Паводле праваабаронцаў «Вясны», на мірных акцыях супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, а таксама на іншых акцыях салідарнасьці і пасьля іх, якія праходзілі 14 і 15 ліпеня, у Беларусі затрымалі як мінімум 420 чалавек.
Найбольшая колькасьць затрыманьняў у Менску — сама меней 329 чалавек: 303 падчас стыхійнай акцыі пратэсту 14 ліпеня і 26 на наступны дзень, калі людзі стаялі ў чарзе, каб падаць скаргі ў Цэнтравыбаркам ці проста апынуліся на шляху амапаўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына абвінаваціла штабы Бабарыкі і Цапкалы ў арганізацыі масавых пратэстаўАкрамя Менску, затрыманьні адбыліся яшчэ ў дзясятку гарадоў краіны.
• Пружаны (7 чалавек 14 ліпеня, 2 асудзілі на арышты)
• Гомель (15 чалавек 14 ліпеня, 5 асудзілі на арышты)
• Берасьце (45 чалавек 14 ліпеня, 37 атрымалі штрафы і «суткі»)
• Салігорск (2 чалавекі 14 ліпеня, іх жа асудзілі на арышты)
• Бабруйск (4 чалавекі 14 ліпеня)
• Стоўпцы (1 чалавек 14 ліпеня, асуджаны на арышт)
• Гродна (7 чалавек 14 і 15 ліпеня)
• Віцебск (1 чалавек 15 ліпеня)
• Барысаў (8 чалавек 15 ліпеня, 4 атрымалі штрафы)
• Смаргоні (1 удзельніца роварнага прабегу салідарнасьці 16 ліпеня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 2 тысячы чалавек стаялі ў чарзе да ЦВК. Хроніка падзейУсяго ў рэгіёнах з 14 па 16 ліпеня за ўдзел у акцыях затрымалі больш за 90 чалавек. За гэты час адбылося каля 170 судоў паводле артыкулаў 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі).
Паўсотні чалавек за гэты час атрымалі ў суме 581 дзень адміністрацыйнага арышту, больш за 70 — штрафы на агульную суму 65 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крымінальнай справе аб «парушэньні грамадзкага парадку» апытваюць 450 чалавек,— сьведкаАд пачатку выбарчай кампаніі 190 чалавек асудзілі агулам на 2 607 сутак арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу. 333 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам больш за 265 275 рублёў.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1 140 выпадкаў адвольных затрыманьняў, якія адбыліся ў пэрыяд з 6 траўня па 20 ліпеня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.