Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала 21 ліпеня абноўленыя зьвесткі аб акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
Па стане на 20 ліпеня акрэдытавалі 42 856 чалавек агулам, 3436 — за апошні тыдзень.
31 186 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, па-ранейшаму прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8779 чалавек (плюс 177 за тыдзень), Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 6019 (+353), праўладная «Белая Русь» — 5161 (+252), Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3780 (+125), Беларускі саюз жанчын — 3705 (+232), Беларускі фонд міру — 1632 (+131), Беларускі Хэльсынскі камітэт — 52 (+4), БНФ «Адраджэньне» — 2 (+1). Іншыя грамадзкія аб’яднаньні дэлегавалі 2056 (+410) чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пераправерыць падлік галасоў? Больш за 200 айцішнікаў паўдзельнічалі ў «мазгавым штурме»Ад палітычных партыяў выбарчыя камісіі акрэдытавалі 2073 нацыянальныя назіральнікі. У Камуністычнай партыі Беларусі 1018 (+204) прадстаўнікоў, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 670 (+77), Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 120 (+55), Беларускай аграрнай партыі — 107 (+59), Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 63 (+0), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62 (+0), Рэспубліканскай партыі — 21 (+0), Беларускай патрыятычнай партыі — 8 (+0), партыі БНФ — 2 (+0), Беларускай партыі «Зялёныя» — 1 (+0), Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1 (+0).
7427 (+1127) грамадзянаў сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя, 2170 (+230) акрэдытавалі ад працоўных калектываў.
На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе былі акрэдытаваныя 43 572 нацыянальныя назіральнікі, у 2010-м — 39 619. Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ і ПАРЭ не зьбіраюцца прысутнічаць на сёлетніх выбарах, але ад СНД прыедуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Місія СНД будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі, АБСЭ — не ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ таксама ня будзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў БеларусіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.