу на 9% вышэйшы за колькасьць тых, хто на выбарах гатовы прагаласаваць за дзейнага кіраўніка дзяржавы.
«Узровень даверу вызначае сацыяльна-эканамічныя, зьнешнія адносіны. Умоўна кажучы, чалавек ацэньвае сытуацыю як нармальную, ён давярае палітыцы кіраўніцтва краіны, яна яго задавальняе. Але сумняецца, за якога кандыдата галасаваць, ці галасаваць наагул ня будзе», — кажа Мусіенка.
Апытаньне праводзілася за некалькі дзён да рэгістрацыі кандыдатаў — з 10 да 12 ліпеня. 1877 чалавек апыталі праз тэлефон (палову па стацыянарных тэлефонах, палову па мабільных), кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру ЭКООМ Сяргей Мусіенка.
Ён адзначае, што і на Захадзе шырока выкарыстоўваць менавіта тэлефоннае апытаньне. Прывёў прыклад, што ў ЗША людзі не пускаюць чужых людзей у свае дамы. У Беларусі таксама пад’езды з кодавымі замкамі. Да таго ж складаная сытуацыя з каранавірусам. Таму вырашылі правесьці тэлефоннае дасьледаваньне, тлумачыць Сяргей Мусіенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль узяліся сацыёлягі, якія налічылі 76 працэнтаў падтрымкі Лукашэнкі
«Нерэалістычна, каб рэйтынг Лукашэнкі ў цяперашняй напужанай атмасфэры так радыкальна зьмяняўся», — Андрэй Елісееў
Дырэктар дасьледчага цэнтру East Андрэй Елісееў кажа, што само па сабе тэлефоннае апытаньне як сацыялягічны мэтад выкарыстоўваецца шырока, але трэба прымяняць адмысловую мэтадалёгію. Вынікі апошняга дасьледаваньня ЭКООМ, зрэшты, ён ставіць пад сумнеў.
«Гэтыя лічбы падаюцца несапраўднымі. Яны ўвогуле фантастычна супадаюць з тым так званым сакрэтным дакумэнтам, які выставіў паўтара тыдня таму вядоўца БТ Андрэй Крывашэеў. Рэйтынг даверу да Лукашэнкі мае задзел да росту. А рэйтынг усіх альтэрнатыўных кандыдатаў там складаў 16%, і тут не нашмат адрозьніваецца — 14,6%. Мне падаецца, што гэтыя дадзеныя зусім не адпавядаюць рэальнасьці», — мяркуе Андрэй Елісееў.
Палітоляг сьцьвярджае, што цяжка патлумачыць істотную неадпаведнасьць падобных апытаньняў з апытаньнем, якое праводзіў Інстытут сацыялёгіі ў сакавіку-красавіку, калі рэйтынг Лукашэнкі ў сталіцы складаў 24%.
«Гэта выглядае абсалютна нерэалістычна, каб рэйтынг у лічаныя месяцы ў той атмасфэры, якая ёсьць цяпер у Беларусі, зьмяняўся так радыкальна. Вельмі вялікае разыходжаньне дазваляе не пагаджацца з падобнымі высновамі.
Да таго ж гэты цэнтар, наколькі я ведаю, не зьяўляецца пастаянным гульцом на полі сацыялёгіі, таму давер вельмі сумнеўны да гэтых вынікаў.
Палітычная задача, якую выконвае ЭКООМ, — рабіць укіды любымі спосабамі, каб рыхтаваць задзел да падобнай лічбы рэйтынгу», — робіць выснову Андрэй Елісееў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі пацьвердзіў, што ў сакавіку рэйтынг даверу да Лукашэнкі быў 24%, а да ЦВК — 11%
«Рэйтынг Лукашэнкі — гэта заданьне, якое даводзяць да выбарчых камісій зьверху», — Аляксандар Сасноў
На думку сацыёляга НІСЭПД Аляксандра Саснова, цэнтру ЭКООМ «зьверху» далі заданьне, якое ён выконвае.
«Гэта заданьне, якое даводзяць да выбарчых камісій зьверху, — амаль 70%. Ідзе падвышэньне, і бліжэй да выбараў яны дойдуць і да 76%.
А можа, яны хадзілі па вуліцах з дубінкай і пыталіся: „Ты за каго?“», — іранізуе сацыёляг Аляксандар Сасноў.
Ён таксама заўважае, што цэнтар наагул нагадвае пра сваё існаваньне адзін раз на 5 гадоў, таму не давярае ЭКООМу і асабіста Сяргею Мусіенку.
«На самой справе ЭКООМ — не сацыялягічны інстытут, а ідэалягічная кантора, якая патрэбная толькі для таго, каб перад выбарамі затлуміць людзям галаву. Цэнтар раз на 5 гадоў робіць выгляд, што займаецца навукай.
Я ня ведаю дакладных лічбаў дасьледаваньняў, якія б правялі незалежныя сацыялягічныя інстытуты. Таму не магу сказаць, якія лічбы блізкія да дакладных. Але тое, што зараз выставіў Мусіенка, на мой погляд, гэта наагул сьмешна», — кажа сацыёляг Аляксандар Сасноў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.