Што супрацоўнікі могілак і рытуальных агенцтваў кажуць пра пахаваньні пасьля «перамогі» над COVID-19

Улады Беларусі ўжо абвясьцілі перамогу над каранавірусам. Афіцыйная статыстыка Мінздароўя паказвае пасьлядоўнае зьніжэньне новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Аднак Сусьветная арганізацыя здароўя фіксуе новыя суткавыя рэкорды колькасьці выпадкаў захворваньня па ўсім сьвеце.

Свабода даведалася, як бачаць сытуацыю работнікі могілак і пахавальных бюро.

Гомель. «З тых, хто памірае ў шпіталі, — 8 з 10 маюць станоўчы тэст»

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра перамогу над каранавірусам. Дзяржаўнае выданьне «Гомельская праўда» піша, што мясцовыя шпіталі «ачысьціліся» ад заразнай хваробы і пераходзяць да профільнай працы.

Працаўнікі могілак «Стукачоўскія» пад Гомлем кажуць, што пахаваньняў не паболела.

Могілкі «Стукачоўскія» пад Гомлем

«Калі чатыры, калі дзесяць за дзень. Часам хаваюць і ў закрытых трунах, але няшмат такіх пахаваньняў. Мне здаецца, што ўжо людзі забыліся пра каранавірус», — кажа адзін з работнікаў могілак.

Дырэктар адной з рытуальных фірмаў у Гомлі валодае і дзеліцца іншай інфармацыяй.

«Менш сьмерцяў з COVID-19 дакладна ня стала. Наколькі я ведаю, 8 з 10 нябожчыкаў, якія памерлі ў шпіталі (то бок дастаўляюцца да нас з моргу), маюць станоўчы тэст на COVID-19. Таму што шмат людзей заражаецца менавіта ў шпіталях. Мэдыкі не пасьпяваюць пры такой плыні хворых нармальна ўсё дэзынфікаваць, тэсты патрабуюць часу... У выніку кладуць здаровых з хворымі — і тады ўсе заразныя», — кажа дырэктар фірмы.

Могілкі «Стукачоўскія» пад Гомлем

Калі работнікі ягонага прадпрыемства займаюцца пахаваньнем нябожчыка, які меў станоўчы тэст на каранавірус, то морг дае ім і сваякам парады: не чапаць, не абдымаць, не забіраць начаваць дахаты.

Дырэктар фірмы зазначыў: некаторыя сваякі самі ўтойваюць, што нябожчык меў станоўчы тэст.

«Баяцца, што тады ім не дазволяць адчыніць труну, што чалавек будзе пахаваны ў пакунку, як кажуць. Але ў пакунку цяпер не хаваюць — проста зачыненая труна. Каго каранавірус не закрануў асабіста — напрыклад, памёр блізкі чалавек, ці захварэў — тыя перасталі апасацца. А іншыя, каго закрануў, захоўваюць меры перасьцярогі», — зазначыў кіраўнік пахавальнай канторы.

Ён сьцьвярджае, што ў Гомлі летам памірае больш, чым увесну.

«Да сакавіка было каля 140 нябожчыкаў у дзень, цяпер каля 200. Але нельга гэта ўсё зьвязваць наўпрост з каранавірусам. Бо на людзей, якія маюць падвышаны ціск, цукроўку, атлусьценьне, надта ўплывае гэтая сьпёка, задуха», — дадаў дырэктар рытуальнага бюро.

Горадня. Памерлых з каранавірусам хаваюць менш, але шмат нябожчыкаў «з падазрэньнем» на COVID-19

У адной з рытуальных агенцыяў Горадні ананімна расказалі пра пахаваньне людзей з каранавірусам.

«Калі ўлічваць, што дыягназы хаваюць, ня ставяць, то нічога не зьмянілася», — кажа супрацоўнік агенцыі, параўноўваючы ліпень з папярэднімі месяцамі.

Праўда, ён заўважыў: як на вуліцы пацяплела, нябожчыкаў з каранавірусам усё ж крыху паменела. Больш іх было ў красавіку і траўні. За апошнія 2–3 тыдні агульная колькасьць пахаваньняў зьменшылася, у тым ліку паменела людзей, якія хварэлі на запаленьне лёгкіх.

На горадзенскіх могілках

Калі ў нябожчыка быў COVID-19, у агенцыі гэта бачаць з таго, што цела да іх прыходзіць у гермэтычным пакеце. Такіх выпадкаў адзінкі — тры за лета ў гэтай рытуальнай службе. Супрацоўнік рытуальнай сфэры мяркуе, што папраўдзе «ковідных» памерлых болей, чым паводле афіцыйных папераў.

«Уся інфармацыя з моргаў трапляе ў Менск, і Менск дае распараджэньне: пісаць „каранавірус“ ці хваробы, якія спадарожнічаюць каранавірусу, ускладненьні. Такая статыстыка, іх не зразумееш», — разважае суразмоўца.

Здараецца, прыбывае нябожчык з падазрэньнем на каранавірус — прыкладам, станоўчы вынік тэсту прыходзіць толькі пасьля пахаваньня, або чалавек хварэў на пнэўманію з характэрнымі для каранавірусу сымптомамі. У такіх выпадках лекары «па-чалавечы» папярэджваюць супрацоўнікаў пахавальнага бюро, што хаваць такога нябожчыка небясьпечна, а супрацоўнікі бюро — сваякоў, каб не падыходзілі блізка да труны, не цалавалі нябожчыка на разьвітаньне. Лічба такіх памерлых «з падазрэньнем» ідзе на дзясяткі. Па словах суразмоўцы, гэта амаль усе нябожчыкі, хто прыбывае зь лякарняў.

Горадзенскі пахавальны дом, архіўнае фота

Дырэктар Горадзенскага пахавальнага дому Аляксандар Шэйтар расказаў БелаПАН, што памерлых з каранавірусам апошнім часам стала менш. Паводле яго, цягам усёй эпідэміі такіх нябожчыкаў былі адзінкі.

Па ягоных назіраньнях, гэта менш за 1% ад усёй колькасьці памерлых, што зьвяртаюцца ў пахавальны дом. Ён мяркуе, што схаваць дыягназ «каранавірус» немагчыма, бо калі ў пасьведчаньні аб сьмерці зашыфравана пішацца толькі асноўны дыягназ, які стаў прычынай сьмерці, то ў даведцы аб сьмерці пішуць усе іншыя захворваньні, якія яму спадарожнічалі. У ліпені яны хавалі толькі аднаго нябожчыка з каранавірусам.

Магілёў. «Праблема з пандэміяй яшчэ ня вырашаная»

У Магілёве шмат якім рытуальным арганізацыям даводзілася хаваць памерлых ад каранавірусу. Гэта відаць з таго, што расказваюць іх кіраўнікі і работнікі.

На найвялікшых Паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва

За апошнія тры месяцы рытуальнае агенцтва Дзьмітрыя пахавала «дзясятак нябожчыкаў з каранавірусам». Ён кажа, што такая лічба — «мізэрны працэнт у параўнаньні зь іншымі пахаванымі», але гэта не азначае, што пандэмію перамаглі.

Паводле яго, падначаленым, як і раней, перад выездам на могілкі наказваюць, каб былі ў масках, як найменш датыкаліся да трун і праціралі антысэптыкам рукі пасьля паховінаў.

Разам з тым ён спадзяецца, што неўзабаве ўсё стане, як да пандэміі. На ягоную думку, «людзі стаміліся ад страху перад каранавірусам і патроху зжываюцца з думкай, што пандэмія надоўга».

Новы ўчастак на Паўднёва-ўсходніх могілках. Паводле работнікаў камунальнай службы гораду, штодня тут хаваюць 3–5, а часам і да 10 чалавек

«На пачатку пандэміі на пахаваньні каранавірусных нябожчыкаў прыходзілі па 2–3 самыя блізкія родзічы, — кажа ён. — Цяпер жа зьбіраюцца да 20 чалавек. Яны ў масках, да закрытай дамавіны блізка не падыходзяць і прыяжджаюць з антысэптыкамі».

Работнікі рытуальных арганізацый, зь якімі ўдалося пагутарыць, сьцьвярджаюць: больш за палову пахаваных імі былі з каранавірусам, які прысьпешыў разьвіцьцё хранічных хваробаў. Такую выснову яны зрабілі, размаўляючы з родзічамі нябожчыкаў.

Разам з тым яны адзначаюць, што сьмяротнасьць за час пандэміі істотна ня вырасла. За месяц, як і раней, хаваюць да двух дзясяткаў памерлых. Паводле суразмоўцаў, у эпідэмію птушынага грыпу хаваць даводзілася значна болей, але, як і цяпер, улада вельмі абмежавана падавала статыстыку сьмяротнасьці, каб «не ствараць панікі».

«Сёлета ў красавіку і траўні людзі на могілках дужа панікавалі, а цяпер зрабілася спакайней, — адзначаюць у адной з брыгад далакопаў. — Калі мы ведаем, што нябожчык з дыягнаставаным каранавірусам, то асьцерагаемся, але апошнім часам яго ўсё радзей пазначаюць у мэдычных дакумэнтах, і закрытых трунаў паменела. Мы ж усё роўна напагатове».

Яшчэ адзін кіраўнік пахавальнага бюро кажа: крызіс на рынку рытуальных паслуг адчуваецца, але ён зьвязаны не з каранавірусам, а з агульнай сытуацыяй у эканоміцы. Паводле яго, родзічы нябожчыка імкнуцца ашчадзіць і часьцей выбіраюць таньнейшыя расцэнкі на пахаваньне. Заказаў ад гэтага «меней ня стала», але даходы скараціліся.

Гэты шэраг магіл зьявіўся за два апошнія тыдні. Паводле далакопаў, сярод іх ёсьць магілы, у якіх ляжаць нябожчыкі з каранавірусам

Невялікая арганізацыя наступнага суразмоўцы, Леаніда, на рынку рытуальных паслугаў 15 гадоў. Паводле яго, за два апошнія месяцы ў яго было 5 выпадкаў, калі даводзілася хаваць нябожчыкаў з COVID-19. Ён перакананы: праблема з пандэміяй яшчэ ня вырашаная. Прадпрымальнік ня верыць афіцыйнай статыстыцы і лічыць, што наперадзе новыя хвалі эпідэміі.

«Людзі на пахаваньнях часьцей разгублена маўчаць, бо прыбітыя горам, — кажа ён. — Некаторыя прызнаваліся мне, што ім дзіка, ад чаго памёр родзіч, бо пра эпідэміі толькі чыталі ў кніжках ці глядзелі ў фільмах. Яны вінавацяць уладу, якая павінна была ратаваць, але таго не зрабіла».

На Паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва. Ня ўсе могуць аплаціць паслугі рытуальнай арганізацыі, тады парадкуюць магілу родзіча самастойна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус яшчэ тут. Як цяпер моляцца ў беларускіх храмах

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ