«У выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы, у выпадку пагрозы распаўсюду любой дэструктыўнай інфармацыі» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дапускае блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў. Што рабіць, калі папулярны мэсэнджар пачнуць блякаваць у час, калі ён спатрэбіцца? І што рабіць, калі заблякуюць улюбёныя сайты або зусім адключаць інтэрнэт?
Сем спосабаў абысьці блякаваньні
Паводле пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі, улады Беларусі яшчэ з 2015 году мусяць блякаваць сродкі доступу да забароненых сайтаў адразу пры выяўленьні гэтых сродкаў. Але за пяць гадоў існаваньня пастановы ніводзін такі сродак ня быў пасьпяхова заблякаваны.
- VPN. Самы папулярны спосаб абыходу масавых блякаваньняў сайтаў — праграмы доступу да віртуальных прыватных сетак (VPN). Напрыклад, яшчэ ў 2016 годзе пасьля выбараў ва Ўгандзе VPN-кліенты некалькі дзён займалі ўвесь топ-12 самых папулярных праграмаў. Плюс гэтага спосабу ў тым, што ў VPN-кліенце трэба націснуць літаральна адну кнопку, каб адкрыць доступ да ўсіх заблякаваных сайтаў і праграмаў. Карыстальнік нібыта падключаецца не да заблякаваных рэсурсаў, а да чужой сеткі, а ў той сетцы ўжо заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы. Мінус — зь ненадзейных сэрвісаў могуць красьці зьвесткі карыстальнікаў або злачынцы пад выглядам VPN-кліентаў могуць распаўсюджваць праграмы крадзяжу прыватных зьвестак, а добрыя і хуткія VPN-сэрвісы платныя (але ёсьць і нямала бясплатных). Рэйтынгі найлепшых VPN-сэрвісаў вядуць шматлікія профільныя выданьні (як гэтае) і праваабарончыя арганізацыі (як гэтая).
- Web proxy. Калі трэба атрымаць доступ не да праграмы, а да сайта, можна нічога не ўсталёўваць, а скарыстацца сайтам-«ананімайзэрам» (web proxy). З боку правайдэра будзе бачна, што карыстальнік заходзіць не на заблякаваны сайт, а на старонку ананімайзэра, а што адбываецца на гэтай старонцы — ня бачыць. Свой бясплатны ананімайзэр мае і Радыё Свабода. Па прынцыпе ананімайзэра могуць працаваць і іншыя сайты, якія паказваюць «старонку ў старонцы»: напрыклад, перакладчык Google Translate можа паказаць цэлую перакладзеную вэб-старонку, калі яе поўны адрас увесьці ў вакно перакладу, заадно такім чынам можна паглядзець і неперакладзены арыгінал. Выбіраць ананімайзэр таксама трэба асьцярожна, пад выглядам web proxy могуць проста красьці паролі.
- DNS. Мінус DNS-сэрвісаў у тым, што іх наладка патрабуе пэўных тэхнічных ведаў — нават тлумачэньне таго, што такое «сыстэма дамэнных імёнаў» (DNS), можа здацца незразумелым непадрыхтаванаму карыстальніку (калі зусім простымі словамі, DNS — гэта «адрасная кніга», у якой захоўваюцца адпаведнікі імёнаў сайтаў, прыкладам «Svaboda.org», іхным адрасам на «кампутарнай» мове, што выглядаюць накшталт «192.168.0.1»). Плюс жа ў тым, што існуе шмат бясплатных і надзейных DNS-сэрвісаў, якія маюць падрабязныя інструкцыі: напрыклад, 1.1.1.1 ад Cloudflare і 8.8.8.8 ад Google. Першы з названых нават мае бясплатныя мабільныя праграмы пад Android і iOS, у якіх нічога ня трэба наладжваць — толькі ўсталяваць.
- Tor. Ананімная сетка праекту Tor («The Onion Router» — цыбулевы роўтэр) шмат разоў шыфруе і перанакіроўвае інфармацыю па вузлах сеткі, перш чым тая трапіць да карыстальніка. Праект «цыбулевай маршрутызацыі» распрацавалі вайскова-марскія сілы ЗША, але цяпер ён даступны кожнаму (на настольных кампутарах і Android, а ва «ўрэзанай» і не да канца ананімнай вэрсіі — на iOS). Плюс — поўная ананімнасьць, практычная немагчымасьць блякаваньня і доступ да цэлага таемнага «цёмнага вэбу», мінус — вельмі нізкія хуткасьці.
- Mesh-сеткі. Трымаць сувязь можна і без мабільнага і дротавага інтэрнэту. Цяпер амаль усе тэлефоны могуць падключацца адзін да аднаго па Bluetooth і WiFi, і калі некалькі людзей зьбяруцца побач, яны могуць трымаць сувязь між сабой па гэтых пратаколах, а не праз інтэрнэт. Паводле такога прынцыпу працуе мэсэнджар FireChat, сетка Bridgefy і іншыя праграмы. Мінус — трэба, каб карыстальнікі былі побач і ўсе ўключылі адну і тую ж праграму.
- Сацсеткі і альтэрнатыўныя мэсэнджары. Калі блякуюць адзін канкрэтны сайт (як, напрыклад, «Хартыю-97»), навіны зь яго можна атрымаць праз Facebook, Telegram, «УКантакце» і іншыя сацсеткі, дзе інфармацыю з сайта не заблякавалі. Калі ж блякуюць адзін канкрэтны мэсэнджар (напрыклад, Telegram), можна загадзя дамовіцца трымаць сувязь празь іншы (Viber, WhatsApp, Signal…). Пакуль не заблякуюць увесь інтэрнэт, заўсёды знойдзецца пляцоўка для перапіскі і публікацыі навінаў — галоўнае, каб карыстальнікі загадзя ведалі, дзе шукаць адзін аднаго.
- «Старамодныя» SMS і таксафоны. Калі кепска працуе 4G-сувязь, можна ў наладах тэлефона пераключыцца на 3G, а то і 2G (у розных мадэлях тэлефонаў гэта робіцца рознымі шляхамі, але, у прынцыпе, трэба шукаць налады мабільнай сеткі, у іх — мабільнай перадачы дадзеных, а там — перавагі сеткавага рэжыму). Калі ж сувязь працуе ледзь-ледзь, можна паспрабаваць SMS-перапіску, бо для SMS не патрэбны моцны сыгнал, а паведамленьне перашлецца пры першай магчымасьці. Калі карыстальнік турбуецца, што SMS могуць перахапіць зламысьнікі ці спэцслужбы, можна дамовіцца з важнымі кантактамі карыстацца якім-небудзь спосабам шыфраваньня SMS (прыкладам, Silence для Android). А калі не працуюць тэлефанаваньні і SMS, а трымаць сувязь трэба, у Беларусі яшчэ захаваліся асобныя таксафоны — платныя вулічныя тэлефоны. Толькі да іх выкарыстаньня трэба рыхтавацца загадзя, бо карткі аплаты прадаюцца ўжо далёка не паўсюль.
Наўрад ці адключаць усе VPN, і нават калі так, застанецца Tor
Беларускі ІТ-спэцыяліст Павал Селіцкас, які зьвярнуў увагу на праблемы з доступам да VPN-сэрвісаў, мяркуе, што нават калі ня ўдасца адключыць усе такія сэрвісы, магчыма зрабіць так, каб да іх не змаглі атрымаць доступ 95% карыстальнікаў. Пры гэтым «ня масавы карыстальнік», але нейкі адсотак людзей заўсёды зможа атрымаць доступ да пажаданых рэсурсаў, пакуль ёсьць «хоць нейкі інтэрнэт за мяжу».
Самым даступным інструмэнтам для масавага карыстальніка пры блякаваньні VPN-сэрвісаў ён лічыць ананімную сетку Tor. Беларускія ўлады спрабавалі змагацца з Tor, але спроба заблякаваць яе ў канцы 2016 году толькі падвысіла колькасьць карыстальнікаў. Нават калі для Tor блякуюць звычайныя каналы сувязі, сетка мае шмат «мастоў» (bridges), сярод якіх заўсёды можна адшукаць працоўны — нават у Кітаі.
Але калі адключаць увесь зьнешні трафік або мабільную сувязь і ўвесь доступ у інтэрнэт, «рабіць больш няма чаго», кажа ён. Bluetooth-мэсэнджары «маюць сэнс пры высокай ступені самаарганізацыі» і пры ўмове, што ня будуць глушыць частату, на якой яны працуюць.
«Калі гэта вуліца і ёсьць высокая самаарганізацыя, але мабільнай сувязі няма — то гэта mesh-сеткі, у якія ўключаюцца розныя Bluetooth-мэсэнджары, — кажа ён пра рашэньне пры адключэньні інтэрнэту і мабільнай сувязі. — Шчыльнасьць вузлоў у такой mesh-сетцы таксама важная. Досыць складана ўявіць нармальную працу такой сеткі, калі людзі пашыхтаваныя ў шэраг уздоўж дарогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мабільныя апэратары А1 і МТС: Падчас мітынгу Ціханоўскай у Менску «была павышаная нагрузка на сетку»
А калі інтэрнэт зусім адключаць?
Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta, юрыст і праваабаронца Аляксей Казьлюк на падставе беларускага досьведу і матэрыялаў міжнароднай кампаніі Access Now разглядае тры магчымыя сцэнары абмежаваньня інтэрнэту:
- блякаваньне асобных сайтаў;
- адключэньне інтэрнэту (лякальна або па ўсёй краіне);
- наўмыснае замаруджваньне доступу ў інтэрнэт (throttling).
У Беларусі пакуль сутыкаліся з блякаваньнем сайтаў і лякальным адключэньнем мабільнай сувязі. Апошнім часам відаць і прыкметы замаруджваньня інтэрнэту, хоць гэта цяжка адсачыць і адрозьніць ад простых паломак — трэба мець інфармацыю ад апэратараў сувязі. Штосьці падобнае да гэтага заўважалі практычна на кожнай з апошніх масавых акцыяў.
Калі проста абмяжоўваюць хуткасьць доступу, кажа Казьлюк, тэкставыя паведамленьні адсылаюцца, але відэатрансьляцыі працаваць ужо ня будуць ні на загрузку, ні на прагляд. У такіх выпадках, разважае ён, можна або проста адмовіцца ад прагляду «цяжкага» кантэнту, каб даць больш каналу для журналістаў, або спрабаваць падключыцца да публічных WiFi-сетак — асабліва калі людзі ў дамах паблізу вырашаць адкрыць сваю сетку для ўсіх ахвочых.
Mesh-сеткі і мэсэнджары кшталту Bridgefy і FireChat ён называе «радыкальным мэтадам» і сумняецца ў іх практычнай эфэктыўнасьці: так, карыстаючыся імі, можна заставацца на сувязі нават без падключэньня да інтэрнэту, але для працы ім патрэбная масавасьць, а карыстальнікаў пакуль бракуе. Трэба правесьці вельмі маштабную асьветніцкую кампанію, каб нешта зьмянілася.
Казьлюк кажа, што ня мае ўнівэрсальных парадаў на выпадак, калі інтэрнэт адключаць на акцыі пратэсту: трэба глядзець на сытуацыю. Але ён раіць фіксаваць такія выпадкі і паведамляць пра іх праваабаронцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем«Мне падабаецца трэнд гэтай электаральнай кампаніі, калі людзі спрабуюць выкарыстоўваць законныя мэтады, скаргі для абароны сваіх правоў, — кажа Казьлюк. — У заканадаўстве не прадугледжаныя адключэньне і замаруджваньне інтэрнэту. Прыпыняць ці абмяжоўваць працу сетак улады могуць толькі падчас надзвычайных сытуацыяў ці ваеннага стану згодна з артыкулам 21 закону „Аб электрасувязі“. А проста так — нельга, гэта парушэньне кантрактных абавязаньняў апэратараў, і ў цяперашніх абставінах у дзяржавы няма на гэта паўнамоцтваў».
Гарантыяў безумоўнага доступу да інтэрнэту таксама няма ў Канстытуцыі і заканадаўстве, але, мяркуе юрыст, адключэньне можа разглядацца як парушэньне свабоды слова і свабоды інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў