Беларускае маркетынгавае агенцтва Gusarov прадставіла трэці рэйтынг папулярнасьці прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў пошукавых запытах Google і «Яндэкс». У ліпеньскі рэйтынг увайшлі і тыя, каго не зарэгістравалі кандыдатамі.
Колькасьць запытаў у рэйтынгу недакладная. Зьвесткі аб запытах у пошуку «Яндэкса» атрымлівалі праз сэрвіс Wordstat і праграму Key Collector, а зьвесткі пра Google экстрапалявалі — мелі толькі сярэднестатыстычныя дадзеныя, якія памнажалі на каэфіцыент папулярнасьці пошукавых сыстэмаў. У рэйтынг наўмысна не ўключалі Аляксандра Лукашэнку як аб’ектыўна «больш вядомую» асобу.
Ліпеньскі рэйтынг склалі за тыдзень з дня рэгістрацыі кандыдатаў — 14 ліпеня. Яго параўналі з рэйтынгам за травень і пачатак чэрвеня, калі яшчэ ішоў збор подпісаў. Рэйтынг выйшаў такі:
- Віктар Бабарыка — 89 339 балаў (+2934 да рэйтынгу за 5 траўня — 5 ліпеня)
- Андрэй Дзьмітрыеў — 33 880 (+27 378)
- Валер Цапкала — 25 501 (+ 20 321)
- Марыя Калесьнікава — 17 990*
- Сьвятлана Ціханоўская — 12 158 (+8504)
- Сяргей Чэрачань — 9366 (+7255)
- Вераніка Цапкала — 8553*
- Ганна Канапацкая — 4899 (–2608)
- Алег Гайдукевіч — 3721 (–5700)
- Сяргей Ціханоўскі — 2540 (–8337)
- Юры Ганцэвіч — 1734 (–7473)
- Мікалай Казлоў — 1550 (–4039)
- Вольга Кавалькова — 1148 (–1755)
- Юрась Губарэвіч — 977 (–2214)
- Алесь Таболіч — 750 (–1538)
- Натальля Кісель — 598 (–4056)
- Уладзімер Няпомняшчых — 491 (–2376)
* Марыя Калесьнікава не зьбіралася ў кандыдаты, але стала галоўнай публічнай асобай штабу Віктара Бабарыкі пасьля зьняволеньня яго і ягонага сына, кіраўніка штабу Эдуарда Бабарыкі. Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, стала прадстаўляць ягоны штаб пасьля аб’яднаньня сілаў са штабам Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка абагнаў Лукашэнку ў пошукавых запытах GoogleПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.