Расея спрабавала паўплываць на кампанію перад рэфэрэндумам аб незалежнасьці Шатляндыі ад Злучанага каралеўства ў 2014 годзе.
Да такой высновы прыйшоў камітэт бясьпекі і выведкі брытанскага парлямэнту ў дакладзе аб узьдзеяньні Расеі на брытанскую палітыку.
Даклад, падрыхтаваны яшчэ летась, будзе апублікаваны ў аўторак. Зь яго тэкстам азнаёмілася газэта The Telegraph.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія абвінаваціла расейскіх хакераў у спробе выкрасьці зьвесткі пра вакцыну ад каранавірусу
Спробы ўмяшаньня ў рэфэрэндум, большасьць удзельнікаў якога ўрэшце выказаліся супраць незалежнасьці Шатляндыі, названыя ў дакумэнце «першым постсавецкім умяшаньнем у дэмакратычнае галасаваньне на Захадзе».
У чым канкрэтна заключалася ўмяшаньне, з публікацыі The Telegraph не зусім зразумела — па ўсім відаць, размова ідзе пра агітацыю ў Інтэрнэце. Брытанскія СМІ падчас кампаніі перад рэфэрэндумам пісалі пра тое, што пракрамлёўскія блогеры агітуюць у сацыяльных сетках, як правіла, за незалежнасьць Шатляндыі, і параўноўваюць рэфэрэндум з галасаваньнем, арганізаваным Расеяй у Крыме, а таксама на ўсходзе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы ЗША папярэдзілі пра ўмяшаньне Расеі ў выбары, — Associated Press
Злучаныя Штаты абвінавачваюць Расею ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ў 2016 годзе — гэта значыць праз два гады пасьля шатляндзкага рэфэрэндуму.
У тым самым 2016 годзе прайшоў і рэфэрэндум аб выхадзе Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Большасьць яго ўдзельнікаў падтрымалі так званы Брэксыт, і ў пачатку 2020 году Брытанія выйшла з ЭЗ. У сувязі з гэтым рэфэрэндумам таксама ўздымалася пытаньне аб умяшаньні Расеі, аднак у дакладзе гаворыцца, што прамых доказаў гэтага ня знойдзена.
- На мінулым тыдні кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Домінік Рааб сьцьвярджаў, што Расея спрабавала ўмяшацца ў парлямэнцкія выбары 2019 году. Зь ягоных словаў вынікала, што гэта было ўмяшаньне на карысьць апазыцыйных лэйбарыстаў. У дакладзе, аднак, гаворыцца пра больш раньні пэрыяд, і гэты эпізод у ім не адлюстраваны.
- Лэйбарысты і іншыя апанэнты кіроўных кансэрватараў, у сваю чаргу, абвінавачвалі ўрад у затрымцы з публікацыяй дакладу. Яны таксама паказваюць на тое, што ў дакумэнце павінна быць сказана пра багатых жыхароў Брытаніі расейскага паходжаньня, якія зьяўляюцца спонсарамі кансэрватараў, і задаюцца пытаньнем, ці ня зьвязаныя гэтыя людзі, якія, як правіла, захавалі расейскія пашпарты, з Крамлём.
- У цэлым, як піша The Telegraph, у дакладзе зьмяшчаюцца рэкамэндацыі праводзіць больш жорсткую лінію ў дачыненьні да Крамля. У прыватнасьці, рэкамэндуецца больш старанна кантраляваць прыток расейскіх грошай у Брытанію. Палітыка некалькіх папярэдніх брытанскіх кабінэтаў ў дачыненьні да Масквы названая ў дакумэнце занадта мяккай.
- Былы лідэр Шатляндзкай нацыянальнай партыі Алекс Салманд, які пайшоў у адстаўку пасьля рэфэрэндуму 2014 году, стаў пасьля вядучым праграмы на расейскім дзяржаўным тэлеканале RT.