Група дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту выступіла з заявай, у якой заклікала кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі зьняцца з выбараў.
У заяве адзначаецца, што пад рэальную пагрозу незалежнасьць Беларусі паставіла палітыка Аляксандра Лукашэнкі — адсутнасьць рэформаў, эканамічны крызіс, аднабаковая вайскова-палітычная арыентацыя на Расею, канфлікт з дэмакратычным сьветам.
«Сувэрэнітэт дзяржавы, відавочна, ня можа абапірацца на непрадказальнага дыктатара, на сілавыя структуры, выхаваныя ім у непавазе да ўсяго беларускага. Гарант і абаронца сувэрэнітэту — сьвядомы і свабодны народ. Для шматлікіх грамадзян Беларусі пытаньне нашай гістарычнай памяці, нацыянальнай мовы, нацыянальнай сымболікі ня можа быць дыскусійным. Аднак іх свабодную волю пасьлядоўна душыць антыдэмакратычная ўлада».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 700 затрыманых, 25 палітвязьняў, 63% забракаваных подпісаў. 10 гучных лічбаў сёлетняй выбарчай кампанііБылыя дэпутаты зьвяртаюць увагу на рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў падчас выбарчай кампаніі — «у тым ліку з удзелам невядомых людзей без уніформы і знакаў адрозьненьня, што, па сутнасьці, зьяўляецца тэрарызмам і разбоем».
У заяве падкрэсьліваецца, што ў рэальных апазыцыйных палітычных структурах і ў грамадзтве ў цэлым няма сілаў, якія жадаюць гвалту ў якой бы там ні было форме. «Любыя правакацыі гвалтоўнага характару будуць зыходзіць не ад апазыцыі. Усе дзейныя палітычныя структуры і штабы павінны пра гэта публічна заявіць і заклікаць людзей быць пільнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 314 чалавек затрымалі падчас пратэстаў супраць нерэгістрацыі кандыдатаў. СьпісПадпісанты заявы, пасьля нерэгістрацыі часткі прэтэндэнтаў у якасьці кандыдатаў, заклікаюць усіх іншых кандыдатаў, «якія ўсьведамляюць адказнасьць за будучыню краіны», зьняць свае кандыдатуры.
«Пачатак кампаніі, якую ўлады назвалі „выбарчай“, яскрава прадэманстраваў, што выбараў у нас у краіне па-ранейшаму няма. Іх ня будзе і 9-га жніўня! Сама канцэпцыя „моцнага прэзыдэнта“ ў Беларусі абсалютна дыскрэдытавала сябе, і ў пэрспэктыве мы бачым неабходным вяртаньне Беларусі да парлямэнцкай рэспублікі. Падчас свабодных выбараў мы падтрымаем кандыдата, які будзе ініцыяваць такое паэтапнае вяртаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра Лукашэнку: «Зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, не прымусіш сябе любіць»Заяўнікі патрабуюць прызначэньня новых выбараў прэзыдэнта Беларусі, «з поўнай празрыстасьцю ўсяго працэсу, уключаючы ўдзел у выбарчых камісіях, дэмакратычнасьць агітацыйнага пэрыяду і поўнае выключэньне нікім не кантраляванага датэрміновага галасаваньня». Яны таксама падкрэсьліваюць, што любыя міжнародныя дамовы, зьвяртаньне па сілавую падтрымку да іншых дзяржаў «у пэрыяд нелегітымнасьці ўлады, які ўжо фактычна распачаўся, ня могуць ажыцьцяўляцца ад імя беларускага народу — адзінай крыніцы дзяржаўнай улады — і зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі».
Заяву падпісалі былыя дэпутаты Мікола Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Уладзімір Заблоцкі, Лявон Зданевіч, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў.